На карцінах Італьянскага Адраджэньня ўсё падобна да балету, кажа ў музэі мама.
Рэвэранс Габрыэля, дасканала адрэпэтаваны.
Мадонна чакае лілею, у грацыёзным пліе.
Стрункія сьпіны, разгорнутыя плечы, танцавальныя ногі сьвятых у яркіх трыко — батман!
Язэп вядзе восьліка — абодва нібыта на пуантах.
Па-дэ-труа Трох Каралёў у раскошных строях.
У тэатральных аблоках лунае кардэбалет анёлаў.
Ня дзіва, якраз тады і ўзьніклі balletti — танцавальныя спэктаклі пры двары Мэдычы. Некалькі інсцэнізаваў Рафаэль Санці, а Леанарда да Вінчы стварыў дэкарацыі для вялікай імпрэзы.
У нейкім сэнсе, гэтыя палотны — геніяльныя афішы 15-га стагодзьдзя да балетаў аб прыгодах біблейскіх герояў, сьвятых і антычных грацыяў.
Аляксандра Макавік
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org
Часовая зьмена: ад 18 верасьня да 31 кастрычніка 2017 рубрыка «100 словаў» будзе абнаўляцца тры разы на тыдзень замест звычайных шасьці.