Чвэрць стагодзьдзя пасьля заканчэньня Халоднай вайны адносіны паміж ЗША і Расеяй дасягнулі сваёй найніжэйшай кропкі, піша амэрыканскае выданьне The Washington Post ў рэдакцыйным матэрыяле, азагалоўленым «Мы знаходзімся на шляху да новай халоднай вайны».
Паводле выданьня, віну за цяперашнюю напружанасьць у амэрыканска-расейскіх адносінах поўнасьцю нясе прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, які зрабіў некалькі «дрэнных выбараў» палітычнага характару.
Па-першае, лічыць рэдакцыя, Пуцін зрабіў дрэнны выбар, калі пастанавіў анэксаваць Крым і ўзьняць паўстаньне супраць Кіеву на Данбасе, такім чынам парушыўшы ўсе пасьляваенныя нормы дзяржаўнага сувэрэнітэту. «Спадар Пуцін расстроіўся рашэньнем Украіны падпісаць пагадненьне з Эўразьвязам, але Ўкраіна не зьяўляецца васалам Расеі, і прэтэнзіі Пуціна на сваю сфэру ўплыву — неапраўданыя», — піша The Washington Post.
Па-другое, паводле выданьня, наступным дрэнным выбарам Пуціна было ўмяшаньне ў амэрыканскую прэзыдэнцкую кампанію, каб кампрамэтаваць кандыдатуру Гілары Клінтан і дапамагчы Дональду Трампу. «Спадар Пуцін і яго памочнікі цынічна адмаўляюць, што яны спрабавалі ўмешвацца ў выбары ЗША, але, вядома, яны дакладна ведаюць, што адбылося і як. Санкцыі, уведзеныя прэзыдэнтам Баракам Абамам у сьнежні летась і нядаўна ўзмоцненыя Кангрэсам не зьявіліся з паветра. Яны — лагічны адказ на спробу Пуціна ўмешвацца ў амэрыканскую дэмакратыю», — адзначае The Washington Post.
Ці гэтыя крокі Пуціна мелі станоўчыя наступствы для Расеі і глябальнай стабільнасьці? — задаецца пытаньнем The Washington Post. І адказвае:
«Спадар Пуцін паводзіць сябе так, як быццам ён лічыць, што Расея ідзе з горда ўзьнятай галавой. Магчыма, у яго сьвеце гульняў з нулявой сумай ён адчувае задавальненьне ад замяшаньня ў палітыцы ЗША, але яго тактыка выйшла яму бокам як ва Ўкраіне, так і ў Злучаных Штатах. І выбар Пуціна аказаўся дарагім для Расеі, яе эканомікі і яе народу».