Берасьце (афіцыйна: Брэст; раней: Brześć nad Bugiem і Брэст-Літоўск) славіцца сваёй крэпасьцю, пабудаванай ў XIX стагодзьдзі. Многія ключавыя падзеі XX стагодзьдзя адбываліся ў гэтым невялікім горадзе. Тут у 1918 годзе быў падпісаны Брэст-Літоўскі мір. 20 гадоў Берасьце належала Польшчы. 14 верасьня 1939 году яно было занятае нямецкімі войскамі, а 22 верасьня, у адпаведнасьці з савецка-нямецкім плянам падзелу Польшчы, было перададзенае 29-й танкавай брыгадзе Чырвонай арміі падчас імправізаванага параду. 22 чэрвеня 1941 году горад атакавалі нямецкія войскі. Абарона Брэсцкай крэпасьці стала легендарнай. У ліпені 1944 году горад быў вызвалены савецкімі войскамі і ўвайшоў у склад Беларускай ССР.
Архітэктар зь Менску Андрэй Далгоўскі калекцыянуе фатаграфіі і дакумэнты, зьвязаныя з гісторыяй гэтага гораду. У Музэі незалежнасьці ў Варшаўскай цытадэлі ад траўня па лістапад 2017 году адчкрытая выстава сабраных ім фотаздымкаў, зробленых у Берасьці ў 1919–1939 гадах. Андрэй Далгоўскі распавёў Свабодзе пра сваю калекцыю.
— Андрэй, вы нарадзіліся ў Менску, і з вашай сямейнай гісторыяй Берасьце не зьвязанае. Чаму вы сталі зьбіраць дакумэнты пра гэты горад?
— Прыцягвала разнастайнасьць падзей, роля Берасьця ў гісторыі. Я зь дзяцінства захапляўся фартыфікацыі, а там ёсьць цікавыя фартыфікацыйныя аб’екты. Дзякуючы таму, што там адбывалася шмат гістарычна значных падзей, гэтае месца мае сваю энэргетыку. Яно прыцягвае людзей ня толькі зь Менску: прыяжджаюць вывучаць Брэсцкую крэпасьць людзі з розных краін.
— У вас салідная калекцыя, зь якой для кнігі і выставы выкарыстана больш за 200 фотаздымкаў. Якія вы лічыце самымі каштоўнымі?
— Фотаздымкі раньняга пэрыяду ўсталяваньня ў Берасьці польскай улады, 1919–1920 гады. Вельмі каштоўна, калі атрымоўваецца на непадпісаных, неідэнтыфікаваных фотаздымках распазнаць гістарычна значных пэрсанажаў або аб’екты, якія не захаваліся да нашага часу.
— Ці складана адшукаць такія фатаграфіі? Вы купляеце іх на аўкцыёнах або знаходзіце ў Берасьці ў сямейных архівах?
— Цяжка зь сямейнымі архівамі, таму што людзі часьцей за ўсё ў Берасьці не заставаліся. Многія загінулі падчас Другой сусьветнай вайны, многія эмігравалі. У большасьці выпадкаў гэта пошук у іншых краінах — у Польшчы, у Нямеччыне. Самыя далёкія краіны, адкуль прыходзілі фатаграфіі, — Злучаныя Штаты і Аўстралія. То бок крыніцы розныя. Калі ў кагосьці засталіся фотаздымкі або арыгінальныя дакумэнты, я тлумачу, для якіх мэтаў патрэбна гэтая інфармацыя, як яна будзе выкарыстоўвацца. Асобная крыніца папаўненьня калекцыі — розныя інтэрнэт-пляцоўкі, аўкцыёны, крамы.
Цалкам чытаць размову тут.