Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка наведае вучэньні на тэрыторыі Беларусі, бяз Пуціна


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 20 верасьня наведае беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2017». Пра гэта паведаміла прэзыдэнцкая прэс-служба.

Лукашэнка будзе назіраць за адным з галоўных эпізодаў манэўраў на 227-м агульнавайсковым палігоне «Барысаўскі».

З назіральнай пляцоўкі ён ацэніць дасягнуты ўзровень узаемадзеяньня войскаў (сілаў) пры вядзеньні абарончага бою, паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.

Акрамя кіраўніка краіны, на палігоне будуць прадстаўнікі вышэйшага камандаваньня ўзброеных сілаў Расеі, кіраўніцтва інтэграцыйных структур — «саюзнай дзяржавы», СНД, АДКБ, а таксама замежныя назіральнікі і дыпляматы.

20 верасьня — апошні дзень вучэньняў «Захад-2017».

У Расею Лукашэнку не запрасілі

Раней расейскія СМІ паведамілі, што кіраўнік Беларусі меўся наведаць вучэньні на тэрыторыі Расеі разам з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, але потым гэтыя пляны зьмяніліся.

Кіраўніца прэзыдэнцкай прэс-службы Натальля Эйсмант назвала гэта «інсынуацыямі». Яна сказала, што Лукашэнка адпачатку плянаваў узяць удзел у вучэньнях на тэрыторыі Беларусі. Афіцыйнага запрашэньня кіраўніку беларускай дзяржавы прыехаць на гэтае вучэньне ў Расею не паступала. Таксама яна сказала, што беларускі бок накіроўваў запрашэньне Пуціну, аднак афіцыйнага адказу не паступіла.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 18 верасьня назіраў у Ленінградзкай вобласьці за сумеснымі расейска-беларускімі вучэньнямі «Захад-2017». Ён праінспэктаваў дзеяньні ўзброеных сілаў Расеі на асноўным этапе сумеснага стратэгічнага вучэньня «Захад-2017» на палігоне «Лускі».

Усё пра вайсковыя вучэньні «Захад-2017»

Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.

Краіны — суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.

Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні, каб распачаць анэксію Беларусі.

Міністэрства абароны Беларусі адзначыла «абарончы» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG