27 ліпеня акцыі «Фэйсбука» падаражэлі адразу на 5%, і капіталізацыя кампаніі (яе рынкавы кошт) упершыню перавысіла 500 мільярдаў даляраў. Такім чынам, «Фэйсбук» стаў пятай кампаніяй у сьвеце, якая перасягнула гэтую мяжу, і далучыўся да Amazon (515 мільярдаў), Microsoft (573 мільярды), Alphabet (яна ж Google, 664 мільярды) і Apple (799 мільярдаў).
Гэта вялізныя сумы нават у параўнаньні са сродкамі, якімі апэруюць урады асобных краін. Напрыклад, золатавалютны запас Беларусі на ліпень 2017 году быў роўны 5,6 мільярда даляраў. А зьнешні доўг — 15,6 мільярда.
Свабода сабрала зьвесткі пра кошт вядомых беларускіх кампаній. Як правіла, такая інфармацыя зьяўляецца, калі ўрад зьбіраецца прадаць кампанію іншаму ўласьніку.
Апошні раз больш-менш аб’ектыўная інфармацыя пра рынкавы кошт Менскага аўтамабільнага заводу зьяўлялася ў 2011 годзе, калі ацэнкай прадпрыемства займалася брытанская кампанія Ernst & Young. Першая спроба беларускія ўлады не задаволіла (брытанцы назвалі суму 800 мільёнаў). З другога разу кошт МАЗа павысіўся да 1,095 мільярда — але гэты кошт не задаволіў ужо магчымага пакупніка. Расейскі «КамАЗ» здабываць кантроль над МАЗам за такія грошы адмовіўся.
З таго часу стан рэчаў на МАЗе толькі пагаршаўся, таму гаварыць пра падвышэньне кошту прадпрыемства не выпадае. Такім чынам за адзін Фэйсбук тэарэтычна можна набыць ажно 500 Менскіх аўтамабільных заводаў.
Рынкавы кошт аднаго з гігантаў беларускай хімічнай прамысловасьці ацэньвалі ў 2014 годзе. Тады на прадпрыемстве працавала больш за 7700 чалавек, і кампанію вырашылі прадаць новым уласьнікам з Расеі. Пакет, які складаўся з 25% акцыяў, урад Беларусі ацаніў у 400 мільёнаў даляраў. У адказ расіяне заявілі, што рэальны кошт прадпрыемства прыкладна ў паўтара раза меншы. Набываць беларускае прадпрыемства яны адмовіліся.
Ацаніць кошт вядомага ў сьвеце беларускага распрацоўшчыка кампутарных гульняў цяжэй, чым кошт ІТ-кампаній, зарэгістраваных у ЗША ці Эўропе. Справа ў тым, што з 2011 году кампанія Wargaming юрыдычна не беларуская, а кіпрская. Усе яе акцыі падзеленыя паміж чатырма ўладальнікамі, асноўны зь якіх — заснавальнік Віктар Кіслы: яму належыць 38% акцый. У свабодным абарачэньні знаходзіцца толькі 2% акцый кампаніі.
Тым ня менш у 2016 годзе агенцтва Bloomberg ацаніла кампанію Віктара Кіслага ў 1,5 мільярда даляраў, а сам ён стаў самым багатым беларусам, пацясьніўшы ў гэтым рэйтынгу Юрыя Чыжа.
На дадзены момант гэта хутчэй амэрыканская кампанія, чым беларуская. Але параўнаць рынкавы кошт аднаго з найбуйнейшых рэзыдэнтаў Беларускага парку высокіх тэхналёгій з гігантамі Крэмніевай даліны ў Каліфорніі як мінімум цікава. Прыбыткі кампаніі стабільна растуць з 2009 году, а капіталізацыя перавышае 3,3 мільярда даляраў.
Адзін з найбуйнейшых перапрацоўшчыкаў нафты ва Ўсходняй Эўропе даўно прыцягвае ўвагу патэнцыйных інвэстараў. 19 лютага 2014 году кіраўнік Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці Георгі Кузьняцоў нават агучыў кошт завода — 4 мільярды даляраў. Тады ж беларускія ўлады пагадзіліся прадаць сваю долю (Дзяржкамітэту па маёмасьці належыць 42,76% акцый). Пакупнікоў не знайшлося, доля дзяржавы ў прадпрыемстве застаецца ранейшая. Завод працягвае прыносіць прыбытак (хоць і параўнальна невялікі) і застаецца пакуль адным зь лідэраў беларускай эканомікі.
Яшчэ адно прадпрыемства, да якога рэгулярна праяўляюць цікавасьць патэнцыйныя інвэстары з усходу. У 2012 годзе дайшло да выстаўленьня коштаў. Тагачасны віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка прапанаваў расіянам набыць БМЗ за 8 мільярдаў даляраў. Пры гэтым запрошаныя расейскім бокам экспэрты ацэньвалі беларускае прадпрыемства як мінімум удвая таньней. У выніку БМЗ па-ранейшаму належыць дзяржаве.
Самы буйны беларускі банк пакуль не выстаўляўся на продаж, аднак ацаніць яго актывы нашмат прасьцей — інфармацыя пра гэта рэгулярна зьяўляецца ў адкрытым доступе. На пачатак 2017 году памер актываў банку складаў прыкладна 14 мільярдаў даляраў. Пры гэтым «Беларусбанк» мае стабільны прагноз ад агенцтваў Standard & Poorʼs і Fitch Ratings.
Верагодна, адзін з самых каштоўных беларускіх актываў. Кошт, за які Беларусь гатовая разьвітацца зь «Беларуськаліем», у 2011 годзе называў сам Аляксандар Лукашэнка. «Грошы на бочку, заўтра атрымаеце акцыі», — сказаў кіраўнік краіны. Тады 30 мільярдаў даляраў у патэнцыйных інвэстараў не знайшлося. Расіяне зноў заявілі, што Беларусь вельмі шмат хоча за прадпрыемства. Больш адэкватным яны назвалі кошт у 25 мільярдаў. Пазьней было супрацоўніцтва з «Уралкаліем» і арышт Баўмгертнэра ў Менску. Як вынік — «Беларуськалій» застаецца дзяржаўным. У апошнія гады прадпрыемства нясе страты, а зьніжэньне заробкаў вясной 2017 году нават прывяло да стыхійнага страйку.