Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таемнае прадчуваньне (толькі для сяброў)


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Нешта такое я адчуў сёлета ў жніўні на першым паэтычным пленэры Тацяны Сапач у Маркаве. Паэтаў прыехала няшмат, але – ніводнага графамана (чаго я пабойваўся).

Адчуў, але не адразу зразумеў, што гэта. Можа гэта?

Нешта падобнае было ў канцы 1980-х, калі адразу прыйшло столькі адборных паэтаў, што іх можна было назваць пакаленьнем. Тое самае ў музыцы – раптам аднекуль дзясятак зорных гуртоў першае велічыні. Сёньня, калі слухаю за стырном «Ведай нашых», у мяне падобнае маркаўскае адчуваньне. Адразу – узровень. У тэатар куды ні пайду – не шкадую. А што робіцца ў музэях – Купалаўскім, Броўкі… А ў школьніцтве… А кнігі… У журы прэміі Гедройця за месяц прачытаў тры дзясяткі кніг. І кніг пяць «ня ўлезьлі» ў лонг-ліст толькі таму, што аўтары – не фаварыты, але былі цалкам вартыя таго. Затое ў нас ёсьць рэальна модныя пісьменьнікі. Цяпер вось гэтая Ноч паэтаў, (Не) расстраляная паэзія… Колькі народу ўдзельнічае.

Натуральна, усё гэта ні разу ня мае дачыненьня да палітычнага рэжыму. Усё робіцца само, калі не насуперак палітыцы ўладаў. У 1980-я такіх называлі «нефармаламі».

Усяго не пералічыш, як ні старайся. А колькі па-за сталіцай. Лекцыі, на якія прыходзяць людзі, Мова-нанова, мэдыі, сеціва – толькі тое, што сходу ўсплывае ў галаве, але ахопленае тым самым маркаўскім духам. Дакладней, прадчуваньнем. Тым самым, што было напрыканцы 1980-х.

Нехта з паэтаў (баюся памыліцца хто) тады сказаў: Ня я пішу вершы, вершы пішуцца мною. Маўляў, мною як інструмэнтам іх піша нехта вышні. Проста час быў пасіянарны. Гэта ён аб’яднаў усё адзіным драйвам, адзіным джазам, адзінай прухай, ператварыўшы ў адну субстанцыю беларускага натхненьня. Пазьней, выйшаўшы ў грамадзкую сфэру, гэтае натхненьне натхніла на незалежнасьць краіны. Пасьля былі тры гады свабоды… Потым гэтая субстанцыя была сьціснутая, згвалтаваная, урэшце прыдушаная ў Менскую вясну 1996 году. 20 гадоў «жэстачайшых» выпрабаваньняў для жывой беларускай культуры, 20 гадоў тупікоў і прорваў, роспачы і расчараваньня, сьмерцяў і эміграцыі…

І вось нарэшце — яно, прадчуваньне пасіянарнага часу. Зноў. Толькі ў канцы 1980-х гэта былі сотні асобаў, падзеяў і твораў у розных сфэрах беларушчыны, якія зьліліся ў агульнай энэргіі, а сёньня іх у шмат разоў болей і ўвесь гэты рух нашмат шырэйшы. Хто б тады мог уявіць сабе фільмы на вялікім экране з прафэсійным беларускім дубляжом ці такую зьяву як бум вышыванак…

Так, рух — вось субстанцыя, у якую злучаюцца ўсе ініцыятывы, калі настае пасіянарны час. Гэты рух адчуваеш амаль фізычна. Мабыць, яго я і адчуў у Маркаве і з таго часу гэта не пакідае мяне.

Толькі ц-с-с-с. Нікому не кажыце.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG