Праз раку. Як жыве мястэчка, падзеленае паміж Беларусьсю і Латвіяй
EN RU
Праз раку
Як жыве мястэчка, падзеленае паміж Беларусьсю і Латвіяй
Беларусь
Латвія
Краявід на Друю (зьлева) і Піедрую (справа) зь вежы касьцёла ў Піедруі

Ад мястэчка Друі да вёскі Піедруя — 200 мэтраў. Яны разьдзеленыя Дзьвіной. Калісьці гэта было адно паселішча. Людзі штодня плавалі праз раку без абмежаваньняў. Зараз яны належаць да розных краінаў. Трапіць зь беларускай Друі ў латыскую Піедрую можна толькі праз аўтамабільны пераход — гэта 90-кілямэтровае кола. Да таго ж трэба віза.
Калі заяжджаеш у цэнтар Друі з боку Браслава, адразу бачыш выбелены барочны касьцёл на высокім беразе ракі. Віленскае барока сярэдзіны XVIII стагодзьдзя. Але трапіць у касьцёл нельга. Ён стаіць па той бок мяжы — у Латвіі.
Так было не заўсёды. Гістарычна Друя – буйное места на Дзьвіне па дарозе з Рыгі ў Полацак. Яна вядомая ў летапісах з 1386 года. Дзякуючы гандлю мястэчка хутка разьвівалася. У пачатку XVII стагодзьдзя Друя атрымала Магдэбурскае права.
Мястэчка разбудоўвалася з абодвух бакоў Дзьвіны: на левым беразе была Друя, на правым — Друйская Слабада. Упершыню мяжа паміж імі прайшла ў 1772 годзе. Пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай усе землі дзяржавы на поўнач ад Дзьвіны заняла Расея. Ад таго часу захаваліся памежныя слупы — мэталёвыя падмуркі стаяць на высокім беразе ракі ў Друі побач з сучаснымі чырвона-зялёнымі слупамі.
Латвійскі памежны слуп
Памежны слуп XVIII стагодзьдзя ў Друі
Беларускі памежны слуп
Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Друя і Прыдруйск ізноў трапілі ў адну дзяржаву — Расею. Яны ўваходзілі ў Віцебскую губерню да 1918 году. Памежнікі тут зьявіліся ў міжваенны час у XX стагодзьдзі, калі Друя належала Польшчы, а Піедруя — Латвіі.
Пасьля савецкай акупацыі Латвіі ў 1940 годзе і да 1990 году тут праходзіла ўнутраная мяжа Беларускай ССР і Латвійскай ССР. Але рэальны памежны рэжым аднавіўся толькі на пачатку 1990-х.

Побач жывем, але ня можам у Беларусь схадзіць
Як зьмянілася жыцьцё ў Друі і Піедруі распавядаюць мясцовыя старажылы праз гісторыю сваіх аўтамабіляў. У Друі — гэта «гладка дабітая» «дзявятка», якую 79-гадовы Ёсіф сам рамантуе. У Піедруі — Dacia Logan, якую 70-гадовы Леанід купляў новай у рыскім аўтасалёне.
Ёсіф Савуць, 79 год, жыве ў Друі з 1967 году

Ёсіф Савуць жыве за 100 мэтраў ад Дзьвіны. Яму 79 год. Ён нарадзіўся за 12 кілямэтраў ад Друі яшчэ пры Польшчы — за паўгода да таго, як сюды прыйшла савецкая ўлада.
У савецкія часы ён часта бываў на тым беразе.
«Я сам езьдзіў па прадукты ў Краславу на матацыкле. 20 кілямэтраў у адзін бок, — кажа Ёсіф. — Чаму? Ды таму, што ў Мёрах ні храна не было. У Латвіі жылі нашмат лепш. У іх было мяса, усё астатняе. Там падымалі шум, што беларусы прыяжджаюць і ўсё разьбіраюць».
Памежны слуп месьціцца за сто мэтраў ад дому Ёсіфа Савуця
У Латвіі сялянам пачалі выдаваць пашпарты раней, чым у БССР. І многія жыхары Мёрскага і Браслаўскага раёнаў пераехалі туды. Спрадвеку ці ня кожны меў сваякоў па той бок ракі.
Ёсіф атрымлівае пэнсію 350 рублёў. Гаспадарку яны з жонкай амаль не трымаюць. І сотак для бульбы не бяруць, як калісьці. Толькі гарод каля дому і куры.
У драўляным гаражы Ёсіфа стаіць «дзявятка» 1989 году. Гэта ягоная другая машына. У 1979 годзе ён набыў сваё першае аўта — «Масквіч-2140». Калі дачцэ спатрэбіліся грошы на кватэру, прадаў яе. Потым набыў за тысячу даляраў «дабітую гладка» «Ладу».
«Найбольшы клопат — гэта прайсьці мэдычны агляд, — кажа Ёсіф. — Жонка сварыцца, што ня будзе езьдзіць са мной».
За тэхнічны агляд, дарожны збор і запасныя часткі ён плаціць штогод каля 200 рублёў. Найдалей ён можа езьдзіць у Браслаў — 30 км ад Друі.
Леанід Назараў, 70 год, карэнны жыхар Піедруі

Леаніду 70 год, ён карэнны жыхар Піедруі. Але грамадзянства ня мае. Ягоная жонка Фацінія мае. А ён — не. Бо ня ведае латыскай мовы.
«Тут больш беларусаў, чым мясцовых, — кажа Леанід. — Калі дом вызваляўся ў Піедруі — дык адразу яго займалі. Менавіта беларусы. З Латвіі туды ніхто ня ехаў. Усе з таго боку сюды. Мёры іхныя, Браслаў, Пагост. Саўгасы, калгасы іхныя — там цяжка было жыць. У іх ні дроваў, ні сена не было. Прыедуць — во рай тут!»
Фацінія Назарава падказвае, што ў 1960–1970-я беларусы прыяжджалі ў Латвію касіць сена. Абкошвалі тут канавы і везьлі сена паромам дахаты.
Апошні раз у Беларусі Назаравы былі яшчэ за савецкім часам. Яны добра ведаюць, чым жыве Менск і з кім сустракаецца Аляксандар Лукашэнка, бо ў Піедруі прымаецца беларуская тэлевізія. А вось што там у Друі, за ракой, ня ведаюць.
«Чуем, як траву косяць у Друі, — кажа Фацінія. — Нам Друя добра відаць з могілак. А цяпер падумаць: побач жывем, ня можам у Беларусь схадзіць!»
Леанід Назараў атрымлівае пэнсію 207 эўраў. Ягоная жонка — 205. Бульбу яны вырошчваюць каля дому. Ва ўласнасьці маюць 46 сотак.
Цагляны дом Назаравы пабудавалі ў 1980 годзе. У падземным гаражы ў іх стаіць Dacia Logan 2007 года. Новую машыну набывалі ў аўтасалёне ў Рызе. Назьбіралі і купілі. Крэдытамі нават не цікавяцца. Гэта ўжо трэцяя машына. У 1971 годзе Назараў набыў першы «Масквіч-2140». Потым у яго была старая Honda Accord.
Тэхагляд і дарожны збор каштуюць разам 78 эўраў. Плюс страхоўка — 24 эўры. Літар бэнзіну АІ-95 — 1,2 эўра. За дзесяць год машына рамантавалася толькі аднойчы. Перагарэў задні ліхтар. Леанід езьдзіў тады на сэрвіс.
«Я нават 30 тысяч не наезьдзіў за ўвесь час, — кажа ён. — У Краславу ці Даўгаўпілс зьезьдзіць трэба. Не далей».
Яшчэ ў аўтапарку ён мае трактар Т-40 і прычапныя да яго. Леанід сам рамантуе трактар.
«Хто зямлю мае, у таго тэхніка ёсьць. Амаль усе маюць», — кажа Фацінія.
Памежны рэжым у Беларусі ўвесь час зьмяняецца. Каб знаходзіцца ў Друі, цяпер грамадзянам Беларусі трэба мець толькі пашпарт. А вось іншаземцы мусяць загадзя замаўляць пропуск у Полацку (110 км ад Друі) і забіраць яго адтуль асабіста. А потым па прыезьдзе ў Друю яшчэ трэба рэгістравацца ў Браславе (30 км ад Друі).
Піедруя — у латвійскай памежнай зоне. Паводле закону і грамадзяне Латвіі, і іншаземцы, што заяжджаюць у памежную зону, абавязаныя зарэгістравацца на памежным пункце ў Піедруі. Калі папярэдзіць памежнікаў, можна сплаўляцца Дзьвіною на лодках ці байдарках. Галоўнае — не заплываць за сярэдзіну ракі.

Востраў
Востраў пасярэдзіне Дзьвіны калісьці быў сымбалем друйска-прыдруйскай супольнасьці. У савецкія часы на востраве быў галоўны пляж, дзе летам адпачывалі жыхары Друі і Прыдруйску (Піедруі).
Ад пачатку 1990-х жыхары Латвіі ня могуць трапіць на востраў — гэта ўжо замежжа. Ён належыць Беларусі. Але і жыхары Друі ня могуць проста так трапіць на востраў. Калі хто хоча паплысьці туды, мусіць браць дазвол у памежнікаў.
Пасьля таго, як востраў стала памежнай зонай, пляж тут зьнік. Пешаходны масток паміж друйскім берагам і востравам прыбралі. Трапіць туды можна ці ўброд, ці на лодках.
Цяпер на востраве толькі паша. Жыхары Друі пасьвяць там кароў. Увесну іх прывозяць на востраў, а забіраюць толькі ўвосень. Кожную раніцу і вечар гаспадары плаваюць на востраў даіць.
Але з часам усё менш людзей трымаюць кароў у Друі.
«На востраве няма чаго рабіць, — кажа мясцовы жыхар Ёсіф Савуць. – Кароў ужо няма. Можа, 3-4 каровы з усёй Друі. Толькі рыбакі туды ходзяць».
Востраў застаецца запатрабаваным толькі сярод беларускіх рыбакоў. Яны любяць яго, бо адсюль бліжэй да латвійскага берага. Там праходзіць турэц (хуткая плынь. — РС).
«На латвійскім баку заўжды лепш бралася, бо там глыбей, — кажа Аляксандар Лінкевіч з Друі. — Да распаду зь іхнага берага лавілі. Але ўжо не праедзеш».
Самы папулярны сэзон для рыбакоў Латвіі і Беларусі — восень. У гэты час тут ловяць жэрахаў. Калі беларускія рыбакі выходзяць на востраў, яны перакрыкваюцца з латвійскімі «калегамі».
«Ды нават не крычым, а размаўляем, — кажа Аляксандар Лінкевіч. — Пра рыбу, вядома».
Востраў пасярэдзіне Дзьвіны належыць Беларусі. Раней там быў пляж, дзе адпачывалі жыхары Друі і Піедруі. Калі ён стаў памежнай зонай, доступ да яго абмежавалі. Цяпер на востраве толькі пасьвяць кароў.

Паром
У 1994 годзе латвійская рэжысэрка Лайла Пакалныня зьняла дакумэнтальны фільм пра паром паміж Піедруяй і Друяй. Стужку «Паром» уключылі ў конкурс Certain Regard на Канскім кінафэстывалі.
Паром — гэта апошняя рэч, якая аб’ядноўвала Друю і Піедрую да канца 1990-х. За савецкім часам ён няспынна працаваў дзень і ноч.
Бацька 70-гадовага Леаніда Назарава зь Піедруі працаваў паромнікам да 1980 году. Ён памятае, як першы паром перацягвалі на супрацьлеглы бок ракі ўручную — «калатушкамі».
Каля парому заўжды была вялікая лодка — на 20 чалавек. На ёй і на ўласных лодках друяне і прыдруяне пераплывалі раку.
Калі апошні раз плаваў паром, дакладна ніхто ня памятае. Сёньня ягоны ржавы корпус ляжыць каля латвійскага памежнага пункту.
Узімку, калі рака замярзала, з Друі ў Піедрую хадзілі па лёдзе.
Чаму спынілася сувязь паміж Друяй і Піедруяй, усе тлумачаць па-рознаму. Беларускія памежнікі кажуць, што людзі вельмі рэдка сталі езьдзіць. У Латвіі настойваюць, што беларускія ўлады проста ня хочуць траціць грошы на прапускны пункт і мытню ў Друі.
Наўпроставай сувязі паміж Друяй і Піедруяй ужо даўно няма

У Піедруі — гатэль на 52 чалавекі, у Друі — адна аграсядзіба
Барочныя касьцёлы, цэрквы і дзікая прырода. Друя і Піедруя маюць амаль ідэнтычныя славутасьці, якімі можна завабіць турыстаў. Але ў адной краіне гэтым карыстаюцца, а ў другой — не.
Амаль штотыдзень турысты прыяжджаюць у Піедрую. У вёсцы, дзе жыве каля 150 чалавек, захаваўся барочны касьцёл сярэдзіны XVIII стагодзьдзя, ёсьць музэй і нават матэль на 52 месцы.
«У мінулы аўторак да нас 50 турыстаў прыяжджалі — цэлы аўтобус, — кажа Людміла Панько, загадчыца грамадзкага музэю. — І дзьве жанчыны з Санкт-Пецярбургу. У іх продкі адсюль паходзяць. Часам зь Нямеччыны прыяжджаюць. Палякаў шмат».
Людміла Панько, загадчыца грамадзкага музэю ў Піедруі
У 2012 годзе вызваліўся будынак, які раней займала воласьць, і там разьмясьцілі музэй. Зрабілі яго Людміла разам са сваёй сястрой Зітай Лукшай, якая працуе ў сельскай адміністрацыі. Звычайна мясцовыя жыхары бескарысьліва аддаюць сюды старыя рэчы.
Раней у гэтым будынку разьмяшчалася воласьць — сельская адміністрацыя. Цяпер тут музэй
З 2002 году ў Піедруі працуе матэль. Яўген Барзол, суўласьнік матэля, за савецкім часам рабіў у калгасе. На пачатку 1990-х калгасы сталі расфармоўваць і ўсю ўласнасьць падзялілі паміж працаўнікамі. Разам зь яшчэ адной сям’ёй Барзолы атрымалі будынак калгаснага інтэрнату. Спачатку адкрылі тут краму, а потым матэль.
«20 гадоў таму цяжка было паверыць, што сюды паедуць турысты», — кажа Яўген.
У савецкія часы тут быў калгасны інтэрнат. Потым — адкрылі краму. Ад 2000-х гадоў — гэта найбольшы гатэль у Краслаўскім краі
Каля вёскі праходзіць шаша Віцебск — Рыга, і ў матэлі часта прыпыняюцца падарожнікі. Але апошнім часам усё больш турыстаў едзе ў Піедрую адпачываць.
«Мы прапануем сплаў па рацэ, — кажа Яўген. — А зімой да нас на выходныя прыяжджаюць людзі з гораду. У нас дарогі не пасыпаюць рэагентамі. У горадзе зімой бруд, а ў нас чысты сьнег».
Від на парк у цэнтры Піедруі. Фота зь вежы касьцёла

Узімку ў Піедрую завабліваюць турыстаў катаньнем на конных санях.
А яшчэ вёска цікавая тым, што за ракой можна пабачыць Беларусь. Гэты пункт у турыстычных фірмах адзначаюць як дадатковую атракцыю.
Прыехаць адпачыць у Піедрую можна самастойна. Матэль зарэгістраваны на booking.com, а ўся інфармацыя для турыстаў на пяці мовах ёсьць на сайце турыстычнага цэнтру.
Тацяна Лінкевіч, загадчыца школьнага музэю ў Друі
У цэнтры Друі ляжыць адзін з двух ацалелых у Беларусі Барысавых камянёў — помнікаў XII стагодзьдзя. Тут найбольшыя ў Беларусі габрэйскія могілкі, палац Сапегаў, Траецкі касьцёл XVII стагодзьдзя з кляштарам бэрнардынцаў, рэшткі некалькіх цэркваў. А яшчэ гарадзкая забудова пачатку XX стагодзьдзя і міжваенны мост цераз Друйку.
Музэй знаходзіцца ў друйскай школе
У 2002 годзе ў Друі адкрыўся школьны краязнаўчы музэй. Але ні паказальнікаў у мястэчку, ані ўласнага сайта ён ня мае. Каб трапіць туды, трэба шукаць Тацяну Лінкевіч, кіраўніцу краязнаўчага гуртку.
Некаторыя турысты літаральна прыплываюць у Друю. Па рацэ Друйцы з Браслава сплаўляюцца байдарачнікі. Іхны маршрут заканчваецца ў Друі, дзе рака ўпадае ў Дзьвіну.
Цэнтральная вуліца Друі, якая вядзе да касьцёлу Найсьвяцейшай Тройцы

Пры ўсім турыстычным патэнцыяле ў Друі слабая інфраструктура. На ўвесь горад — ніводнай кавярні. Калісьці была сталоўка, але згарэла. Толькі пару месяцаў таму ў краме на цэнтральнай плошчы паставілі кава-машыну.
У суседнім Браславе працуе зь дзясятак гатэляў, па раёне раскідана больш за 120 аграсядзібаў. А ў Друі аграсядзіба толькі адна. Сем год таму яе адкрыла Раіса Паладзеўна.
Цэнтральная плошча ў Друі. Справа - Барысаў камень
«На мяне скептычна глядзелі, калі я адкрывалася. Маўляў, хто ўвогуле паедзе ў Друю? А тут жа ўсё для турызму ёсьць. Але сядзібу Сапегаў ніхто не рэклямуе. Да найвышэйшага вадаспаду ў Беларусі — тут побач — не даехаць».
Часьцей за ўсё ў Друю заяжджаюць турысты, якія адпачываюць на Браслаўскіх азёрах. Для іх Друя — адзін з кірункаў, куды можна паехаць на некалькі гадзін. Але некаторыя прыяжджаюць адмыслова сюды на некалькі дзён. Прынамсі раней такіх было шмат.
«Яны сядзяць у альтанцы і глядзяць на Эўразьвяз праз раку. Гэта ж цікава!» — кажа пра асаблівасьці турызму ў Друі Раіса Паладзеўна.
Пакуль у Друі не адкрыўся інфармацыйны цэнтар, турыстычным гідам часта выступае пробашч касьцёлу Сьвятой Тройцы Сяргей Сурыновіч. Ён ці не галоўны папулярызатар Друі. Штолета Сурыновіч праводзіць у былым кляштары мастацкі пленэр, куды прыяжджаюць дзясяткі мастакоў з усёй Беларусі. Пасля завяршэння пленэру мастакі звычайна дораць адну працу айцу Сяргею. Ён марыць, каб у кляштары паўстала мастацкая галерэя.

Апошні малочнік
Штораніцы Мікалай Белавус аб’яжджае ўсходнюю частку Друю і зьбірае малако. Як і шмат гадоў таму, малочнік едзе возам. У ягоным сьпісе - 24 чалавекі. За раз ён набірае няпоўны воз. Раней бітонаў было ў некалькі разоў болей і даводзілася рабіць два заходы.

Я люблю гэтае месца.
Моладзь пра сваё месца ў вёсцы
Моладзь зь вёскі зьяжджае. На гэта скардзяцца і ў Друі, і ў Піедруі. Жыхары беларускага мястэчка едуць у Полацак, Віцебск ці Менск. Зь Піедруі моладзь зьяжджае ў Даўгаўпілс, Рыгу, а таксама ў Ангельшчыну і Нямеччыну.
Латвія, Эдыта, 31 год
Эдыта Лукша вырасла ў Піедруі. Ёй 31 год. Эдыата скончыла ўнівэрсытэт, ведае ангельскую і нямецкую мову. Да мінулага году працавала настаўніцай ангельскай мовы ў розных школах Краслаўскага краю. Цяпер жыве ў Краславе — найбліжэйшы горад. Працуе там у Цэнтры турыстычнай інфармацыі. Да Краславы 25 кілямэтраў. Чатыры разы на дзень туды ходзяць аўтобусы зь Піедруі. Яна вельмі часта прыяжджае ў Піедрую.
«Мне часта кажуць: „Ты ведаеш мовы, чаму б табе не паехаць (за мяжу. — РС)?“ Я лічу, дзе чалавек нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Мне падабаецца, што я зь Піедруі. Я ганаруся гэтым».
«Я люблю гэтае месца, — кажа Эдыта. — Цяпер можна ўдзельнічаць у праектах. Я падавала на фінансаваньне нашай прыроднай сьцяжыны. Каб там альтанкі паставіць. Бо цяпер у Латгалію шмат турыстаў прыяжджае, і я хачу папулярызаваць Піедрую».
«Некаторыя лічаць, што гэта канец Латвіі, — кажа Эдыта. — А мы, жыхары Піедруі, лічым, што гэта пачатак Латвіі, пачатак Эўразьвязу».
Беларусь, Ілона, 24 гады
Ілоне 24 гады. Яна вучылася ў Віцебску. Два апошнія гады працуе ў прыватнай краме ў цэнтры Друі. Два дні праз два. Ад 9-й да 22-й гадзіны.
Ілона ніколі не была ў Латвіі. 60 эўраў за візу — занадта вялікая раскоша для друян. Заробак у 200 рублёў тут лічыцца добрым.
Друя — гэта тупік: тут канец чыгуначных шляхоў Беларусі. Цягнік ходзіць раз на дзень. А 6-й раніцы прыяжджае састаў з двух вагонаў. Ён стаіць тут цэлы дзень і зьяжджае ў Менск а 20-й увечары. Да прыбыцьця і адпраўленьня цягніка ў Друю прыходзіць аўтобус з Браслава. Больш ніякіх маршрутаў няма.
У Друі заканчваюцца чыгунка. Гэта тупіковая станцыя. Чыгунка тут ўпіраецца ў раку
Праўда, ехаць у Друю няма чаго, лічаць мясцовыя. Як і з большасьці вёсак, моладзь адсюль толькі зьяжджае.
«Да 18 гадоў тут няма чым заняцца, а пасьля 18 усе паступаюць ды зьяжджаюць, — кажа Ілона. — Нічога няма тут і ня будзе».

Вуліцы
27 год назвы вуліц у Друі і Піедруі былі ідэнтычныя — Леніна, Камсамольская, Маскоўская. Мы паглядзелі, што стала з савецкімі назвамі на беларускім і латвійскім баках Дзьвіны.
За 26 год незалежнасьці ад Савецкага Саюзу ў Друі перайменавалі адну вуліцу — Першамайскую. Цяпер яна названая ў гонар габрэйскага літаратара Альтэра Друянава, які нарадзіўся ў 1870 годзе ў Друі.
Рэшта вуліц мае савецкія назвы: Леніна, Энгельса, Камсамольская і Савецкая.
Цэнтральная вуліца Піедруі за саветамі называлася Камсамольскай. Аднак на пачатку 1990-х назвы вуліц у Піедруі адмянілі на просьбу воласьці.
Як і ва ўсёй Латвіі, у Піедруі вярнулі традыцыйную сыстэму, калі кожны дом і зямельны ўчастак мае сваю назву. «Лютня», «Маленькія сады», «Мары», «Вясёлка» — так цяпер называюцца дамы Піедруі. Шыльды са старымі назвамі ці пазафарбоўвалі, ці паздымалі.

У Піедруі фэрмэры праз аднаго, у Друі — ніводнага
Да 1990-х гадоў у Піедруі быў калгас «Савецкая Латвія», а ў Друі — саўгас «Друйскі». Праз чвэрць стагодзьдзя ў Друі зьмянілася толькі найменьне гаспадаркі — цяпер тут адкрытае акцыянэрнае таварыства «Друйскі». Але па сутнасьці, як кажуць мясцовыя, гэта той жа калгас. У Піедруі калгасы зусім зьніклі — цяпер тут выключна прыватныя фэрмы.
Пётра Шваб, Піедруя, за савецкім часам працаваў у калгасе «Савецкая Латвія», у сярэдзіне 1990-х стаў фэрмэрам
Пётра Шваб родам зь Мёршчыны. Ён пераехаў у Піедрую ў 1977 годзе. Рабіў кіроўцам у калгасе. А пасьля яго закрыцьця атрымаў аўтобус «каўзік».
«Так, гэта быў мой першы капітал, — кажа Шваб. — Потым прыгнаў МТЗ зь Беларусі. Тады таньней было».
Пасьля таго як Латвія далучылася да Эўрапейскага Зьвязу, фэрмэры атрымалі шмат прэфэрэнцыяў. Па-першае, штогод ім плацяць у сярэднім 100 эўраў за гектар зямлі. Проста за тое, што яны вядуць тут гаспадарку. Са сваіх 500 гектараў Шваб мае 50 тысяч эўраў толькі зямельнымі даплатамі.
Адзін з «мэхдвароў» Пятра Шваба
Калі зямлю араць увесну, а ня ўвосень, каб не было эрозіі, даплата павялічваецца яшчэ на 50–70 эўраў за гектар. Падатак на зямлю — 4%, на прыбытак — ад 15 да 25%.
Каб стымуляваць сельскую гаспадарку, фэрмэраў заахвочваюць зьвяртацца ў эўрапейскія фонды. Можна падаць заяўку на праект, і з фонду аплацяць кошт новай тэхнікі на 40%. А на рэшту яшчэ дадуць крэдыт пад 0%.
Цяпер Шваб — найбуйнейшы фэрмэр у Піедруі. Ён мае шэсьць трактароў і некалькі ангараў. На працы ў яго тры чалавекі. У гарачы час набірае сэзонных працаўнікоў.
Беларускай тэхнікі ў Шваба амаль не засталося
Беларускай тэхнікі ў Шваба не засталося: усе трактары ці нямецкія, ці амэрыканскія.
«Мальцы ўсе баяцца сядаць у МТЗ, — кажа Шваб. — Амаль штодня трэба рамантаваць. А ў гэты трактар сеў — і забыў».
Шваб скардзіцца, што людзей на вёсцы застаецца мала і ўсё цяжэй знаходзіць працаўнікоў. Маладыя часьцей за ўсё зьяжджаюць на заробкі ў Заходнюю Эўропу.
«Пакуль яшчэ ніхто не вярнуўся ў Піедрую», — кажа Шваб.
Калгасаў у Латвіі не засталося. У сярэдзіне 1990-х усю ўласнасьць падзялілі паміж калгасьнікамі. Старая фэрма 20 год стаіць закінутай

Акрамя Шваба, ці ня кожная сям’я ў Піедруі трымае невялікую на тутэйшыя меркі гаспадарку — па некалькі гектараў. Як, напрыклад, Валер і Раіса Анэцькі. Яны жывуць у Латвіі з савецкіх часоў. Ён нарадзіўся на поўначы Расеі, але бацькі родам з суседняй Мёршчыны. Яна — са Століншчыны.
Штораніцу Валер і Раіса Анэцькі дояць кароў
Анэцькі трымаюць пяць кароў, дзьве цялушкі, сьвіней і курэй. Каб апрацоўваць 17 гектараў сваёй зямлі, яны куплялі ўсю тэхніку.
Валер мае працу ў Піедруі. Зімой на качагарцы атрымлівае мінімальны заробак — каля 300 эўраў. Летам працуе не на поўную стаўку і мае каля 200 эўраў на месяц. Ён абкошвае траву каля воласьці і ў парку і глядзіць за парадкам у цэнтры вёсцы.
Дадатковы заробак сям’я мае з малака. Нядаўна тут паднялі цэны з 22 да 25 цэнтаў за літар. Зь пяці кароваў яны зарабляюць на малацэ каля 500 эўра.
«Але мы такія сераднячкі. Бо людзі трымаюць па 10–20 кароў. Мы нават ня фэрмэры, бо ўся гаспадарка — гэта для сябе», — кажа Раіса.
Малако ў Піедруі зьбіраюць двума малакавозамі
Штораніцы на хутар да Анэцькаў прыяжджае малакавоз. На невялікую Піедрую іх два. Кожны забірае малако для сваёй прыватнай фэрмы.
«Дзяржаўнага ў нас ужо нічога няма», — кажа Валеры.
За часы незалежнасьці ў Друі не зьявілася ніводнай прыватнай фэрмэрскай гаспадаркі

У Друі няма ніводнай прыватнай фэрмэрскай гаспадаркі.
«Гэта мой другі заробак, — кажа Тарэса. — Моцна ратуе нас гэтае малако. Пакуль другая карова ня стане даіцца, мы за дровы ня можам з чалавекам разьлічыцца».
Калісьці ў Друі быў статак у сотню кароваў. Цяпер — каля трох дзясяткаў.
Антон Валжонак і яго маці Тарэса моцна залежаць ад грошай, якія яны зарабляюць на малацэ
За літар малака «ад насельніцтва» малаказавод плаціць 40 капеек. Для Тарэсы і яе сына Антона — гэта добры дадатак да сямейнага бюджэту. Яе пэнсія — 130 рублёў. Ён робіць грузчыкам на палову стаўкі і атрымлівае 85 рублёў. На дзьвюх каровах яны зарабляюць яшчэ каля 200 рублёў на месяц.
«Мы ўсё пад нуль здаем, — кажа Тарэса. — У нас яшчэ козачкі ёсьць. Мы іхнае малако п’ем».
Антонаў заробак у 85 рублёў — ня самы малы для Друі. Больш можна зарабіць у дзіцячым доме ці школе. Але там шмат "грамадзкай" працы і суботнікаў. З такой працай цяжка трымаць гаспадарку. У калгасе на поўную стаўку плацяць каля 50 рублёў.

Мова
Этнічную прыналежнасьць жыхароў Піедруі вызначыць цяжка. Вулічная мова даволі падобная да «друйскай» — расейская са шматлікімі беларусізмамі.

На пачатку XX стагодзьдзя ў Друі было два касьцёлы. Цяпер захаваўся адзін — Найсьвяцейшай Тройцы. Савецкія ўлады зачынілі яго ў 1947 годзе. Дзесяцігодзьдзямі разбураўся. Толькі ў 1989 годзе касьцёл вярнулі вернікам.

Ад 1920-х гадоў у кляштары разьмясьціліся манахі-марыяне. З таго часу і па сёньня ў Друі моляцца выключна па-беларуску.

За саветамі касьцёл у Піедруі не зачынялі, таму друйскія каталікі штонядзелі плавалі лодкамі ў Піедрую. І нават калі ў Друі касьцёл ізноў адчынілі ў 1989-м, жыхары заходняй часткі мястэчка ўсё адно плавалі лодкамі ці хадзілі па лёдзе на імшу ў Піедрую, бо бліжэй.

Імшу ў Піедруі правяць па-польску, бо «тут так заведзена», — коратка тлумачаць мясцовыя жыхары.

Краслаўскі край, у які ўваходзіць Піедруя, — самы беларускі ў Латвіі. Паводле перапісу насельніцтва 2011 году тут жыве 20% беларусаў. Амаль столькі ж, колькі расейцаў, латгальцаў і латышоў.
Гістарычна ў Латгаліі жыло шмат беларусаў. Латвійскі дасьледчык Эрык Екабсонс піша, што ў 1925/26 навучальным годзе ў Піедруйскай воласьці працавала 8 пачатковых беларускіх школ («Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялогу цывілізацый». Мінск, 2000). А паводле перапісу 1935 году беларусы складалі 68,2% насельніцтва воласьці.

Што ў Друі і Піедруі думаюць адны пра адных

Беларусы пра латвійцаў:
«Калі б у Латвіі такія месцы былі, як у нас, там бы ўжо даўно кавярні стаялі і бабулькі бегалі вакол ды печыва прадавалі».
«У мяне брат у Латвіі. У яго заробак — тысяча эўраў. А тут 220 рублёў — добры заробак. І што тут параўноўваць?»
«Ды мала што мы пра Піедрую ведаем. Калі прыяжджае хто на сустрэчу выпускнікоў, дык мы ўсе распытваем».
«Ведаем, што ў іх беспрацоўе, амаль усе зьехалі за мяжу, а ў краіне засталіся толькі старыя. Але і ў нас ня лепш. Вось дзіцячы дом зачыняць — а гэта плюс 70 беспрацоўных на нашую Друю».
«Яны лічаць, што ў нас добра жыць, бо палі ўзараныя. Але паглядзіце, і ў іх фэрмэры завяліся. Вось поле рапсам засадзілі».
Латвійцы пра беларусаў:
«Вы малайцы, у вас вось — праграма разьвіцьця сяла прынятая. Бачылі, у Друі краны стаяць. Набудавалі там дамкоў. Вось на гэтай вуліцы толькі 15 новых налічыў».
«Фігова там жывуць. Відаць жа. Калі адзін аўтобус двойчы на дзень ходзіць — як там жыць? Карацей, вашая Віцебская вобласьць троху адсталая. Як і Латгалія».
«Баршчэўнік ў вас шмат, вось што бачым мы. Клюб вунь зарос ім. Увесь бераг у баршчэўнік».
«У нас Ліга, а ў вас у Беларусі — Купальле. Мы палім вогнішчы, і ў вас на беразе ракі паляць».
«У нас менш месцаў, дзе можна купацца. З боку Беларусі і пляжы ёсьць. Раней зайздросьцілі, што беларусы ўвесь час купаюцца, а ў нас няма месца. Спускаесься да ракі — а там адразу абрыў».


Над праектам працавалі:

Юлія Коцкая, Антон Трафімовіч, Андрэй Шаўлюга, Максім Лаўрэцкі, Зьміцер Васількоў

2017 © Pangea Digital, Радыё Свабода