Варкута. Горад, дзе я пайшла ў першую клясу. Апошні урок. Настаўніца паклікала да сябе.
— Ідзі ў настаўніцкую. Прыйшлі госьці з радыё, пагутары зь імі.
— Аб чым?
— Табе будуць задаваць пытаньні — ты адказвай.
Ня памятаю даслоўна нашай гутаркі, але нешта пра школу, маю вучобу…
Дома мама распавяла, што сустрэла ў краме настаўніцу. Тая кажа: «Вось вы тутака ў чарзе стаіце, а ваша дачка цяпер па радыё выступае». Людзі, усьміхаючыся, глядзелі на маму, а яна ганарылася. Але сямігадовай дзяўчынцы больш важны быў добры настрой маці: адпусьціць даўжэй пагуляць!
З гадамі я зразумела, штó тады было больш важным: МАЁ ПЕРШАЕ ІНТЭРВІЮ НА РАДЫЁ!
Вікторыя Грыніна
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org