Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зьмяніў міністраў інфармацыі, культуры і чатырох рэктараў


Новым міністрам інфармацыі прызначаны Аляксандар Карлюкевіч, а міністрам культуры — Юры Бондар.

Лукашэнка дазволіў студэнтам быць вальнадумнымі, а міністру інфармацыі забараніў памыляцца​

Новы міністар інфармацыі: былы вайсковец, кіраўнік дзяржаўных холдынгаў

Апошнія два гады Аляксандар Карлюкевіч працаваў намесьнікам міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, якая кіравала Мінінфармам ад ліпеня 2014 году.

Карлюкевічу 53 гады, ён родам зь вёскі Зацітава Слабада на Меншчыне. Выпускнік Львоўскай вышэйшай вайскова-палітычнай вучэльні, ён служыў у войску ў афіцэрскім рангу, працаваў у газэтах «Во славу Родины», «Ленінец», «Культура», «Звязда», «Чырвоная змена» і інш.

Аўтар шэрагу дзіцячых і краязнаўчых кніг, Карлюкевіч кіраваў холдынгам «Літаратура і мастацтва» (2006–2011), газэтай і выдавецкім домам «Звязда» (2011–2016). Атрымаў ад Лукашэнкі прэмію «За духоўнае адраджэньне», а ў 2014 годзе, разам з галоўным рэдактарам часопіса «Нёман» Алесем Бадаком — міждзяржаўную прэмію «Звёзды Содружества» і 56 тысяч даляраў за выданьне кніжнай сэрыі на расейскай мове «Сугучча сэрцаў» з творамі аўтараў з постсавецкай прасторы. Праект фінансаваўся Міністэрствам інфармацыі Беларусі, аўтаркай ідэі і каардынатаркай сэрыі была Лілія Ананіч.

Пры Карлюкевічу ў «Звяздзе» зьявіўся расейскамоўны дадатак «Союз — Евразия».

«Права на памылку ў вас няма. Горш працаваць у Міністэрстве інфармацыі мы не павінны. Калі там ёсьць нейкія недахопы, гэта і ваша віна: вы не радавым чалавекам там былі, а працавалі намесьнікам», – цытуе словы Лукашэнкі, адрасаваныя Карлюкевічу, БелТА.

Чым зараз зоймецца Лілія Ананіч, пакуль невядома.

Новы міністар культуры: палітоляг, рэктар, дэпутат

44-гадовы мянчук Юры Бондар зьмяніў на пасадзе міністра культуры Барыса Сьвятлова, які кіраваў міністэрствам амаль пяць год.

Кандыдат палітычных навук, Бондар зрабіў карʼеру ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, прайшоўшы шлях ад выкладчыка да рэктара (з 2013 году). У 2014 годзе ён стаў дэпутатам і намесьнікам старшыні Менгарсавету.

«Усіх тых, хто перашкаджае працаваць, трэба проста пазбавіць усялякага ўплыву на творчае асяродзьдзе і творчых работнікаў. Таму, як вы разумееце, права на памылку няма. Чакаць год-два, пакуль вы ўвойдзеце ў пасаду, радыкальна зьменіце сытуацыю, часу няма», — сказаў Лукашэнка Бондару пры прызначэньні, паведамляе БелТА.

Лукашэнка таксама прызначыў рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Андрэя Караля (раней працаваў рэктарам Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы). Таксама ён узгадніў прызначэньне Сяргея Харытончыка рэктарам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту, Дзяніса Дука — рэктарам Магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова, Максіма Кіркора — рэктарам Магілёўскага ўнівэрсытэту харчаваньня.

7 фактаў, якімі запомнілася Лілія Ананіч на пасадзе міністра інфармацыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG