У гэтыя дні шмат пішуць пра рэпрэсіі сталінскіх часоў, сотні тысяч расстраляных, мільёны высланых і незаконна асуджаных. Такіх самых, як Алесь Юркойць. Пры поўным фармалізьме суду, татальнай хлусьні і прыцэльным кантролі з боку КДБ.
Пачатак ТУТ
Не, ня буду я перакладаць назву гэтай установы. КГБ. Кей-джы-бі. KGB — самая страшная абрэвіятура ў сьвеце, якую нідзе ў сьвеце і не перакладаюць. Нічога дзяржаўнага і беларускага там няма — усё наадварот. Бо і сядзіць Юркойць за сваю беларускую актыўнасьць. Як «хабарнік» — дакладна так, як тыя сотні тысяч былі рэпрэсаваныя за антысавецкую агітацыю і расстраляныя як польскія шпіёны. Доказамі там, у кэй-джы-бі не замарочваліся. Доказы выбівалі катаваньнямі. Калі доказы не выбіваліся, дастаткова было даносаў (даносы таксама выбіваліся). І што зьмянілася? Ды абсалютна нічога. Той самы кей-джы-бі, тыя самыя «суды», тыя самыя «экспэрты».
На працэсе ашмянскіх мытнікаў адвакат аднаго з падсудных — Дзьмітрыя Курневіча — бліскуча давёў бяздоказнасьць экспэртнага заключэньня пра голас з запісанай тэлефоннай размовы. Аказваецца, экспэрты могуць хлусіць. А калі й ня хлусяць, гэта нічога не мяняе. У тым выпадку экспэрты заключылі, што таго фрагмэнту запісу, які ім далі з КГБ, недастаткова, каб напэўна сказаць, што голас належыць Курневічу. А суду аказалася дастаткова. За гэта падсудны атрымаў 11,5 гадоў турмы. Калі б Лукашэнка загадаў судзіць іх не як хабарнікаў, а як шпіёнаў, была б вышэйшая мера пакараньня. Яна ж у нас таксама нікуды ня зьнікла. Нічога не зьмянілася. І выканалі б яе з той самай непазьбежнасьцю, зь якой судзьдзя Супрун даў Юркойцю сем гадоў турмы, зь якой Васілій Блахін расстрэльваў польскіх афіцэраў у Катыні.
Блахіна я таксама рытуальна ўзгадваю кожны год 29 кастрычніка. Ня ведаю, ці дабраўся ён урэшце да кнігі рэкордаў Гінэса, але права такое заслужыў сабе дакладна. Чэкіст Васілій Блахін уласнаручна расстраляў з пісталета пятнаццаць тысяч чалавек. А вы б маглі? Не сумняваюся, што ў КГБ РБ такія ўмельцы не перавяліся. Пасьля дня цяжкай працы Васілію і таварышам прыносілі два вядры сьпірту. Адным яны мыліся (хоць пах крыві і мазгоў адмыць было немагчыма), а другое прымалі ўнутр — ад стрэсу.
Калі Сьледчы камітэт заявіў, што ўсе пашкоджаньні на целе салдата Коржыча — ад пятлі, якой ён нібыта засіліўся, пры тым, што маці кажа пра дзіркі на целе і ззаду і сьпераду і ў галаве, я больш ніколі не паверу гэтаму камітэту і ягоным «экспэртам», чыю хлусьню так яскрава выкрыў на мытным судзе курневіцкі адвакат. Як ніколі ўжо не паверу гэтым судам пасьля працэсу над Юркойцем з калегамі. Ну, а пра давер да кей-джы-бі не было гаворкі ад пачатку — зь першага знаёмства ў студэнцкія гады.
Так выйшла, што мой мінулы тэкст быў радасны. Я адчуў, як шырока адраджаецца беларускае натхненьне ў грамадзтве. Але думаючы пра гэта, ня трэба забываць, што дзяржаўныя органы засталіся тыя самыя, сталінскія. І хай амплітуда іх бесчалавечнасьці нас не падманвае сваімі мінімальнымі праявамі. Яна заўсёды можа ўзьняцца да «головокружения от успехов» і да новых подзьвігаў рэкардсмэна Васілія Блахіна.
Працяг ТУТ
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.