Вячка Целеш удзельнічаў ва ўсіх зьездах беларусаў сьвету. Чым яму запомніўся сёмы, якія нядаўна закончыў сваю працу ў Менску? Мастак з Рыгі — госьцем перадачы.
— Спадар Вячка, вы адзін зь нямногіх дэлегатаў, хто ўдзельнічаў у першым зьезьдзе ў 1993 годзе і пазьней не прапусьціў ніводнага. Калі параўнаць гэтыя прадстаўнічыя форумы, чым сёмы зьезд вылучаецца на іх фоне?
Дайшло да таго, што адзін са зьездаў ледзь не адбыўся ў суседняй дзяржаве, я сам тады прапаноўваў сабрацца ў Польшчы ці Літве.
— Калі ўжо паглыбляцца ў гісторыю, то я нават стаяў ля вытокаў Згуртаваньня беларусаў сьвету. У 1992 годзе, калі дзяржаўнымі сымбалямі Беларусі былі бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня, мы сабраліся на зьезд беларусаў блізкага замежжа і заснавалі «Бацькаўшчыну». А праз год у Опэрным тэатры адбыўся першы зьезд — найбольш прадстаўнічы за ўвесь час — 1300 толькі дэлегатаў. Тады ж у менскім Палацы мастацтваў адбылася і мастацкая выстава пад назвай «Жыве Беларусь!» А яшчэ праз год памянялася улада, памяняліся законы, зьмяніліся палітычныя накірункі, пачаліся розныя перашкоды. Дайшло да таго, што адзін са зьездаў ледзь не адбыўся ў суседняй дзяржаве, я сам тады прапаноўваў сабрацца ў Польшчы ці Літве. Такія ўмовы ў Беларусі тады былі. Дзякуй Богу, цяпер палітычны клімат у Беларусі палепшыўся, і мы бачылі на зьезьдзе высокіх чыноўнікаў беларускай дзяржавы. Мне спадабаліся словы міністра замежных справаў, што нам усім трэба думаць, як захаваць беларушчыну ў сьвеце. Гэта пазытыўны крок з боку ўлады.
— Мы ў Беларусі прывыклі ўжо да падобных выказваньняў уладатрымаўцаў, якія на словах «за незалежнасьць», за «сильную и процветающую Беларусь», а насамрэч працягваюць душыць і беларускую школу, і беларускае кнігавыданьне і г. д. А вы ім верыце?
— Асаблівага даверу няма, але ж надзея ёсьць. Раней мы падобных думак ад улады нават ня чулі. А нядаўна Макей прызнаў, што беларускую гісторыю спрабуюць адабраць суседнія дзяржавы. Гэта таксама пазытыў. А паглядзіце, шмат хто на зьезьдзе быў у беларускіх кашульках — на белым фоне чырвоны арнамэнт. Ды і чыноўнікі выступалі на гэтым фоне. А гэта ўжо прызнаньне нашых гістарычных колераў. Усё адбылося добра.
— На адкрыцьцё зьезду ня змог трапіць архіепіскап БАПЦ, якога не прапускалі праз мяжу. І. магчыма, толькі дзякуючы пазыцыі зьезду, улады дазвол усё ж далі. З аднаго боку — Макей зь бел-чырвона-белым банцікам на грудзях, з другога — па-ранейшаму «не пускаць». Чаму так адбываецца?
— Думаю, справа ў пазыцыі РПЦ, якая лічыць Беларусь сваёй «кананічнай тэрыторыяй». Яна і цяпер стараецца ўплываць на падзеі ў Беларусі. Столькі гадоў беларускія ўлады палітычна арыентаваліся на Расею, на братэрства і аб’яднаньне, што ім цяжка адразу адхіліцца ад той арыентацыі. Я думаю, што гэта будзе адбывацца паступова. Што да скандалу са Сьвятаславам з Таронта, то тут таксама інэрцыя. Памятаеце, на папярэднія зьезды не пусьцілі Алену Глагоўскую з Польшчы, Хведара Нюньку зь Літвы. Цяпер жа пэўныя зрухі ёсьць і спадзеўкі ёсьць, што сапраўды нешта памяняецца, і па-беларуску чыноўнікі гавораць... Дарэчы, у Рызе на 3 Ліпеня беларуская амбасада рабіла прыём, на якім прысутнічала шмат латыскіх палітыкаў і замежных амбасадараў. Дык амбасадар ўпершыню выступіў на беларускай мове. Побач на экране ішоў пераклад на латыскую і ангельскую мовы.
— Раней з дапамогай тых жа амбасадаў беларускія суполкі ў многіх краінах расколваліся на «сваіх» і «чужых». І Латвія ня стала выняткам. Дык мо прыйшла пара ізноў зьяднацца?
— У Латвіі ёсьць беларускае таварыства «Сьвітанак», аб’яднаньне мастакоў «Маю гонар» і беларускі цэнтар «Уздым» у Даўгаўпілсе. Усе мы прыехалі на зьезд. Мы супрацоўнічаем, разам адзначаем сьвяты, у тым ліку і 25 Сакавіка. А яшчэ ёсьць Саюз беларусаў Латвіі, які аб’ядноўвае каля дзесяці беларускіх суполак. Іх прадстаўнікі ў Менск не прыехалі, у кіраўнікоў тых суполак і таго саюзу свае мэты. Хтосьці зарабляе на бізнэсе і ня хоча, каб людзі ішлі ў тое таварыства. Так што разьмежаваньне ёсьць, як і ў самой Беларусі. Ня ўсе яшчэ разумеюць, што таварыствы патрэбныя, каб захоўваць нацыянальную ідэнтычнасьць нашай дыяспары.
— Вы ўжо сказалі, што бывалі ў амбасадзе на прыёме. А ці дапамагае яна вам ладзіць нейкія беларускія імпрэзы?
Як толькі да нас прыехала новая амбасадарка Марына Іванаўна Даўгаполава, то неяк падышла да мяне і кажа: «Прабачце, я буду гаварыць па-расейску, альбо на трасянцы».
— Калі мы запрашаем, з амбасады нехта заўсёды прыходзіць, але матэрыяльнай дапамогі — няма ніякай. Як толькі да нас прыехала новая амбасадарка Марына Іванаўна Даўгаполава, то неяк падышла да мяне і кажа: «Прабачце, я буду гаварыць па-расейску, альбо на трасянцы». Я кажу: размаўляйце з намі на любой мове, але — пра беларускія справы, пра наша мастацтва, пра нашу культуру. І Марыя Іванаўна вывучыла мову, цяпер перад намі выступае толькі па-беларуску. Я гэтаму рады. Мы сустракаемся на розных імпрэзах. Напрыклад, нядаўна ў нас была выстава Бакста зь беларускіх сховішчаў. На адкрыцьцё прыяжджаў міністар замежных справаў, і таксама гучала беларуская мова.
— Ведаю, што вы цяпер пішаце кнігу пра беларускіх мастакоў, што жылі ў Латвіі. Як рухаецца справа? Чые імёны вам удалося адкрыць?
— Я ўжо напісаў разьдзел пра Пётру Мірановіча, які нарадзіўся ў Латгаліі, скончыў Беларускую гімназію, потым латвійскую Акадэмію мастацтваў, пасьля вайны апынуўся ў ЗША, дзе і памёр. Я знайшоў ягонага сына, шмат цікавага ад яго даведаўся. Потым я напісаў пра Гадыцкага-Цьвірку з Маладэчна, ён таксама скончыў у Рызе Акадэмію мастацтваў, памёр у Даніі. Аркадзь Салаўёў, родам з Латгаліі, вучыўся ў Даўгаўпілскай рэальнай вучэльні, пазьней — у Празе, куды трапіў па накіраваньні таварыства «Бацькаўшчына» ў 1921 годзе. Яшчэ адзін герой маёй кнігі — Міхась Калінін, выхаванец дзяржаўнай Беларускай гімназіі ў Даўгаўпілсе і Лудзы. Вучыўся ў Акадэміі мастацтваў, скончыў, праўда, толькі два курсы, потым быў настаўнікам у беларускіх школах. Ваяваў, прайшоў усю вайну, памёр у Рызе. Цяпер шукаю зьвесткі пра Аляксандру Бельцаву, якая нарадзілася ў Суражы (раней Украіна, цяпер — Бранская вобласьць Расеі). У яе бацька быў беларусам, а маці ўкраінкай. У Латвіі яе лічаць клясыкам жывапісу.
— Гэта ж Бельцава аздабляла беларускія кнігі, што выходзілі пад апекай Кастуся Езавітава?
— Так, у час вайны яна з дачкой засталася ў Рызе, малявала — трэба ж было зарабляць на хлеб. І Езавітаў ёй замаўляў аздабленьне беларускіх казак. Потым паэт Алесь Салавей, які працаваў у часопісе «Новы шлях» у Рызе, таксама папрасіў яе праілюстраваць ягоную кнігу. Я знайшоў малюнкі Бельцавай, па іх можна меркаваць, што яна добра ведала беларускі арнамэнт. Думаю, што гэтае імя стане адкрыцьцём для беларусаў.
— Расейскія тэлеканалы пэрыядычна ўздымаюць пытаньне «дыкрымінацыі расейскамоўнага насельніцтва» ў краінах Прыбалтыкі. Наколькі сёр’ёзная для Латвіі гэтая праблема?
Калі пачаліся падзеі ва Ўкраіне, у нас нават пагаворвалі, што Расея можа напасьці на Латгалію.
— У Латвіі расейскамоўных настолькі многа, што часам здаецца — латышоў менш. Такая спадчына дасталася ім з савецкіх часоў. У гэтых людзей іншая мэнтальнасьць, іншыя адносіны да гісторыі, да дзяржаўнай мовы, да ўсяго. І гэта выклікае ў латышоў трывогу. Калі пачаліся падзеі ва Ўкраіне, у нас нават пагаворвалі, што Расея можа напасьці на Латгалію. Але латыскія ўлады хутка ўсіх супакоілі, маўляў, мы пад абаронай NATO, Латвія — эўрапейская краіна, мы — зьяднаны народ і г. д. І беларусам трэба яднацца ў адну сям’ю, але не гандляваць сваім сувэрэнітэтам дзеля нейкага дабрабыту. Трэба, каб нас паважаў сьвет, каб усе бачылі, што ёсьць беларуская дзяржава. Сёлета адзначаецца 500-годзьдзе беларускага кнігадрукаваньня, і добра, што сьвяточныя імпрэзы ладзяцца ў многіх краінах. Мы спадзяемся, што і Латвія зробіць падарунак беларусам. Мы зьвярнуліся да ўладаў Рыгі з просьбай назваць імем Францішка Скарыны адну з вуліцаў і цяпер чакаем іх рашэньня. Мы з латышамі ніколі не ваявалі, і яны нас вельмі добра ўспрымаюць. Мусім і далей жыць у згодзе. Таму да суайчыньнікаў мне хочацца зьвярнуцца з такім заклікам: не хадзіце пад чужыя сьцягі, жывіце з суседзямі мірна і любіце адзін аднаго!