Уладзіслаў Сыракомля напісаў некалькі краязнаўча-гістарычных працаў. У 1857 годзе ў часопісе Teka Wilenska быў надрукаваны ягоны нарыс «Менск», напісаны ў сааўтарстве з Адамам Шэмешам. У першай частцы нарысу расказваецца пра сучасны горад і яго жыхароў. У другой Сыракомля піша пра гісторыю Менску ад старажытных часоў крывічоў і да канца XVІІІ стагодзьдзя. На беларускую мову твор быў перакладзены і выдадзены ў 1992 годзе. |
— Самым лепшым з старых, яшчэ савецкіх выданьняў, прысьвечаных Менску, я лічу фотаальбом Зянона Пазьняка 1967 году, — казаў гісторык і культуроляг Сяргей Харэўскі для «Пяцікніжжа Свабоды». — Зрэшты, і сёньня цяжка з чым параўнаць тую дыхтоўную, квадратнага фармату, у цьвёрдым пераплёце кнігу з шыкоўнымі чорна-белымі фотаздымкамі. Ягоная кніга стала сапраўдным бэстсэлерам. Там упершыню быў дадзены мастацтвазнаўчы аналіз архітэктурнае спадчыны Менску, расказаная гісторыя стыляў, а ўсе здымкі, у тым ліку і аўтарскія, былі дакладна атрыбутаваныя і датаваныя. Сёньня гэтая кніга мае ўнікальную дакумэнтальную каштоўнасьць, бо тое, што мог тады сфатаграфаваць аўтар, ужо не існуе. |
— Праз 17 гадоў пасьля выхаду фотаальбому Зянона Пазьняка выйшаў іншы фотаальбом — «Менск на старых паштоўках», — працягвае Харэўскі. — Зрэшты, тую невялічкую кніжачку ў мяккім пераплёце назваць альбомам можна з нацяжкаю. Але ягонае аздабленьне, у модным тады стылі «рэтра», настолькі выбівалася сваёй густоўнасьцю і цэласнасьцю, што прыцягвала міжволі ўвагу эстэтаў і гуманітарыяў... Гэта быў, безь перабольшаньня, эстэтычны прарыў. Але гэта быў і прарыў сьветапоглядны. Мы зусім іншымі вачыма, праз калекцыю старых, яшчэ расейскіх часоў паштовак, зірнулі на родны горад. Я толькі з гэтага фотаальбому і дазнаўся, дзе ў нас ёсьць катэдральны касьцёл, міма якога як спартыўнага таварыства «Спартак» я хадзіў гадамі! Мы, юныя беларусы, з трымценьнем адкрывалі для сябе старасьвецкія назвы сваіх вуліцаў і з захапленьнем разглядалі хараство зьнішчаных храмаў. |
— У 1985 годзе выйшла тонкая брашурка Ўладзімера Дзянісава па-расейску — «Площадь Свободы в Минске», — адзначае Харэўскі. — На першы погляд непрэзэнтацыйнае, гэтае выданьне ўжо мела зусім іншы дыскурс. Бо ў ім пісалася ня столькі пра зьнішчаныя помнікі нашае даўніны, колькі пра тыя, што дзівам ацалелі. Больш за тое, у кнізе Дзянісава былі зьмешчаныя праекты іх рэстаўрацыі і аднаўленьня. У гэтай брашурцы былі малюнкі і фотаздымкі даўніх часоў і раней нікім не чытаныя цытаты падарожнікаў і публіцыстаў мінулых эпохаў. Зь іх стары Менск паўставаў калі ня «Градам нябесным», то прынамсі зусім эўрапейскім горадам, апірышчам заходняе цывілізацыі, зьнішчаным ворагамі. |
— Яшчэ адна кніга, у якой скрозь сачылася антысавецкасьць, была ляпідарная афармленьнем і безэмацыйная стылем навуковая праца Захара Шыбекі «Минск в конце XIX — начале ХХ в.», — кажа Сяргей Харэўскі. — Нібы разьлічаная на вузкае кола чытачоў, абазнаных у палітычнай эканоміі і ў сацыялёгіі, яна прама пярэчыла нашым савецкім падручнікам. З кнігі Шыбекі вынікала, што беларуская сталіца сталася ўнікальным палітычным цэнтрам, дзе ўтварыліся сацыялістычныя і сіянісцкія рухі і партыі Расеі, Польшчы і Беларусі, празь якія палітычная гісторыя ўсёй Эўропы склалася так, а ня іначай. Пазьней Захар Шыбека стаў аўтарам тых выдатных пульхных, добра аформленых кніг, што сёньня ўпрыгожваюць нашы кніжныя зборы. А тады, у далёкім 1985 годзе, гэта быў першы стрэл у савецкую гістарыяграфію пра Менск. |
— Гэтае вялікае, шыкоўна на свой час праілюстраванае выданьне ўнікальнае з многіх прычынаў, — заканчвае свой топ-5 Харэўскі. — Вядома ж, і праз тое, што большасьць з тых будынкаў, што яшчэ можна было якасна сфатаграфаваць у колеры ў апошнія гады СССР, ужо разбураныя. Фотаздымкі, малюнкі і паштоўкі Васіля Каляды, карэннага менчука, зробленыя ім самім і сабраныя за дзесяцігодзьдзі калекцыянэрскіх пошукаў, — унікальны жыцьцёвы праект. Подпісы і ракурсы здымкаў і невядомыя цяпер нікому адрасы былі выяўленыя ў кнізе «Менск учора i сёньня» самым лепшым, прыгожым бокам. Празь ягоны збор, празь ягоныя ўспаміны мы можам уваскрасіць той стары Менск, які яшчэ бачылі нашы бацькі і дзяды і ніколі ўжо ня ўбачым мы. Ніколі. |
Фотаальбом «Горад СОНца» сам Артур Клінаў называе «візуальнай паэмай у трох частках». У яго ўвайшлі каля ста фотаздымкаў і эсэ Клінава пад аднайменнай назвай «Горад СОНца». З 2000 па 2004 год фатаграфаваў горад. Сярод 5000 фотаздымкаў для альбому ён адабраў 100. «Горадам Сонца» Клінаў называе забудову 1930-1950-х гадоў, так званы сталінскі ампір. На яго думку, гэта адзінае ўвасабленьне ідэальнага гораду ў Савецкім Саюзе. Як ён распавядаў у інтэрвію TUT.BY, горад Сонца — гэта ўнікальны горадабудаўнічы комплекс, ансамбаль, каштоўны менавіта сваёй цэласнасьцю. |
Першы том кнігі Леаніда Маракова ў момант раскупілі ў менскіх кнігарнях. Як напісана ў анатацыі, гэта грунтоўнае дасьледаваньне пісьменьніка гісторыі соцень дамоў галоўнай вуліцы Менску — праспэкта Незалежнасьці, вуліцы, што цягам свайго існаваньня каля дзясятка разоў мяняла назвы. Маракоў умоўна падзяліў вуліцу на 14 кварталаў. Ён раскапаў, наколькі гэта было магчыма, гісторыю кожнага будынка і кожнай кватэры праспэкту. Ён апісвае біяграфіі шараговых жыхароў, часам дэтэктыўныя і містычныя. У кнізе поўна ўнікальных фотаздымкаў, якія раней нідзе не публікаваліся. Усяго ён сабраў інфармацыю пра дзьве сотні дамоў галоўнага праспэкту Менску. |
Да 950-й гадавіны Менску выйшаў унікальны фотаальбом Віктара Корбута і Дзьмітрыя Ласько. У ім сабраныя здымкі ўсіх помнікаў архітэктуры, пабудаваных у Менску да 1917 году, якія ацалелі да нашых дзён. На больш як 400 старонках зьмешчана звыш 1500 сучасных і архіўных фотаздымкаў менскай архітэктурнай спадчыны. Таксама ў кнізе зьмешчаны QR-коды, дзякуючы якім на тэлефоне можна пабачыць 3D-выявы чатырох менскіх храмаў. «Стары горад захінуты сучаснымі гмахамі. Дзякуючы здымкам Дзьмітрыя Ласько нам удалося вывесьці помнікі старажытнасьці зь ценю сучаснай архітэктуры, — казаў Віктар Корбут пра фотаальбом газэце „Туризм и отдых“. — Альбом, спадзяюся, стане арыенцірам у тым ліку для гарадзкіх уладаў: каб яны ведалі, якое багацьце акружае менчукоў, і каб працягвалі дбаць пра яго захаваньне» |
— Мы ўжо ведаем, дзякуючы фотаздымкам з часоў вайны, як выглядаў напаўразбураны Менск з-пад крыла нямецкага самалёта. Цяпер жа даведаліся, як «з такой высакосьці» на яго глядзелі ягоныя былыя жыхары, якім, як «летунам-бальшавікам», даручыў пякельнае заданьне руйнаваць з паветра радзімае гняздо таксама былы мянчук, — распавядала для рубрыкі «Пяцікніжжа Свабоды» Вольга Бабкова. Героем апавяданьня выступае і сам «каханы горад», які па волі бязьлітаснага лёсу становіцца аб’ектам налёту, і праз гэта руйнуюцца таксама жыцьці галоўных пэрсанажаў. У беларускай літаратуры яшчэ ў часы вайны зьявіўся твор, які праўдзіва расказаў сучасьнікам пра трагізм існаваньня чалавека ў ваенных умовах. Адметная магія мовы менчука Антона Адамовіча, якая калісьці гучала на вуліцах любімага ім гораду. |
— Выдатная проза, якая, паводле аўтара, кампазыцыйна нагадвае раман у навэлах, сапраўды ёсьць хронікай Менскуа часоў перабудовы, хронікай самотнага чалавека ў гэтым горадзе, — піша Бабкова пра кнігу Асташонка. — А таксама «праўдзівай гісторыяй». «Юбілейка», «Мутнае вока», кінатэатры «Новости дня», «Победа», могілкі на Чыжоўцы, таварная станцыя, каток на «Дынама», гарадзкія хіпі — менскія рэаліі, ужо ўдрукаваныя ў ягоную гісторыю. Гэтаксама, як і «гарачы» пункт шклатары ў цэнтры гораду. Ці не зрабілася сёньня ягонай пераемніцай кнігарня «ЛогвінаЎ»? Я ў гэтым цалкам перакананая. Заходзяць жа сюды дасюль наведнікі той установы, шукаючы невідушчымі вачыма былое. Героі са старонак апавяданьня Асташонка «Шклатара». А галоўнаму герою, адрынутаму з рэчаіснасьці, застаецца адно скочыць, раскрыўшы стары чорны парасон, з пустой дзедавай адрыны. |
— Чым пахне ў горадзе? Духмянай кавай, булачкамі, памаранчамі, рассыпанымі на рагу вуліцы, парфумай, газіроўкай, цыгарэтамі, а таксама мокрай зямлёй, вясновым вулічным пылам, зялёнай маладой лістотай. Выдатнае апавяданьне Міхася Стральцова прасякнута такім сьветлым настроем, напісана такой паэтычнай мовай, што проста адчуваеш між радкоў павеў сіняга стральцоўскага ветру ды напятасьць ветразяў. І таму верыш, нават міжволі, ва ўласную здольнасьць бясконца адшукваць таемнасьці гэтага сьвету, — кажа Бабкова. |
— Адзін з самых адметных раманаў у беларускай літаратуры, — працягвае Вольга Бабкова. — Духоўныя пошукі, «вострыя» разважаньні, «жыцьцёвыя блытанасьці» ягоных герояў збольшага адбываюцца на вуліцах Менску сярэдзіны 20-х гадоў. Гораду, напоўненага грукатам конкі і калёсаў па бруку, крыкамі паравікоў і пеўняў, стукам цягнікоў і зыкам званоў, а таксама дзіцячым крыкам і сьпевам гарадзкіх птушак. Гораду, дзе ў цесных пакойчыках, у піўных, у кавярні на Каломенскай пад гукі скрыпкі, на вакзале, у сквэрах вядуцца спрэчкі і думаецца пра сэнс існаваньня. Гораду, які на пачатку вясны ўвесь «у барацьбе з гразёю», дзе пахне сьвежасьцю і вапнаю ад тынкаваных вільготных сьценаў камяніц, дзе гайдаюцца пад нагамі драўляныя тратуары, дзе вада Сьвіслачы ўвечары мацней пахне гарадзкой цеснатой. А дзень прыходзіць гатовым «да вялікіх жорсткасьцяў у імя вялікай ласкавасьці». |
— Выкшталцоны твор пра Освальда ў Менску напісаў Аляксандар Лукашук, — піша Бабкова. — Некалькі гадоў, пражытых амэрыканцам у нас, зрабілі горад аб’ектам пільнай увагі. Менск узору 1960-х разам зь ягонымі насельнікамі паўстаў праз самыя розныя сьведчаньні. І найперш праз адрасы галоўных герояў — меркаванага забойцы амэрыканскага прэзыдэнта, ягонай жонкі і знаёмцаў. Гэткі своеасаблівы экскурс па яўных і ўяўных мясьцінах гораду. Мы можам наведаць кінатэатар «Цэнтральны», але ўжо не адшукаць у гарадзкіх рэестрах кінатэатра «Летні». Зайсьці ў гатэль «Мінск», але дарэмна шукаць вачыма шыльду кавярні «Вясна» на праспэкце. Нават у раёне, блізкім ад Грушаўкі, дасюль жыве міт пра чалавека са стрэльбай. Хутчэй пра ягоную жонку, якая нібыта працавала ў маленькай крамцы (цяпер кавярня на рагу вуліц Карла Лібкнэхта і Хмялеўскага). Але ж у шпіталі насупраць Освальд сапраўды ўпершыню прапанаваў шлюб сваёй менскай абраньніцы. |
Аўтабіяграфічны раман Уладзімера Някляева пра менскіх стыляг часоў хрушчоўскай адлігі. Антысавецкія сходкі ў Менску ў пачатку 60-х, несанкцыяваныя ўладай паэтычныя чытаньні на прыступках Тэатру юнага гледача, паседжаньні «Палітбюро ЦК КПСС» у вар’ятні — усё гэта адбываецца ў рамане Някляева. «Я пражыў у Менску жыцьцё, і мне не хапала легенды пра яго, — казаў Някляеў у інтэрвію Свабодзе. — І я падумаў, што гэтай легендай можа быць маё юнацтва, што ў гэтую легенду ўвойдуць тыя людзі, якіх я ведаў і любіў у 60-я гады. Шыкоўныя, прыгожыя гады, бо гэта былі часы маладосьці». |
Зборнік эсэ па гісторыі штодзённасьці Вялікага Княства Літоўскага XVI-XVII стагодзьдзяў выйшаў у 2010 годзе. Героі кнігі — простыя людзі, жыцьцё якіх зафіксаванае ў адпаведных натарыяльных актах. Нараджэньні, шлюбы, скаргі, суды і сьмерці — дакумэнты аб гэтых падзеях могуць расказаць шмат цікавага. З кнігі Вольгі Бабковай таксама можна даведацца пра вуліцы старога Менску, пра сярэднявечныя кошты, пра тагачаснае стаўленьне да дзяцей. Вольга Бабкова пачала працаваць у архіве старажытных актаў з судовымі паперамі — канцылярскімі кнігамі, разнастайнымі актамі, тэстамэнтамі. У 2010 годзе за «...І цуды, і страхі» Бабкова стала ляўрэаткай літаратурнай прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру. |
«Шабаны. Адно з сакральных месцаў сёньняшняга Менску. Канцавая станцыя мітычных аўтобусаў і нікому не цікавых лёсаў, — гаворыцца ў апісаньні кнігі. — Менавіта ў Шабанах і іх ваколіцах разгортваецца дзея гэтай кнігі, у якой прыватныя жыцьці герояў пераплятаюцца з забытымі тэорыямі акадэміка Мара, за кожным паваротам чакае патруль часу, а ўспаміны дзяцінства пішуцца на старых мапах». — Кніга атрымалася настальгічная, — казаў Бахарэвіч у інтэрвію «Будзьме». — Бо Шабаны зьнікаюць і ніколі ўжо ня вернуцца, Шабаны майго дзяцінства, майго юнацтва. Кніга мае падзагаловак «Гісторыя аднаго зьнікненьня», але зьнікненьняў у ёй шмат. Саступае месца гораду, зьнікае вёска Шабаны. Зьнікаюць людзі, зьнікае дзяцінства, зьнікае Радзіма. Гэта кніга пра немагчымасьць вяртаньня. Тое, што я зьехаў, дапамагло мне зразумець, што вярнуцца немагчыма. Бо ў тую Беларусь, зь якой я зьяжджаў, я ўжо ніколі не вярнуся. |
«Гэта гісторыя пра адну менскую кавярню, — гаворыцца ў анатацыі кнігі. — Расповед пра трох герояў, якія трапляюць у яе напрыканцы васьмідзясятых і адтуль не выходзяць». У інтэрвію Свабодзе Ігар Бабкоў распавядаў пра свой раман: «Кавярня — гэта надзвычай важнае месца. Ёсьць тое, што можна назваць мэтафізыкай кавярні. Гэта ня проста месца, дзе ядуць або адпачываюць, а месца, дзе адбываецца штосьці важнае. „Хвілінка“ існавала ў рэальнасьці, гэта вядомы ўсім менскім інтэлектуалам барны закутак на праспэкце, і ён стаў поўнафарматным героем раману. Чаму менавіта „Хвілінка“? У пэўны момант мне захацелася перадаць атмасфэру той эпохі^; тую халодную, тонкую, неверагодна насычаную энэргетычную атмасфэру, поўную мрояў і прадчуваньняў, якая сёньня засталася толькі ў нашай памяці. У канцэнтраваным выглядзе ўсё гэта існавала ў тым невялічкім барным закутку, „Хвілінцы“, і нават бармэн быў рэальны, то бок сапраўдны Леа, альбо Лёня, гатаваў найлепшую каву ў горадзе. Гэта, так сказаць, мой унёсак у міталягізацыю Менску». |
Юр’енен нарадзіўся ў сям’і вайскоўцаў у Нямеччыне, рос у Ленінградзе, Горадні і Менску. Вучыўся на журфаку БДУ, пасьля — на філфаку МДУ ў Маскве. З 1977 году жыве ў эміграцыі. Спачатку ў Францыі, а з 2005-га — у ЗША. «Яна (аповесьць. — РС) уяўляе сабой своеасаблівы погляд збоку на Менск як чужы, няродны, часам не да канца зразумелы горад, які ёсьць толькі дэкарацыяй для сюжэту жыцьця, — піша гісторык і паэт Антон Рудак у часопісе „Прайдзісьвет“. — Менск у гэтай кнізе паўстае даволі пазнавальным, але разам з тым і нязвыкла іншым, амаль містычным». |
Выхадзец са Смаргоні, Майсей Кульбак быў адным з найпапулярнейшых габрэйскіх пісьменьнікаў міжваеннага часу. Пасьля эміграцыі ў 1928 годзе ён пераехаў у БССР. Пісаў на дзяржаўнай мове ідыш. Раман «Зельманцы» — гэта невядомая гісторыя міжваеннага Менску. Як пісала Вольга Бабкова для Пяцікніжжа Свабоды, Менск у рамане прысутнічае не праз дакладныя адрасы, а праз адчуваньне прасторы (палі, тракты), гукі ( «новы дзіўны звон» трамвая), колеры (сіні, срэбны, ліловы...) і брук. «Раман — хроніка двара, сям’і, разгалінаванай як сямісьвечнік, якая распачалася ад рэбэ Зелмелэ ў 1863 годзе і пражыла на адным месцы 70 гадоў, пакуль побач не пачалі будаваць фабрыку „Камунарка“». |