Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 распаўсюджаныя звычкі, якія могуць прывесьці да раку


Гэтыя, здавалася б, бяскрыўдныя звычкі могуць сур’ёзна падвысіць рызыку захварэць на рак. Пра іх на сайце sharecare.com піша Бэс Уорд.

Адмова ад курэньня і правільнае харчаваньне, безумоўна, важныя для здароўя рэчы, але яны вырашаюць далёка ня ўсё. Ёсьць шмат, на першы погляд, бяскрыўдных рэчаў, якія мы робім кожны дзень, і якія настолькі шкодныя, што могуць выклікаць нават рак.

Сядзячы лад жыцьця

Сядзячая праца або прагляд любімага шоў па тэлевізары толькі на першы погляд могуць падацца бяскрыўднымі. Цяпер мэдыцына ўжо дакладна ведае, што доўгае сядзеньне можа быць зьвязана з рызыкай захварэць на рак. Дасьледнікі з Амэрыканскага анкалягічнага таварыства (ACS) выявілі, што жанчыны, якія кожны дзень больш за шэсьць гадзін свайго вольнага часу сядзяць, маюць на 10% большую рызыку раку, чым жанчыны, якія сядзяць толькі тры гадзіны. Некаторыя дасьледаваньні паказваюць, што, працяглае сядзеньне павышае рызыку разьвіцьця раку прамой кішкі, раку яечнікаў і раку маткі, а таксама лімфомы Ходжкіна.

Праца ў начныя гадзіны

Калі вы ня ў стане зьмяніць свой працоўны графік, вы прынамсі павінны ведаць, што пазьменная праца можа павялічыць рызыку захворваньня на рак. Сусьветная Арганізацыя Аховы здароўя (СААЗ) называе такую працу «верагодны канцэрагенам». Адно дасьледаваньне паказала, што жанчыны, якія больш за 30 гадоў працавалі ў начную зьмену, маюць больш чым у два разы большыя шанцы захварэць на рак малочнай залозы ў параўнаьні з тымі, хто ноччу не працуе. Дасьледаваньні таксама паказалі сувязь паміж людзьмі, якія працуюць у начную зьмену і падвышанай рызыкай разьвіцьця раку прастаты. Лекары мяркуюць, што нерэгулярны рэжым сну можа паўплываць на вытворчасьць мэлятаніну — гармону, які рэгулюе сон, і які таксама можа прадухіляць рост пухліны.

Перажываньні

Хранічны стрэс і трывожнасьць могуць ускосна ўплываць на падвышэньне рызыкі захварэць на рак. Вядома, што людзі, якія пакутуюць ад хранічных душэўных перажываньняў, больш схільныя да іншых шкодных звычак, такіх як пераяданьне, гіпадынамія, курэньне і піцьцё алькаголю — усе гэтыя звычкі зьвязаныя з падвышанай рызыкай захварэць на рак. Да таго ж стрэс таксама зьніжае агульны імунітэт, што робіць нас успрымальнымі да розных хваробаў, у тым ліку і да некаторых відаў раку.

Любоў да салодкіх напояў

Занадта вялікае спажываньне цукру дрэннае з многіх прычынаў. Салодкія напоі ня толькі дапамагаюць набіраць вагу, але і павялічваюць рызыку іншых праблем са здароўем, у тым ліку раку. Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што ў жанчын, якія пілі больш за чатыры салодкія напоі ў тыдзень, рызыка раку маткі на 78% большая ў параўнаньні з тымі жанчынамі, якія салодкія напоі не ўжываюць наогул. Мяркуецца, што цукар уплывае на ўзроўні эстрагену і інсуліну ў крыві. Выйсьце тут адзінае: трэба адмаўляцца ад салодкіх напояў на карысьць вады і несалодкага чаю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG