У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі пройдзе выстава «Ленін’17» да 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Адкрыцьцё заплянаванае на 25 кастрычніка, паведамілі агенцтву БелТА ў самім музэі.
У экспазыцыі 12 жывапісных палотнаў, 7 скульптур і 2 прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва беларускіх і расейскіх мастакоў.
Так званая «ленініяна» была дамінантнай тэмай для мастакоў у часы СССР, у запасьніках музэяў засталося шмат такіх твораў. Маляваць партрэты Леніна дазвалялася выбраным мастакам, за гэтыя творы дзяржава плаціла вялікія ганарары.
У Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі ленінскі міт у беларускім мастацтве пакажуць у працах Анатоля Шыбнева, Валянціна Волкава, Уладзімера Стальмашонка і іншых. Ніхто з прадстаўленых на выставе мастакоў не маляваў Леніна з натуры.
***