Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «ДНР» яшчэ не ўключылі батарэі


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Тэлефанавалі родным у «ДНР». Настрой па-ранейшаму дэпрэсіўны. Тры з паловай гады. Але трэба аб нечым размаўляць. Аб чым? Аб звычайных рэчах. Што там яшчэ ацяпленьне не ўключалі, што бульбу вырашылі не нарыхтоўваць гэтым разам, што мара некалі трапіць у Беларусь, пабачыцца…

Расейскія аналітыкі разважаюць сёньня: Эўропа не прызнала б асобнай Каталёніі ў любым разе, бо тым самым аўтаматычна будзе прызнаны Крым. Хаця ім зразумела, што выпадкі розныя. Каталёнцы — асобны народ, «крымцы» такім народам не зьяўляюцца, як і «данбасцы». Каталёнцы галасавалі за свой выбар. Каб жыць асобна. У Крыме была ажыцьцёўлена вайсковая апэрацыя суседняй дзяржавай. З мэтай далучыць паўвостраў. «ДНР» з «ЛНР» таксама прагнулі на расейскія хлябы. Так што мова проста пра перадзел тэрыторый.

Усім гэта зразумела. Але на дзень нараджэньня Пуціна ў Барсэлёне паявілася графіці з пуцінскай цытатай: «Кожны мае права на самавызначэньне». Аднак што яна азначае? Нішто. Гэта пустыя словы. У чым было самавызначэньне Крыму? Каб стаць адным з рэгіёнаў Расеі? Другое: Пуцін пачаў сваю кар’еру з адваротнага — жорстка не дапусьціў да самавызначэньня чачэнцаў, «каб не дапусьціць да развалу Расеі». Развал Украіны, значыць, больш даспадобы. Дык чаго тады вартыя словы падобнага палітыка? Якая іхняя вага? Калі на сьнеданьне ён за самавызначэньне народаў, а на падвячорак — жорстка супраць? Альбо наадварот, якая розьніца? «Самавызначыўшы» крымцаў, перайшоў да самавызначэньня «народу Данбасу». Разьня, кажа, пачнецца, калі Ўкраіне вярнуць. А не разьня — дзесяць тысяч забітых у канфлікце, разьвязаным расейскім бокам?

Мы гэта ня мы, нас там няма, завучана далдоняць расейскія прадстаўнікі, калі мова пра «ДНР» і «ЛНР». Пазыцыя, нібы, бяспройгрышная. Для іх. Яна не дае магчымасьці штосьці зрушыць, ня кажучы пра зьмены. Яна нібы зьвязвае рукі ўсім іншым, хто хоча, каб жыцьцё ў Данбасе зноў стала мірным, каб была адноўленая тэрытарыяльная цэласнасьць Украіны.

У гэтым дэпрэсіўным, што датычыць Данбасу, становішчы можа пацешыць хіба што толькі выразная пазыцыя Штатаў. Спэцпрадстаўнік Дзярждэпартамэнту па Ўкраіне Курт Волкер даў інтэрвію «Газете.Ru». Ім былі сказаны прынцыповыя рэчы.

Расея супрацівіцца: увесь час гаворыць пра патрэбу забясьпечыць рускамоўнаму насельніцтву бясьпеку. Яна лічыць гэта сваім козырам. Аднак Курт Волкер выразнай мовай абвяргае гэты надуманы аргумэнт, гаворачы: «З гэтым мы таксама згодныя. Праблема ў тым, што адзінае месца ва Ўкраіне, дзе рускамоўнае насельніцтва падвяргаецца небясьпецы, — гэта там, дзе знаходзяцца расейскія войскі».

Курт Волкер удакладняе сваё бачаньне пытаньня: «На мой погляд, сытуацыя ў наступным. Згодна артыкулу 51 Статуту ААН, кожная краіна мае права абараняцца. Адзіныя баявыя дзеяньні, якія цяпер адбываюцца, ідуць на тэрыторыі Украіны. Я думаю, што краіна мае права абараніць сябе». Ён дадаў: «Мне здаецца, Расея занадта далёка зайшла з вайсковай прысутнасьцю ва Ўкраіне, усталяваньнем кантролю над яе тэрыторыямі». І — наконт агульнай пазыцыі Вашынгтону: «Мы хочам, каб Расея дапамагла дамагчыся міру ва Ўкраіне, вывела свае сілы, і мы хочам, каб выконваліся Менскія дамоўленасьці».

Амэрыканскі прадстаўнік зазначае, што магчымасьць эскаляцыі застаецца ў гэтай сытуацыі ўвесь час: «У Расеі шмат людзей і тэхнікі ў зоне канфлікту. Войскі сканцэнтраваныя ўздоўж лініі судакрананьня». Кожныя тры дні гіне адзін украінскі жаўнер, падкрэсьлівае ён.

Пад заслону расейскі журналіст завастрае пытаньне наконт прысутнасьці расейскіх войскаў у Данбасе: Расея абвяргае, чаму ЗША не прадставілі доказаў?

Курт Волкер адказвае: існуе мноства інфармацыі на гэты конт. «Так што сьцьверджаньне аб тым, што Расея кіруе і кантралюе ўзброеныя сілы на ўсходзе Ўкраіны, не выклікае сёньня ніякіх сумненьняў. І мне не здаецца, што ЗША павінны прадстаўляць нейкія доказы дзеля пацьвярджэньня гэтага».

Коратка і ясна. На жаль, усё залежыць толькі ад самой Расеі. А ёй патрэбны канфлікт у Данбасе. Так што мы па-ранейшаму ў няведам’і, калі зможам убачыцца з роднымі, якія ня маюць магчымасьцяў, сродкаў, каб зьмяніць месца жыхарства, уцячы з «ДНР». Зьдзіўляе, што кіраўнік аднаго дэмакратычнага расейскага СМІ заяўляе сёньня: больш за мільён незадаволеных пакінуў Данбас, «астатнія за сэпаратыстаў», перакананы ён. Аднак насельніцтва заўсёды вымушана падтрымліваць акупацыю, так заўжды было. Бо куды яму інакш падзецца? Як выжыць? Калі ўлада — у славэтнага чалавека з ружжом?..

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG