У менскім кінатэатры «Масква» прэзэнтаваны мастацкі фільм «Жоўты пясочак» па аднайменным апавяданьні Васіля Быкава. Без аншлягу: з 700 месцаў у залі было запоўнена блізу паўтысячы. Прыйшлі найперш тыя, каму неабыякавая тэма Курапатаў і масавых рэпрэсій.
Як кажа рэжысэр стужкі Аляксей Туровіч, прэм’ера магла ня здарыцца ўвогуле. Калі ў жніўні ў офісе прадпрыемства «Кінавідэапракат» праходзіла нарада кіраўнікоў сталічных кінатэатраў, ніводзін з дырэктараў не адважыўся ўзяць на сябе такую адказнасьць — паставіць у рэпэртуарны плян кіно пра сталінскія рэпрэсіі. Выключэньнем стаў толькі Аляксандар Літвіновіч, шматгадовы шэф кінатэатру «Масква» — аргумэнты Туровіча яго пераканалі. Праўда, пагадзіўся толькі на два сэансы, яшчэ адзін — увечары нядзелі.
Паказ драмы праходзіў на фоне закрыцьця байкерскага сэзону. Літаральна насупраць, на пляцоўцы каля Палацу спорту, больш за 5 тысяч матацыклістаў гучна разьвітваліся зь летам. Грымеў рок-канцэрт і бабахаў салют. На чале сьвята — вядомыя аматары дарагіх матацыклаў Віктар Лукашэнка, а таксама міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч. Па іроніі лёсу, супрацоўнікі менавіта гэтага ведамства ў сярэдзіне 1930-х найбольш шчыравалі ў плянавым выкрыцьці «ворагаў народу».
Тым часам на сцэне перад вялікім экранам былі ўсталяваныя тумбы з запаленымі сьвечкамі, паміж імі — партрэт мужчыны з надпісам «Мой прадзед застрэлены куляй НКВД у Курапатах». Здымак рэжысэру перадаў праўнук рэпрэсаванага:
«Мой прадзед Мікалай Тарашкевіч, 1875 году нараджэньня, які пражываў у вёсцы Сяргеевічы на Копыльшчыне, усё жыцьцё займаўся сельскай гаспадаркай, — расказаў сваяк забітага. — У адну з начэй 1937-га ён быў арыштаваны чэкістамі і вывезены ў невядомым кірунку. Больш пра яго сваякі нічога ня чулі. І толькі напачатку 1990-х у адказе на зварот у КДБ нам паведамілі: быў арыштаваны за падрыўную дзейнасьць як „кіраўнік трацкісцка-апартунісцкай групы“. За гэта асуджаны да сьмяротнага пакараньня і расстраляны ў Курапатах. Дакладна гэтак жа, як у апавяданьні і фільме „Жоўты пясочак“ аднаасобнік Аўтух».
Аляксей Туровіч перад пачаткам кінапаказу прапанаваў ушанаваць памяць бязьвінна загіблых хвілінай маўчаньня... Ён прывёў статыстыку сьмяротнага канвэеру, якой у сваёй будзёнай працы кіраваліся чэкісты — падвышаныя паказьнікі каштавалі жыцьцяў мільёнам звычайных грамадзянаў.
Разам з тым назваў 16 верасьня «гістарычным днём»: нягледзячы на шматлікія перашкоды і адсутнасьць нават мінімальнай зацікаўленьня з боку дзяржавы, стужка пра злачынствы савецкага рэжыму выйшла на вялікі экран.
Хоць у сюжэце расказваецца пра падзеі 80-гадовай даўнасьці, аўтар правёў паралелі зь сёньняшнім днём. У краіне працуе адладжаны мэханізм пакараньня няўгодных, за краты па надуманых прычынах кідаюцца апанэнты вышэйшага кіраўніцтва. Вось і зараз адбывае чарговы адміністрацыйны тэрмін адзін зь лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Ўладзімер Някляеў.
Калегу са сцэны падтрымаў Мікола Статкевіч, якія свае суткі адседзеў зусім нядаўна. І падзякаваў Туровічу за тое, што сваёй працай засьцерагае ад паўтарэньня сталінскага цемрашальства:
«Калі пра гэта маўчаць, калі пра гэта забываць, то яно непазьбежна паўторыцца. На жаль, тыя, хто расстрэльваў, хто катаваў, сёньня ходзяць у героях. Іх шыкоўныя помнікі стаяць на беларускіх могілках, а супрацоўнікі КДБ і МУС на сьвяты носяць да іх кветкі. І, мабыць, кожны раз упэўніваюцца ў тым, што ўсё, зробленае іх папярэднікамі, было правільна, а значыць, трэба працягваць у тым жа духу. І тады вы таксама будзеце мець кватэры ў цэнтры, элітныя могілкі і ўдзячнасьць кіраўніцтва. Як бачым, страшная карная сыстэма самааднаўляецца... Цяжка нават палічыць, колькі мы згубілі людзей, які нават не здагадваліся пра значэньні тых словаў, па якіх іх абвінавачвалі і расстрэльвалі».
У сюжэце Васіля Быкава расказваецца, як шасьцёх зьняволеных сумнавядомай менскай турмы НКВД вязуць на расстрэл у Курапаты. Сьмяротнікі — людзі самыя розныя, у апошнія гадзіны жыцьця кожны заняты сваімі ўласнымі думкамі. Сытуацыя не пакідае выбару і нявольнікі пакорліва церпяць. Нават калі зьяўляецца магчымасьць абяззброіць адзінага вартавога — памочніка камэнданта — выштурхоўваюць загрузлы «аўтазак», каб прысьпешыць расправу і апынуцца на дне ямы з жоўтым пясочкам.
Павал Севярынец, сузаснавальнік Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, сябрам якой ад нядаўняга часу стаў Аляксей Туровіч, адзначыў, што ў любой іншай краіне трагедыя такога маштабу як курапацкая знайшла б годнае ўвасабленьне ў помніку ці мэмарыяле. І толькі беларускія ўлады дэманструюць прыхільнасьць зусім іншым каштоўнасьцям.
Пры канцы Павал Севярынец выказаў спадзяваньне, што кінафільм «Жоўты пясочак» выйдзе таксама і ў беларускай агучцы. І заклікаў неабыякавых беларусаў дапамагчы ў гэтым фінансава. Аляксей Туровіч зьняў стужку цалкам на свае грошы, дзяржава не паўдзельнічала ні капейкай. На апошнім этапе рэжысёру нават давялося ўзяць крэдыт больш чым 6 тысяч даляраў, каб расплаціцца з гукарэжысёрам. Цяпер ён штомесяц выплачвае 250 даляраў за пазыку і без зьнешняй падтрымкі беларускі дубляж адтэрмінуецца на нявызначаны час.
Грамадзкі актывіст Марат Гаравы, дзейнасьць якога апошнія чвэрць стагодзьдзя неразрыўна зьвязаная з Курапатамі, падзякаваў усім, хто прыйшоў на прэм’еру. Па яго словах, выпадковых людзей у залі ня можа быць апрыёры:
«Тут людзі, якім Курапаты баляць. Сярод тых, хто сюды прыйшоў, я бачу Алеся Макрушына, які 29 гадоў таму дапамог Зянону Пазьняку і яго сябрам-археолягам адкрыць народу таямніцу Курапатаў. Я бачу Аляксея Марачкіна, які зрабіў Крыж пакутаў. Я бачу Ўладзімера Арлова, які падчас першага мітынгу на Дзяды сказаў зрабіў сваю легендарную прамову. Я бачу шмат людзей, якія адкрывалі Курапаты, баранілі і распавядалі пра іх сьвету. І вельмі добра, што зьявілася першая мастацкая стужка пра Курапаты, якая стане годным унёскам у захаваньне памяці ахвяраў злачыннага рэжыму».
На прэм’еры “Жоўтага пясочку” прысутнічалі акторы, якія ўвасобілі герояў драматычнага твору Васіля Быкава. Галоўныя ролі выканалі тэатральныя артысты зь Менску, Віцебску, Бабруйску. Аднаасобніка Аўтуха сыграў Міхаіл Мацьвееў, царскага афіцэра Валярʼянава — Генадзь Трацякоў, паэта Зайкоўскага — Аляксей Міхалоў, крымінальніка Фэлікса Грома — Уладзімер Лебедзеў, камуніста Шастака — Валянцін Салаўёў, сьледчага НКВД — Аляксей Туровіч, памочніка камэнданта — Аляксей Верашчака.
На наступным тыдні пачнецца беларускі пракат «Жоўтага пясочку» у гарадах Беларусі. Стартуе маратон 21 верасьня ў Бабруйску, потым на чарзе 17 гарадоў Менскай вобласьці. У сталіцы цікавасьці да стужкі, апроч кінатэатру «Масква», ніхто ня выявіў.