Паводле папярэдніх дадзеных, «сьмерць мужчыны ня ўтрымлівае прыкметаў крымінальнага характару і зьяўляецца няшчасным выпадкам». Так пра сьмерць амэрыканскага вайскоўца ў Менску напісана на сайце Сьледчага камітэту.
Па інфармацыі прэс-службы Сьледчага камітэту, 12 чэрвеня на даху бара аднаго з гатэльных комплексаў («Юбілейны» — РС) знайшлі цела мужчыны. Сьледча-апэратыўная група, якая прыбыла на месца здарэньня, высьветліла, што грамадзянін ЗША (Кайл Тафэл, Kyle Tafel. — РС) вылез праз вакно нумара (гаўбца там не было) і выпаў з 10 паверху.
«Атрыманая сьледзтвам інфармацыя дазваляе казаць пра тое, што гібель мужчыны ня ўтрымлівае прыкметаў крымінальнага характару і зьяўляецца няшчасным выпадкам», — паведамляе прэс-служба Сьледчага камітэту.
Праверка працягваецца. Сьледчыя чакаюць канчатковых вынікаў комплекснай судова-мэдычнай экспэртызы, якую далучаць да матэрыялаў праверкі.
Амбасада ЗША ў Беларусі сёньня пацьвердзіла факт сьмерці амэрыканскага грамадзяніна — маёра Нацыянальнай гвардыі, паведамляюць naviny.by.
Пра сьмерць Кайла Тафэла ў беларускіх мэдыях стала вядома 6 ліпеня. Ён памёр у Менску 12 чэрвеня. Тафэл прыехаў у Беларусь разам са сваімі цёткамі, адна зь якіх мелася ўдзельнічаць у чэмпіянаце па паэўэрліфтынгу.
Як сказаў амэрыканскім СМІ Кевін Тафэл, бацька вайскоўца, паміж ягоным сынам і ахоўнікамі казіно пры гатэлі адбылася «нейкая спрэчка». Ахоўнікі прывялі Тафэла назад у нумар. Ён сказаў цётцы, што нападнікі былі ашалелыя («out of blood»). Цёткі забарыкадавалі дзьверы нумару, каб ніхто не ўламіўся. Як Тафэл выйшаў з нумару, не ўдакладняецца.
Кайл Тафэл праслужыў у Нацыянальнай гвардыі ЗША каля 18 гадоў. 5 ліпеня цела Тафэла даставілі на радзіму. Яго пахавалі на Нацыянальных могілках Джорджыі.