Люблю дождж. Асабліва летні, цёплы. Кроплі на сваім шляху да зямлі натыкаюцца на дахі дамоў, вершаліны дрэў, машыны, парасоны, зь якімі вечна кудысьці сьпяшаюцца людзі.
Кроплі б’юць па асфальце і зьбягаюцца ў ручайкі вясёлкавага колеру, імкнучыся хутчэй змыць бруд з твару зямлі.
Пад дажджом выпростваецца трава, становіцца ярка-зялёнай, з празрыстымі пацеркамі на сьцяблінках. Дрэвы з удзячнасьцю і задавальненьнем шапочуць чыстаю, мокраю лістотай, нібыта кажучы: «…нарэшце… нарэшце… дождж… дождж…»
Паветра пасьля дажджу чыстае, прасякнутае пахамі зямлі. Ды й сама Зямля ўяўляецца ня йнакш, як маладой прыгожай жанчынай.
Юрась Півуноў
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org