Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарам Бараўлянаў не даюць пратэставаць супраць высяканьня 5 гектараў лесу


Пасёлак Бараўляны пад Менскам хочуць пакінуць бязь лесу
Пасёлак Бараўляны пад Менскам хочуць пакінуць бязь лесу

Ініцыятыўнай групе за ўратаваньне ад высяканьня 5 гектараў лесу ў Бараўлянах пад Менскам ужо адмоўлена ў дзьвюх з трох акцый, якія яны плянавалі на першую дэкаду кастрычніка. Пра гэта Свабодзе паведамілі актывісты мясцовага супраціву.

Па-першае, 6 кастрычніка жыхары зьбіраліся ачапіць «жывым ланцугом» лясны масіў, прызначаны пад зьнішчэньне. Па-другое, хацелі сабраць мітынг каля Бараўлянскага сельскага выканкаму. Па-трэцяе, арганізаваць пікетаваньне Менскага раённага выканаўчага камітэту. На ўсе гэтыя акцыі былі пададзеныя заяўкі ў выканаўчыя органы ўлады.

Забарона на пікеты і «жывыя ланцугі»

Як расказаў адзін з ініцыятараў абароны лесу Іван Вайтовіч, напярэдадні прыйшлі адразу дзьве адмовы — на жывы ланцуг і збор удзельнікаў каля сельсавету. Няшмат спадзяваньняў і на тое, што будзе дазволена пікетаваньне райвыканкаму.

Паводле суразмоўцы, усіх заяўнікаў прэвэнтыўна наведаў мясцовы ўчастковы і азнаёміў зь мерамі адказнасьці «за арганізацыю масавага мерапрыемства без адпаведнага дазволу».

У такой сытуацыі ініцыятыўная група разглядае альтэрнатыўны варыянт збору — суботнік дзеля добраўпарадкаваньня тэрыторыі 7 кастрычніка.

Жыхары Бараўлянаў даводзяць сваю пазыцыю забудоўніку
Жыхары Бараўлянаў даводзяць сваю пазыцыю забудоўніку

Супраць чаго пратэстуюць у Бараўлянах

Жыхары Бараўлянаў, Лескаўкі, Ляснога і Досьледнага пратэстуюць супраць высяканьня лесу каля іхных дамоў, а таксама намераў збудаваць на вызваленым месцы абʼекты сацкультбыту.

Пры гэтым яны не адмаўляюць, што інфраструктуру паляпшаць неабходна, але лічаць, што ўзводзіць дзіцячыя садкі, школы, паліклінікі трэба побач з ужо абжытымі дзялянкамі, а не на месцы зьнішчанага лесу. Такіх участкаў, на іх перакананьне, больш чым дастаткова вакол ужо асвоеных тэрыторый.

Пакуль аргумэнты грамадзкасьці застаюцца непачутымі, геадэзісты пачалі браць у лесе пробы грунту, рыхтуючыся да пачатку будаўнічых работ, а таксама пазначылі фарбай дарослыя дрэвы — звычайна так робяць перад «прарэджваньнем» пасадкі.

Расьцяжка на доме супраць высяканьня лесу і
Расьцяжка на доме супраць высяканьня лесу і

На знак пратэсту людзі пачалі вывешваць на ўласных дамах плякаты ў абарону прыроды, а таксама зьбіраць подпісы за перагляд горадабудаўнічых плянаў.

Высокі лябіст народнага супраціву

Напярэдадні народны супраціў нечакана падтрымаў Аляксандар Лукашэнка. Падчас нарады, прысьвечанай праекту новага Жыльлёвага кодэксу, ён абурыўся неабгрунтаваным ушчыльненьнем забудовы на месцах лесапасадак і лясных масіваў, назваўшы гэта «форменным разбоем».

Лукашэнка даручыў сваёй службе бясьпекі і Камітэту дзяржкантролю ў самыя сьціслыя тэрміны разабрацца з гэтым пытаньнем. "Вы саджалі гэтыя дрэвы, каб іх пілаваць? — запытаў Лукашэнка, але так і не пачуў адказу.

Ці дапаможа высокае ўмяшаньне прыпыніць адладжаны мэханізм, жыхары Бараўлянаў ня ведаюць, але на гэта прынамсі спадзяюцца. Яшчэ раней яны падрыхтавалі аб’ёмісты пакет пытаньняў і прапановаў, які накіравалі сваім дэпутатам, а таксама ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, Камітэт дзяржкантролю і Менаблвыканкам.

Багата дрэваў вызначана пад ліквідацыю
Багата дрэваў вызначана пад ліквідацыю

Падпісанты настойваюць на захаваньні лесапаркавай зоны, тым больш што гэта замацавана цяперашняй рэдакцыяй генэральнага пляну пасёлку.

Праектныя інстытуты, якія працавалі над карэктаваньнем горадабудаўнічага праекту, нейкага абгрунтаваньня функцыянальнай зьмены гэтай тэрыторыі не агучвалі. А значыць, або заказчыкі і забудоўнікі дзейнічаюць самавольна, або пад прыкрыцьцём зацікаўленых асобаў і ўстановаў.

Будаўнічыя работы яны заклікаюць весьці непасрэдна ў раёне кампактнага пражываньня насельнікаў Бараўлянаў, Лескаўкі, Ляснога і Досьледнага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG