«Цар загадаў наступаць на Менск»
Нават першы пісьмовы ўспамін пра Менск зьвязаны зь яго руйнаваньнем. Гэта зрабілі аб'яднаныя кіеўскія, чарнігаўскія й пераяслаўскія войскі ў 1067 годзе — дзіўная нагода для штогадовых сьвяткаваньняў. На працягу ўсёй гісторыі ў Менска толькі адно мірнае стагодзьдзе — дваццаць першае, але яно толькі пачалося.
Часта Менск зьнішчалі амаль поўнасьцю, як гэта зрабілі ў 1505 годзе крымскія татары Мухамэда-Гірэя — тады ацалеў толькі замак. Ад расейцаў горад найбольш пацярпеў у акупацыю 1655 году. Войска Яна Паўла Сапегі вызваліла яго толькі празь пяць гадоў. Дарэчы, гэта адбылося 3 ліпеня — дата супадае з афіцыйным дзяржаўным сьвятам Беларусі, Днём Незалежнасьці (Днём Рэспублікі).
«Атрымаўшы вестку пра захоп Барысава, цар больш не марудзіў і загадаў галоўным сілам наступаць на Менск. У горадзе значных сілаў не было, аднак нейкае войска для ягонай абароны ўсё ж сабралася ды 3 ліпеня сустрэла непрыяцеля. Даўшы бой, яно хутка мусіла адступаць назад. Ваявода Хітраво аднавіў раскіданы мост, перайшоў Сьвіслач і паставіў перад брамай замка пяхоту, затым з астатнімі сіламі выйшаў у поле, дзе адбыўся вялікі бой зь менскім войскам. Мяшчане самастойна адбіваліся ў замку ды некаторых храмах. Але жыхароў у горадзе на той час было ўжо няшмат». |
---|
Горад цярпеў ня толькі ад войнаў, але ад і пажараў. Толькі ў XVI стагодзьдзі былі тры буйныя.
Калі Менск стаў часткай Расеі ў канцы XVIII стагодзьдзя, пачалася практыка наўмыснага руйнаваньня ў мірны час. Так, на загад Мікалая I зьнішчылі будынак ратушы — відавочна, з ідэалягічных прычынаў, бо яна напамінала пра вольныя часы. Каталіцкія й уніяцкія храмы гвалтоўна перабудоўвалі ў праваслаўныя.
На Койданаўскай (Рэвалюцыйнай) вуліцы былі касьцёлы Сьвятой Вэранікі з кляштарам рохітаў і Сьвятога Міхала Арханёла з кляштарам бэнэдыктынцаў — творы драўлянага барока. Да сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя гэтыя комплексы разбурылі, а іх тэрыторыю забудавалі жылымі дамамі. Гэткі ж лёс напаткаў і яшчэ адзін драўляны кляштар — марыявітак, на Францішканскай вуліцы (цяпер — Леніна).
У 2-й палове ХІХ стагодзьдзя наш горад страціў тры таксама барочныя, але мураваныя храмы — касьцёл Сьвятога Антонія Падуанскага на Францішканскай вуліцы, касьцёл Сьвятой Марыі Магдалены з кляштарам кармэлітаў у Ракаўскім прадмесьці, касьцёл Сьвятога Яна з кляштарам баніфратаў, які стаяў пасярод сучаснай вуліцы Нямігі, дзе цяпер уваход у мэтро. Да Другой сусьветнай вайны ўвесь схіл, які вядзе ад Нямігі да пляца Волі, быў забудаваны. Баніфрацкі комплекс пабудавалі на Казьмадзям'янаўскай вуліцы, якую цалкам зьнішчылі. Яна была вузкая і туды трапляла мала сьвятла, а на першых паверхах будынкаў месьцілася шмат гандлёвых устаноў, таму яе называлі Цёмнымі Крамамі.
«Сяньня вы зьнішчыце
шмат мірнага жыхарства»
У міжваенны пэрыяд савецкія ўлады амаль цалкам зьнішчылі Архірэйскае падвор’е ўключна з Пакроўскай царквой — на яе мурах збудавалі левае крыло Дома афіцэраў. Гэты комплекс пабудавалі расейскія ўлады па праекце архітэктара Казімера Хрышчановіча на месцы ўніяцкай царквы, праіснаваў ён каля стагодзьдзя. У гэты ж час зруйнавалі й былую царкву Сьвятога Духа. На той час яна была ўжо цалкам перабудаваная, бо расейскія ўлады адабралі яе ва ўніятаў і перадалі праваслаўным. А са зьнішчэньня чыгуначнай Казанскай царквы ўвогуле зрабілі шоў — за выбухам назіралі чальцы ўраду Чарвякоў, Гікала, Галадзед.
Найбольшыя страты Менск панёс у Другую сусьветную вайну агульнымі намаганьнямі нямецкіх і савецкіх войскаў. Пра ўнёсак апошніх вядома менш. Савецкая авіяцыя інтэнсіўна бамбіла Менск 8 сакавіка 1942, 1 траўня 1943 і ў чэрвені 1944 году.
— Сяньня вы зьнішчыце шмат так званага «мірнага» жыхарства. Ці можа тут мець месца якая-колечы «жаласьць?» Безумоўна, таварышы, не. Не забывайцеся, што гэта тое жыхарства, якое не захацела йсьці з намі, г. зн. здраднікі, прадаўцы, ворагі народу. Перад некаторымі з вас паўстане сяньня вялікае выпрабаваньне. Я маю наўвеце нашых сакалятаў першага зьвязу, пад камандай тав. Лабуніча. Яны лятуць сяньня на свой родны і, пэўна ж, каханы горад. Факт, што ў іх там могуць і павінны быць бацькі, і сваякі, і сябры, мо яшчэ хто-небудзь, і мілыя ўспаміны. Але я пэўны, што яны з гонарам управяцца з гэтым выпрабаваньнем.— Вы, таварыш Галушка, адразу-ж пакрыеце поўнач гораду, я сам урэжуся ў сярэднюю паласу, а вам, тав. Сьнягурскі — паўдзённая частка...— Гэта ты... знарок, Віктар? — углядаючыся ў плян і адразу мяняючыся з твару ды хрыпнучы нек у голасе, спытаўся Валік. — Ты-ж ведаеш, тут жыў я... і цяпер, пэўна, мае старыя... на тым самым месцы... А вось-жа слабодка. Верын дом на рагу...— Ага, вось яно што, — прыкра засьмяяўся сваім сухім, бразгатлівым сьмехам Віктар. — А чулі, што так добра казаў таварыш камісар? Я, ужо ж напэўна знарок, узяў сам сабе той раён, дзе нашая школа, у якой мы ўсе трох гэтулькі год вучыліся й перажылі так багата прыгожага... І я ж пакінуў тут сваю маці, і цяпер павінен таксама. |
---|
У вайну Менск быў зьнішчаны амаль цалкам. Ня стала былога будынка жаночай духоўнай вучэльні, якую пры Расейскай імпэрыі пабудавалі на месцы ўніяцкага манастыра з царквой — па яе сканчэньні там узьвялі велічны штаб вайсковай акругі (вул. Камуністычная). У гэты ж час ня стала й палаца Сапегаў. Двухпавярховы мураваны будынак стаяў за касьцёлам і кляштарам дамініканаў, каля сёньняшняга Палаца Рэспублікі. У свой час там служыў Сапегам бацька Кацярыны І, імпэратрыцы Расеі. У вайну зьнішчылі і гатэль «Эўропа».
«Захаваўся ў вайну,
але ня ў мірныя савецкія гады»
Нават у гэтую разбуральную вайну ў нашым горадзе захаваўся значны адсотак старой забудовы, у тым ліку каштоўныя помнікі архітэктуры. Тое, што можна было аднавіць, улады вырашылі зруйнаваць. Асабліва шкада касьцёлаў Сьвятога Тамаша Аквінскага й Сьвятога Войцеха, езуіцкага калегіюму зь вежай, жылую забудову Нямігі — ведаючы, што страцілі мы гэта не ў вайну, а ў мірныя гады. І гэта ў той час, калі ў суседняй Варшаве фактычна «з нуля» ўзнаўлялі гістарычныя пабудовы.
«Пасьляваеннае зьнішчэньне Нямігі мела палітычную матывацыю – руйнаваньне ўсяго папярэдняга, часам, бязмэтнае. Знос апраўдалі неабходнасьцю разгрузкі цэнтральнага прашпэкта, але транспартная праблема ўзьнікла ў горадзе на дзесяцігодзьдзі пазьней – тады дарогі былі паўпустымі. І, відавочна, гэтую мэту можна было вырашыць інакш. Той Менск выглядаў ня горш, чым Коўна, ён захаваўся ў сусьветную вайну, але не перажыў мірныя савецкія гады.Старую забудову Нямігі я засьпеў на пачатку 1970-х гадоў – хадзіў у школу празь яе. Калі пачалі знос, у гэтым раёне здымалі кіно. Дзецям была забаўка: ідзеш вучыцца міма танкаў і «салдатаў». Таксама мы лазілі па адселеных кватэрых, шукалі розныя манэткі й іньшыя каштоўныя для нас рэчы. Аднойчы я стаяў на прыпынку й убачыў якая тасклівая пустэча зьявілася на Нямізе. Яшчэ памятаю цудоўную краму гузікаў, якая месьцілася на рагу з Камсамольскай». |
---|
Пра стаўленьне да старой забудовы красамоўна выказаўся аўтар г.зв. дома Мусінскага.
«По-моему, каждому непредубежденному человеку ясно, что возводить в ранг исторических памятников старые сараи, одно- и двухэтажные дома, расположенные между улицами Немигой и Революционной, просто несерьезно. Трудно даже представить, как могут эти развалины, в прямом и переносном смысле, гармонировать с современным комплексом западной стороны». |
---|
У 1960-х гадах савецкія ўлады зруйнавалі касьцёл Сьвятога Войцеха й кляштар бэнэдыктынак. Мураваны храм — адзін з самых высокіх у горадзе — пабудавалі ў 1643 годзе па праекце немца Андрэаса Кромэра. Расейскія ўлады распрацавалі новы генэральны плян разьвіцьця гораду й праз тэрыторыю кляштара праклалі вуліцу Фэліцыянаўскую (цяпер — Камсамольская). Пазьней комплекс адабралі ў каталікоў і перадалі праваслаўным. Высокія барочныя вежы касьцёла зьнесьлі, на даху ўсталявалі купалы-цыбуліны. Пасьля зьнішчэньня на гэтым месцы паставілі будынак генпракуратуры. Яшчэ адзін цьвік забіваецца цяпер — за ім будуецца «шматфункцыянальны комплекс».
Комплекс касьцёла Сьвятога Тамаша Аквінскага й кляштара дамініканаў знаходзіўся на Дамініканскай вуліцы (Энгельса) з 1703 году. Расейскія ўлады перабудавалі яго пад каталіцкую сэмінарыю, а пазьней — пад вайсковыя кашары й пажарнае дэпо. Ён атрымаў пашкоджаньні ў 1944 годзе, калі Менск займалі савецкія войскі. Нямеччына выплаціла кантрыбуцыю на аднаўленьне помніка архітэктуры, аднак у 1950 годзе яго ўзарвалі.
Будынак палаца Радзівілаў, а пазьней гарадзкога тэатру й філій некалькіх банкаў стаяў на месцы сёньняшняга гатэля "Эўропа", які раней месьціўся праваруч. Ён не пацярпеў у Другую сусьветную вайну, аднак у 1984 годзе яго зьнесьлі. У той час адбылася першая акцыя пратэсту ў найноўшай гісторыі Беларусі. У пікеце супраць зносу ўдзельнічалі 13 менскіх студэнтаў, міліцыя затрымала ўсіх.
«Я памятаю гэты будынак трохпавярховым, зь вялікімі вокнамі – ён быў у нармальным стане, выглядаў шляхетна. Аднойчы яго выселілі й ён доўга стаяў пусты, агароджаны плотам. Мы часта былі каля яго, бо побач знаходзілася кавярня «Пінгвін», дзе зьбіраліся розныя нефармалы – я тады быў блізкі да іх. На саму акцыю я трапіў выпадкова: сустрэў ці то Вінцуся Вячорку, ці то Зьмітра Саўку і даведаўся пра плян пратэсту супраць зносу. У хлопцаў ужо была падрыхтавана расьцяжка. Павязалі ўсіх. Будынак зьнеслі эскалатарам з «бабай» за некалькі дзён. Не магу прыгадаць аргумэнты, можа абгрунтавалі тым, што ён крыху выходзіў на тратуар і хацелі выраўняць забудову па адной лініі. На маю думку, ніякага сэнса ў зносу не было – тое мейсца так і стаяла пустым». |
---|
Савецкія ўлады зьнішчылі й дзьве менскія сынагогі. Халодную на Нямізе проста зьнесьлі — на яе месцы й да сёньня пуста, а цікавы будынак Харальнай у маўрытанскім стылі перабудавалі ў тэатар — спачатку тамбыў Габрэйскі, а потым Рускі. Таксама там месьціліся Дом культуры сакратарыяту ЦВК і кінатэатар «Культура». Мячэт яны разбурылі ў 1962 годзе, як будавалі гатэль «Юбілейны».
Не захаваліся й дзьве лютэранскія кірхі. Адна разьмяшчалася каля сёньняшняга Лютэранскага сквэра, а другая — каля Кастрычніцкага пляца.
Пасьля Другой сусьветнай вайны ўлады зьнішчылі большую частку езуіцкага комплексу: перабудавалі Марыінскі касьцёл, зрабіўшы там спартыўны клюб, а таксама школу й калегіюм, якія месьціліся праваруч і леваруч ад храма, зьнесьлі вежу.
Галоўную вуліцу Менску пасьля вайны поўнасьцю перабудавалі ў шырокі ампірны праспэкт. На месцы «Польскага банка» ў стылі мадэрн цяпер месьціцца КДБ; гатэля «Гарні» — жылы дом з гадзіньнікам насупраць яго; палаца Караля Гутэн-Чапскага — жылы дом з кінатэатрам «Цэнтральны» й крамай «Чараўніца». Дарэчы, яшчэ адзін ягоны палац быў каля Аляксандраўскага сквэра, побач зь цяперашняй Адміністрацыяй прэзыдэнта.
У час будаўніцтва новага цэнтральнага праспэкту ўлады скапалі замкавую гару на Нямізе. Апошні ўспамін пра існаваньне замкавых умацаваньняў адносіцца да 1793 году. Да Другой сусьветнай вайны гэтую тэрыторыю шчыльна забудавалі, але яна пацярпела падчас баявых дзеяньняў і пасьляваенных прац па расшырэньні Нямігі й будаўніцтва Паркавай магістралі (пр. Пераможцаў). Адзінай пабудовай на былым Замчышчы стаў савецкі спартыўны комплекс, які сёньняшнія ўлады хацелі зьнесьці да хакейнага чэмпіянату ў 2014 годзе.
У гады незалежнасьці зьнішчэньне помнікаў архітэктуры працягнулася. Улады зруйнавалі Віленскі вакзал, першую электрастанцыю, колішні гандлёва-складзкі комплекс Малы гасьцінны двор, шараговыя будынкі на Нямізе й Зыбіцкай.
Але ў апошнія ё аднавілі будынкі гатэля «Эўропа», ратушы, царквы Сьвятога Духа. Спэцыялісты БДТАХГК прапанавалі праекты аднаўленьня касьцёла Сьвятога Тамаша Аквінскага, а таксама гістарычнай забудовы былога Замчышча й вуліцы Зыбіцкай. Улады іх праігнаравалі.
Каротка:
Менск быў сталіцай аднайменнага княства, але залежаў у розныя часы ад Полацку й Кіева ды ня меў поўнай незалежнасьці. У той час гэта быў маленькі драўляны гарадок. Яго росквіт пачаўся ў часы Вялікага Княства Літоўскага — ён уваходзіў у лік 15 галоўных гарадоў дзяржавы й будаваўся падобным да Вільні. Горад меў свой замак, тыпова эўрапейскую забудову. Шматлікія войны з крымскімі татарамі, расейцамі, казакамі, швэдамі, немцамі, а таксама пажары зьнішчалі яго. З ХІХ стагодзьдзя расейскія й савецкія ўлады практыкавалі знос каштоўных помнікаў архітэктуры — іх руйнавалі ў мірныя гады. На жаль, гэтая практыка працягваецца й цяпер, хоць пачалі і адбудоўваць раней страчанае.