Былы сябра Чарнобыльскай камісіі Вярхоўнага Савету СССР Юры Варонежцаў камэнтуе сёньняшнія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі наконт запрашэньня літоўцам далучыцца да будоўлі Беларускай АЭС.
Бясьпечных атамных станцый не бывае ў прынцыпе. І мець у прамой бачнасьці з высокага сталічнага будынка ў добрае надвор’е такі выбухованебясьпечны керагаз, як Беларуская АЭС, яны ня хочуць.
І, наколькі я ведаю, гэта меркаваньне не літоўскага істэблішмэнту, а большасьці літоўцаў.
Я не ўяўляю, што павінна адбыцца, каб нехта ў гэтай краіне пагадзіўся на «выгадную» суседзкую прапанову.
Літоўцы ўжо некалькі гадоў выводзяць сваю Ігналіну зь ліку дзейных (я не памыляюся — АЭС перастае працаваць як крыніца небясьпекі толькі пасьля рэалізацыі праекту «зялёны лужок»).
І яны выдатна ведаюць, колькі гэта каштуе. «Самая танная энэргія» на самой справе — самая дарагая, небясьпечная і брудная. Да таго ж большасьць цывілізаваных разьвітых краін адмаўляюцца ад яе на працягу 10–20–30 гадоў, замяняючы аднаўляльнымі крыніцамі.
Я, шчыра кажучы, зайздрошчу літоўцам у гэтай сытуацыі. Зайздрошчу пасьлядоўнасьці ўраду, які кіруецца здаровым сэнсам, воляй большасьці народу, а ня чымсьці іншым, у маім уяўленьні чыста ірацыянальным.