На нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі беларускі амбасадар у Кітаі Кірыл Руды паскардзіўся на празьмерна пільны, як на яго думку, надгляд кітайскіх дэлегацыяў у Нацыянальным аэрапорце «Менск», перадае АНТ.
«Прэзыдэнтка найбуйнейшай турыстычнай карпарацыі Кітаю, самавітая спадарыня, прыляцела ў Менск. Як потым яна расказвала мне асабіста, яе ля трапа сустрэлі з таблічкай VIP, потым 40 хвілін трыбушылі рэчы, пералічвалі кожную купюру ў гаманцы, пераправяралі ўсе файлы ў яе асабістым кампутары. Праз два месяцы прыляцела яе рабочая група разам з журналістамі. І зноў галоўнае ўражаньне ад краіны — гэта гадзінныя праходжаньні пашпартнага і мытнага кантролю. І гэта празь VIP-канал!», — казаў Руды Лукашэнку.
Руды прапанаваў зрабіць 2018 год «годам турызму» ў стасунках з Кітаем, спрасьціць кантроль кітайцаў у Беларусі і пашырыць вывучэньне кітайскай мовы беларусамі. Пакуль Беларусь наведваюць 20 тысяч турыстаў з Кітаю.
Лукашэнка пагадзіўся з прапановамі Рудога:
«А гэтыя факты, што мы пачынаем „трыбушыць“ зьлева направа людзей, якіх сюды запрасілі, гэта наогул...», — тэлеканал АНТ абрывае адказ Лукашэнкі Рудому на апошнім слове.
Кірыла Руды быў памочнікам Лукашэнкі ў эканамічных пытаньнях у 2013–2016 гадах, лічыўся «лібэралам» у адміністрацыі Лукашэнкі, крытыкаваў эканамічную палітыку Беларусі. У ліпені 2016 году Руды раптам быў прызначаны амбасадарам у Кітай, што некаторыя ўспрынялі як «высылку».
Але Руды і пасьля прызначэньня прадоўжыў крытыку беларускай эканамічнай мадэлі: напрыклад, тлумачыў, чаму ў цяперашняй беларускай сыстэме не патрэбны эканамісты, а рэформы не атрымліваюцца.