Днямі менчукі заўважылі на помніку славутаму паэту Адаму Міцкевічу ў цэнтры сталіцы сьляды блакітнай фарбы, якія нагадвалі сьлёзы. У чацьвер, 23 лістапада, камунальныя службы Менску вярнулі помніку першасны выгляд.
Паводле зьвестак «Эўрарадыё», фарба зьявілася на помніку не пазьней за панядзелак, 20 лістапада. Ніхто публічна ня ўзяў на сябе адказнасьці за «сьлёзы».
Старшы інспэктар групы дакумэнтаабароту і кантролю работы са зваротамі грамадзянаў адміністрацыі Маскоўскага раёну сталіцы Алена Сьвідуновіч паведаміла Свабодзе, што ў сераду ўвечары раздрукавала фота помніка Міцкевічу са сьлядамі блакітнай фарбы і паклала іх на стол намесьніка кіраўніка адміністрацыі Арцёма Лабко. Ён курыруе пытаньні ЖКГ, добраўпарадкаваньня раёну.
«Справа на кантролі, у чацьвер размаляваны помнік павінны правесьці ў належны стан», — сказала Сьвідуновіч.
Сёньня пасьля 11-й раніцы карэспандэнт Свабоды стаў відавочцам таго, яка камунальныя службы ачысьцілі помнік ад фарбы, вярнуўшы яму першасны выгляд.
Помнік народжанаму ў Беларусі клясыку паўстаў ў Менску ў 2003 годзе зь ініцыятывы польскай дыяспары. Ягоныя аўтары — Аляксандар Фінскі, Андрэй Засьпіцкі і Георгі Фёдараў.