Ці варта радавацца міжнародным перамогам беларускай улады? Ці трэба жадаць паразаў аўтарытарнай уладзе? Ці ўзмацняюць або аслабляюць міжнародныя перамогі рэжым? Пра гэта ў Экспэртызе Свабоды дыскутуюць Юры Дракахруст і Дзьмітры Гурневіч.
Юры Дракахруст лічыць, што трэба было б радавацца перамозе, бо ....
- У Купчыной рэпутацыя чалавека дастаткова лібэральных поглядаў, арыентаваных на збліжэньне Беларусі і Эўропы. Яе абраньне ўмацавала б ва ўладзе гэтае крыло.
- Важны пэрсанальны фактар. Калі б на гэтую пасаду прапаноўвалі Давыдзьку або Гігіна, то і дзякаваць Богу, што іх завалілі. Бо яны б там казалі тое самае, што і ў Беларусі.
- Перамога б зрабіла рэжым больш мяккім. Часам «прэстыжныя пернікі» дзейнічаюць як мэханізм самастрымліваньня. І магчыма, што дзеяньні беларускай улады, напрыклад, у справе «Белага легіёну» былі б слабейшыя.
- У «менскім працэсе» Беларусь была толькі пляцоўкай. Але ад гэтага выйграла ня толькі ўлада, але і ўся Беларусь.
- Высокая міжнародная пазыцыя — інструмэнт уплыву на Менск. Праз свайго чалавека было б прасьцей камунікаваць з афіцыйным Менскам і перадаваць патрабаваньні Захаду.
Дзьмітры Гурневіч лічыць, што ня варта было б радавацца магчымай перамозе, бо ...
- Беларусь — краіна без дэмакратыі, вольных выбараў і плюралізму. Якой бы прафэсіяналкай не была сп-ня Купчына — яна твар гэтай сыстэмы.
- Яе абраньне ўзмацніла б рэжым Беларусі. Гэта дало б карт-блянш афіцыйнаму Менску і сталася б незаслужаным падарункам.
- Міжнародны посьпех мог бы павялічыць імідж улады Беларусі, але ён не зьмяніў бы яе аўтарытарную сутнасьць.
- За пасаду для Купчыной выказвалася Масква. Для Расеі важна, каб такую пасаду заняў чыноўнік зь Беларусі, бо празь яго можна было б лабіраваць некаторыя справы, якія Расеі выгадныя.
- Купчына не прымала б рашэньні аднаасобна, а была б усяго голасам усіх краін-чальцоў, якія прымаюць рашэньні кансэнсусам. І таму паспрыяць дэмакратызацыі яна б не змагла.