7 пытаньняў пасьля вучэньняў «Захад 2017»
7 пытаньняў пасьля вучэньняў «Захад 2017»


Расейскія танкі «ішлі» маршам на Беларусь, Пуцін не прыехаў да Лукашэнкі, а расейскі верталёт страляў па сваіх. Свабода ўзгадвае здарэньні падчас вучэньняў «Захад 2017», а вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін тлумачыць, што за гэтым можа стаяць.

У дзень пачатку вучэньняў 14 верасьня Мінабароны Расеі паведаміла, што танкавая дывізія 1-й гвардзейскай арміі з Падмаскоўя ўзьнятая па трывозе і будзе перакінутая ў Беларусь. Растыражаваная расейскімі і беларускімі СМІ навіна выклікала рэакцыю. Прыкладны колькасны склад дывізіі — больш за 300 танкаў. Пры гэтым афіцыйна паведамлялася, што ў вучэньнях на тэрыторыі Беларусі возьмуць удзел толькі 180 танкаў.

Мінабароны Беларусі спачатку абвергла навіну ў камэнтарах журналістам, а потым выступіла з заявай, што ўся расейская вайсковая тэхніка, заплянаваная да ўдзелу ў вучэньнях на тэрыторыі Беларусі, ужо знаходзіцца ў краіне. А танкі з 1-й гвардзейскай арміі возьмуць удзел у вучэньнях на тэрыторыі Расеі.

Гэта не асабліва пераканала апазыцыйных актывістаў, і яны паехалі сустракаць танкавую калёну ў Воршу. Вайсковыя экспэрты загаварылі пра відавочную няўзгодненасьць дзеяньняў міністэрстваў абароны Расеі і Беларусі.

Аляксандар Алесін: «Мяркую, пасьля гэтага паведамленьня Мінабароны РФ у нашым вайсковым ведамстве ўсе былі моцна зьдзіўленыя. Ужо пазьней, калі пайшоў інфармацыйны шум, расіяне паблажліва расказалі, што едуць не ў Беларусь, а на адзін са сваіх палігонаў...Гэта быў інфармацыйны ўкід. Разьлік быў на тое, каб прасачыць за рэакцыяй. Псыхалягічны ціск на Захад».

Пасьля падпісаньня паміж Беларусьсю і Расеяй дамовы аб правядзеньні сумесных вайсковых вучэньняў кіраўнікі краін інспэктавалі іх сумесна. У 2009 годзе ў Беларусь прыяжджаў Дзьмітры Мядзьведзеў, які на той час выконваў абавязкі прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі. У 2013 годзе разам з Лукашэнкам інспэктаваў вучэньні Ўладзімір Пуцін.

За тыдзень да пачатку вучэньняў «Захад 2017» стала вядома, што гэтым разам ужо Лукашэнка наведае адзін з палігонаў у Расеі (як меркавалася, кіраўнікі краін сустрэнуцца на Лускім палігоне ў Ленінградзкай вобласьці). Аднак Пуцін назіраў за манэўрамі без Лукашэнкі 19 верасьня пад Санкт-Пецярбургам, а кіраўнік Беларусі празь дзень наведаў Барысаўскі палігон. Прэс-служба паведаміла, што запрашэньня наведаць расейскі палігон кіраўніку Беларусі не паступіла.

Аляксандар Лукашэнка патлумачыў, што першапачаткова плянавалася агульная з Пуціным інспэкцыя, але пасьля ад яе адмовіліся дзеля «шырэйшага ахопу». Лукашэнка таксама пажартаваў, што «калі снарад у адно месца, то адразу дваіх ня стане».

Аляксандар Алесін: «Думаю, што паміж кіраўнікамі краін намеціліся супярэчнасьці. Перадусім праз тое, што Расея пад вучэньнямі „Захад-2017“ разумее нешта іншае, чым Беларусь. Меркавалася, што асноўная частка вучэньняў павінна праходзіць у Беларусі. Але, наколькі бачна з паведамленьняў расейскіх СМІ, асноўная частка акурат адбываецца ў Расеі.

Таму напрошваецца думка, што Лукашэнка мог нават пакрыўдзіцца на Пуціна. Таму што ён не зьбіраўся раздуваць гэтыя вучэньні, палохаць суседзяў. Хацеў правесьці іх без асаблівага шуму і пылу... Быў вельмі сьціплы ў выказваньнях».

На другі дзень вучэньняў, 15 верасьня, недалёка ад беларускай мяжы здарыўся сур’ёзны авіяцыйны інцыдэнт — катастрофа стратэгічнага бамбавіка ТУ-22М3, самага сучаснага самалёта расейскай арміі з такой спэцыялізацыяй. Паводле афіцыйнай вэрсіі Мінабароны Расеі, бамбавік «з тэхнічных прычын выкаціўся за межы ўзьлётна-пасадачнай паласы». На апублікаваных фота відаць, што самалёт амаль цалкам зьнішчаны, ён моцна абгарэў. Абышлося без чалавечых ахвяр, лётчыкі пасьпелі ўратавацца.

Значна менш пашанцавала тым, хто празь дзень пасьля авіякатастрофы пад Калугай назіраў за стрэльбамі зь верталётаў на палігоне пад Санкт-Пецярбургам. На апублікаваным празь некалькі дзён відэа бачна, што баявы верталёт раптам выпускае ракеты проста па прыпаркаваных аўтамабілях, і гэтыя ракеты выбухаюць зусім побач з натоўпам людзей у форме. Паводле інфармацыі расейскіх СМІ, пуск ракет здарыўся выпадкова, некалькі чалавек пацярпелі і знаходзяцца ў лякарнях. Мінабароны Расеі назвала публікацыю відэа правакацыяй, аднак прызнала, што яно сапраўднае. Мінабароны Беларусі, у сваю чаргу, заявіла, што на палігоне пад Пецярбургам беларускіх вайскоўцаў не было. За тыдзень да афіцыйнага пачатку вучэньняў на гэтым жа палігоне ад выбуху танкавага снараду загінуў расейскі вайсковец.

Аляксандар Алесін: «На самых нават вельмі добра падрыхтаваных вучэньнях здараюцца інцыдэнты. ТУ-22 — гэта досыць стары самалёт, нават апошнія мадыфікацыі. Таму думаю, што тут магла быць няспраўнасьць тэхнікі, маглі проста не спрацаваць тармазы, ён выкаціўся ў поле і разламаўся. Гэта частая зьява. Што да абстрэлу верталётам, то думкі тут розныя. Але я схіляюся да таго, што тут чалавечы фактар. Дасьведчаныя лётчыкі мяркуюць, што выпадкова зрабіць такое немагчыма. Хутчэй за ўсё, лётчык захапіў ня тую цэль... Ахвяры на вучэньнях ёсьць практычна заўсёды».

Увечары 18 верасьня на вуліцах Менску нечакана зьявілася некалькі аўтамабіляў, размаляваных сымболікай расейскага руху НОД («Национальное освободительное движение»). Аўтакалёна, абвешаная георгіеўскімі сьцягамі і партрэтамі Пуціна, праехалася па цэнтры гораду, не сустрэўшы пры гэтым прэтэнзій з боку сталічнай ДАІ. Прадстаўнікі Менгарвыканкаму ня сталі камэнтаваць, ці быў атрыманы дазвол на акцыю. А вось старшыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы Сяргей Лепін сказаў, што расейскія актывісты зьбіраліся правесьці малебен у адным са сталічных храмаў, аднак атрымалі адмову, чым засталіся незадаволеныя.

Аляксандар Алесін: «Вакол вучэньняў адбываліся жорсткія інфармацыйныя кампаніі. Беларускі бок часта аказваўся не гатовы да іх. Мы не змаглі на афіцыйным узроўні адказваць на шматлікія пытаньні, якія цікавілі насельніцтва. Часта адказы былі фармальныя, нагадвалі адпіскі. Гэта сур’ёзны пракол. Тая ж гісторыя з танкавай дывізіяй не атрымала патрэбнага тлумачэньня».

18 верасьня ў афіцыйным акаўнце Гомельскага УУС у твітэры зьявілася інфармацыя пра затрыманьне міліцыянтамі групы расейскіх вайскоўцаў, якія падазраюцца ў групавым згвалтаваньні непаўналетняй жыхаркі Гомельскай вобласьці. Паведамленьне правісела ў стужцы ўсяго некалькі хвілін. Але карыстальнікі сацсетак пасьпелі зрабіць скрыншоты і распаўсюдзіць яго. Кіраўніцтва гомельскай міліцыі мусіла выступіць з афіцыйнай заявай аб узломе твітэр-акаўнта і абвергнуць інфармацыю пра затрыманьне расійскіх вайскоўцаў. Хто ўзламаў міліцэйскі твітэр і навошта, застаецца невядомым.

Аляксандар Алесін: «Я ня думаю, што такія рэчы адбываліся на афіцыйным узроўні. У інтэрнэце шмат розных групаў, своеасаблівых інтэрнэт-тэрарыстаў. Яны на ўласную рызыку вядуць тую барацьбу, якую лічаць патрэбнай. Спрабуюць стварыць хаос, ажыятаж. Я ня думаю, што такія паведамленьні маглі быць карысныя некаму з кіраўніцтва Беларусі альбо Расеі».

16 верасьня ў інтэрвію Associated Press старшыня Вайсковага камітэту NATO чэскі генэрал Пётр Павэл заявіў, што, нягледзячы на запэўніваньні Масквы ў міралюбівым характары вучэньняў «Захад-2017» і нескіраванасьці іх супраць NATO як ворага, Расея не раскрыла ў належнай ступені парамэтры манэўраў. У прыватнасьці, генэрал Павэл сказаў, што колькасьць задзейнічаных у вучэньнях вайскоўцаў — не 12 700, а дзесьці паміж 70 і 100 тысячамі. Ён дадаў, што назіраньні за вучэньнямі «Захад-2017» прыводзяць да высновы, што гэта падрыхтоўка да сур’ёзнай вайны.

А міністар нацыянальнай абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч 19 верасьня сказаў пра магчымасьць выкарыстаньня падчас вучэньняў атамнай зброі, а самі вучэньні назваў «найбольш агрэсіўнымі і шматфункцыянальнымі з усіх вучэньняў Расеі за апошнія 30 гадоў».

Заяў Пуціна і Лукашэнкі пра ход і вынікі вучэньняў ня так шмат, як меркаваньняў заходніх экспэртаў і афіцыйных асобаў. Уладзімір Пуцін хоць і наведаў адзін з палігонаў асабіста, але ніяк не пракамэнтаваў убачанае. Мінабароны РФ толькі паведаміла, што кіраўнік краіны ацаніў вучэньні «высока».

Аляксандар Лукашэнка, назіраючы за вучэньнямі «Захад-2017» на барысаўскім палігоне, быў больш шматслоўны.

«Мэты, якія ставіліся, дасягнутыя. Мы ўсе задачы цалкам рэалізавалі... Няхай жывуць спакойна на Захадзе. Мы ня будзем ваяваць супраць каго б там ні было, калі нас ніхто не кране. Гэта самая вялікая гарантыя», — сказаў ён.

Аляксандар Алесін: «Атрымалася, што на тэрыторыі Расеі і танкавыя дывізіі манэўравалі, і паветрана-дэсантныя вучыліся. Дывізія — гэта 10 тысяч чалавек. Вось і атрымліваецца, што большасьць сіл, задзейнічаных у вучэньнях, удзельнічала ў іх на расейскай тэрыторыі. Нашмат больш магутны характар вучэньняў там быў. Прычым, верагодна, з наступальным характарам... Падобна да таго, што беларусы з расіянамі па-рознаму разумелі гэтыя вучэньні. Беларусь праводзіла вучэньні, каб выканаць дамоўленасьць з Расеяй, каб адкупіцца. А Расея — каб аказаць псыхалягічны ціск на Захад».