Дзе вандруюць, чым сьнедаюць і з кім робяць сэлфі кіраўнікі апазыцыйных партый і арганізацый
Тацяна Караткевіч
karatkevich, 625 posts, 2981 followers, 631 following
Інстаграм першай у гісторыі Беларусі кандыдаткі на пасаду прэзыдэнта, відаць, самы папулярны сярод інстаграмаў беларускіх палітыкаў. Амаль тры тысячы падпісчыкаў. Прычым сама Тацяна праглядае фотаздымкі толькі 631 чалавека. Акрамя фота з працоўных сустрэчаў у інстаграме Тацяны Караткевіч шмат асабістага. Сэлфі з рэжысэрам Курэйчыкам і акторам Сухарукавым (Тацяна любіць кіно), фота ўласнаручна сабраных букетаў палявых кветак, дрэваў і здымкі з падарожжаў. Сярод апошніх вандровак – Стакгольм ды Кіеў. Ёсьць таксама фота з катамі і сабакамі ды здымкі з рок-канцэртаў. А яшчэ сэлфі з дыпляматкай Аленай Купчыной ды спэцдакладчыкам ААН аб правах чалавека Міклашам Харасьці. |
«Ну я ж творчая натура, але інстаграм завяла не таму, вядома. Гэта, з аднаго боку, прафэсійная тэма. Нельга быць палітыкам і ігнараваць сацсеткі. А з другога боку, хочацца часам проста нешта сфатаграфаваць. Еду некуды, зь людзьмі сустракаюся і адчуваю неадольную сілу паказаць іншым тое, што я сама пабачыла. Некалі ў мяне быў лічбавы фотаапарат. Але цяпер толькі „Зэніт“ застаўся. Таму фатаграфую айфонам. Мне хапае пакуль».
Анатоль Лябедзька
liabedzka, 130 posts, 452 followers, 446 following
Вельмі спартыўны акаўнт вядзе шматгадовы лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Тут вам і марскія заплывы, і паездкі на ровары і нават спуск зь дзіцячай пляцоўкі. Палітык любіць водных птушак (адразу некалькі здымкаў з качкамі) ды кветкі (у самых розных праявах). З апошніх падарожжаў — паездка ў Бэрлін (здымак з Бундэстага) ды Стакгольм. |
«Навошта я фатаграфую? Для душы... Сучасныя гаджэты дазваляюць рэалізаваць формулу „сам сабе фатограф“. Прыватнае жыцьцё — гэта твая тэрыторыя, у якой ёсьць дзьверы, i ты сам вызначаеш, калi і для каго iх адчыняць»
Аляксей Янукевіч
a_janukevich, 34 posts, 391 followers, 356 following
Падпісчыкі старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча могуць пабачыць, што ён любіць авіяцыю, матацыклы, архітэктуру беларускіх мястэчак, паходы ў тэатар і на рок-канцэрты. Таксама ў інстаграме Янукевіча шмат пэйзажаў, зробленых на берагах вадаёмаў, дарожныя фота (таксама са Стакгольму). Ёсьць здымак, зроблены падчас акцыі ў абарону Курапатаў. Сэлфі са славутасьцямі Аляксей, па ўсім відаць, ня вельмі любіць. |
«У „Фэйсбуку“ я перадусім пра палітыку пішу, таму кантэнт падбіраю адпаведны, паводле пэўных крытэраў. А „Інстаграм“ — для тых момантаў, калі хочацца нефармальнымі фота падзяліцца. Зрабіць здымак звычайнага жыцьця, паказаць знаёмым. Я авіяцыяй вельмі захапляюся. Ежджу ў аэрапорт самалёты фатаграфаваць часам. Але не на тэлефон, а на камэру. Гэтыя здымкі не публікаваў яшчэ. Калегі нават прапаноўвалі зрабіць выставу, але пакуль да гэтага не дайшло».
Андрэй Дзмітрыеў
belarusian, 1047 posts, 1907 followers, 2490 following
Адзін з кіраўнікоў «Гавары праўду» карыстаецца інстаграмам ва ўсю. Тут і справаздачы з агітацыйных паездак, і відэазвароты, і ўлёткі, і шмат іншых сьведчаньняў таго, што вы падпісаліся на актыўнага апазыцыянэра. У інстаграме Дзьмітрыева можна пабачыць здымкі кветак, коцікаў, сабачак і каляровых шкарпэтак. Як прынята ў інстаграм-карыстальнікаў, у Дзмітрыева ёсьць здымкі за абедам (сырнікі з малінавым варэньнем і хачапуры), у транспарце (трактар «Беларус» і электрычка) і сэлфі. Фатаграфуецца палітык у асноўным ў адзіноце, зь дзецьмі, альбо з паплечніцай Тацянай Караткевіч. |
«„Інстаграм“ мне тым падабаецца, што можна адтуль фота перакінуць ва ўсе іншыя сацсеткі. Але аўдыторыя там спэцыфічная. Напрыклад, калі была парлямэнцкая кампанія, то прыяжджаю ў нейкую мясцовасьць, а там падыходзяць маладыя дзяўчаты і кажуць, што мяне ведаюць, падпісаныя на мой інстаграм. Ня ведаю, ці чытаюць яны подпісы да здымкаў, але карцінкі гартаюць дакладна. Ці я не баюся залішняй адкрытасьці? Ну я ж думаю, што і дзе фатаграфую, што выкладаю туды. Стараюся трымаць балянс паміж публічным і прыватным. У палітыка ўвогуле павінна быць нейкай ступень адкрытасьці. Інстаграм дазваляе яе дасягнуць»
Віталь Рымашэўскі
vitalrymasheuski, 13 posts, 808 followers, 1796 following
Сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі інстаграм завёў, але ім амаль не карыстаецца — усяго 13 здымкаў. І дарэмна, бо на акаўнт падпісаныя 808 чалавек — амаль удвая больш, чым у актыўнага карыстальніка Анатоля Лябедзькі. Фота ў Віталя Рымашэўскага ў асноўным сямейныя. Шмат партыйнай сымболікі. Сэлфі ўсяго адно, але якое! На фоне міліцыянта, які складае пратакол, мала каму ўдавалася сфатаграфавацца. |
«Гэта для мяне толькі адзін з каналаў камунікацыі. Я неяк не адрозьніваю, не вылучаю іх. Проста фізычна не хапае часу ўсюды перапошчваць. У асноўным я „Фэйсбукам“, вядома, карыстаюся. Сацсеткі для мяне дзьве функцыі выконваюць. Гэта камунікацыя зь людзьмі ў якасьці палітыка і камунікацыя са сваімі сябрамі і знаёмымі. Некаторыя зь іх жывуць у іншых гарадах і краінах, сацсеткі дазваляюць падтрымліваць сувязь. А „Інстаграм“... Ён для мяне не асноўны. Прыватныя фота — гэта частка жыцьця публічнай асобы. Тут няма чаго хаваць. Наадварот, мне ёсьць чым ганарыцца».
Юрась Лукашэвіч
yuras_lukashevich, 37 posts, 347 followers, 947 following
Самы малады ўдзельнік нашага агляду — кіраўнік «Моладзі БНФ» Юрась Лукашэвіч. Тут няма здымкаў зь дзецьмі ды жонкай, затое дастаткова сэлфі са студэнцкіх імпрэзаў, вандровак, палітычных ды навуковых канфэрэнцый. Калі верыць інстаграму Лукашэвіча, часьцей за ўсё ён езьдзіць ва Ўкраіну, любіць творчасьць Зьмітра Вайцюшкевіча, абеды ў барысаўскіх сталоўках і сабак. |
«Я не кантралюю свой акаўнт, завёў некалі, прывязаў да „Фэйсбуку“. А потым нешта ў наладках зьмянілася, і ўсё. Так што яго не вяду больш. Фотаздымкі публікую адразу ў іншыя сацсеткі, без „Інстаграму“».
Зьміцер Дашкевіч
zm.dashkevich, 26 posts, 194 followers, 55 following
Інстаграму лідэра «Маладога Фронту» няма яшчэ і двух месяцаў, таму 194 падпісчыкі пры 26 фатаздымках можна лічыць посьпехам. Дашкевіч і тут ідзе супраць сыстэмы — палова з апублікаваных фота — гэта цытаты зь Бібліі па-беларуску і па-ангельску. Яшчэ ёсьць здымкі дзяцей, жонкі Насты, цясьлярскага рыштунку і нядаўняга параду ў Менску. Адпачынак праілюстраваны вынікам паходу ў лес па грыбы. Сэлфі пакуль адно — разам зь дзецьмі. |
«Мне адзін паліттэхноляг параіў яго завесьці. Жартую, вядома. Узяў тэлефон новы ў крэдыт, трэба ж неяк яго апраўдаць. Вось завёў інстаграм. Чаму так шмат біблійных цытат? Я проста ў тэлефоне чытаю розныя варыянты перакладу Бібліі, ёсьць для гэтага зручная праграмка. І калі чытаю, часам хочацца падзяліцца нечым. Можна прыгожа аформіць у карцінку. Магчыма, нехта таксама прачытае, задумаецца».