З ранку ён думаў толькі пра яе. Як яна нешта кажа яму і як ён дакранаецца да яе…
Яны гадаваліся разам ад малога. Але гэтым летам іх сяброўства нечакана выбухнула падлеткавым каханьнем даўжынёй у два месяцы летніх канікулаў. А учора яна, нечакана, згадзілася сустрэцца сёньня ў іх летняй хаце.
Ён даўно сабраўся, але да сустрэчы заставалася больш за тры гадзіны, і ён уключыў тэлевізар.
Пазьняк, дэпутаты — у наўпроставай трансьляцыі зь Вярхоўнага Савету гаварылі пра нашу незалежнасьць. Ён хацеў ісьці, але разумеў, што зараз ствараецца гісторыя, і хацеў быць сьведкам незалежнасьці!
А недзе там, у прахалодным ложку летняй хаты, ляжала яна.
Так мінула 24 жніўня 1991.
Ігар Кузьмініч
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org