Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яны былі першыя: Язэп Мамонька


Язэп Мамонька
Язэп Мамонька

Мамонька Язэп Аляксееў. Нарадзіўся 28.01.1889 г. ва ўрочышчы Залесьсе Слуцкага пав. Менскай губ. (цяпер Салігорскі р-н Менскай вобл.). Забіты 10.09.1937 г. у Комі АССР (цяпер Рэспубліка Комі, Расея).

У Слуцкім павеце было не адно Залесьсе. З інтэрнэту можна даведацца, што Я. Мамонька нарадзіўся ў Залесьсі, якое знаходзіцца цяпер у Гацукоўскім сельсавеце Слуцкага раёну. Аднак маецца дакумэнт, што ўлетку 1918 Мамонька езьдзіў у Залесьсе Пагосцкай воласьці, якое ўваходзіць цяпер у Чыжэвіцкі сельсавет Салігорскага раёну. Праўдападобна, гэтае Залесьсе і ёсьць Мамонькава радзіма.

Можна думаць, што Мамонька скончыў пачатковае народнае вучылішча. Пазьней ён вывучыўся на электратэхніка. Зь юных гадоў далучыўся да рэвалюцыйнага руху. У 1907–1917 быў сябрам расейскай Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. Царскія ўлады двойчы арыштоўвалі яго, і за кратамі Мамонька правёў 2 гады 10 месяцаў.

У 1-ую сусьветную вайну малодшы унтэр-афіцэр Мамонька служыў тэлеграфістам пры штабе ХІІ арміі. У тр. 1917 ён заснаваў першы гурток воінаў-беларусаў у Рызе. Стаў сябрам Беларускай Сацыялістычнай Грамады і ўжо ў верас. прадстаўляў партыю на Ўсерасійскай Дэмакратычнай Нарадзе. У кастр. ён удзельнічаў у працы ІІІ зьезду БСГ і быў абраны сябрам Цэнтральнага Камітэту партыі. У тым самым месяцы стаў таксама сябрам Выканаўчага камітэту Вялікай Беларускай Рады. У сьн. яго абралі ў Раду Ўсебеларускага Зьезду. Пры разгоне Зьезду бальшавікі першы раз яго арыштавалі.

Воіны-беларусы дэлегавалі Мамоньку ў Цэнтральную Беларускую Вайсковую Раду. У ЦБВР ён быў кіраўніком палітычнага аддзелу і (кароткі час) намесьнікам старшыні. 1.02.1918 бальшавікі зноў арыштавалі яго. У ноч з 18 на 19.02, калі бальшавікі ў паніцы пакідалі Менск, Мамонька з гаўптвахты ўцёк.

У 1918 і першай палавіне 1919 Мамонька малапрыкметны сябар Рады БНР. Вядома, што ён быў адным з заснавальнікаў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, уваходзіў у яе кіраўнцітва. 22.10 Рада БНР абрала яго разам М. Бурнашовым і Я. Станкевічам сябрам дэлегацыі да Літоўскай Тарыбы.

Мамонька быў у ліку тых радных, якія ў канцы лістап. 1918 не падаліся зь Менску ў Вільню і Горадзен. Мала таго, ён спрабаваў выступіць на мітынгу, які ладзіў С. Бэрсан пасьля прыходу ў Менск бальшавікоў. У канцы 1918 — пачатку 1919 ён яшчэ раз пабываў у бальшавіцкай вязьніцы.

Застаецца пытаньнем, калі Мамонька стаў сябрам сэньёрэн-канвэнту Рады БНР. У гэтай якасьці разам зь іншымі беларускімі дзеячамі 19.09.1919 ён быў прыняты Ю. Пілсудскім. У часе сустрэчы радныя выказалі пажаданьне, каб цывільная ўлада ў краіне была перададзена органам БНР.

Праўдападобна, у пытаньні фармаваньня беларускіх вайсковых адзінак на тэрыторыі Ўкраіны на пачатаку лістап. 1919 Мамонька выяжджаў у Камянец-Падольскі, які быў у тым часе сталіцай Украінскай Народнай Рэспублікі. Па дарозе ў Варшаве ён сустракаўся з А. Луцкевічам. У тым часе ён яшчэ падтрымліваў Луцкевіча і разам з П. Бадуновай, Б. Тарашкевічам ды К. Цярэшчанкам заклікаў радных з Бэрліна і Коўна ехаць у Менск на сэсію Рады. Але чым далей, тым больш палякі настройвалі супраць сябе шырокія пласты насельніцтва Беларусі, асабліва сялянства. Беларускія эсэры не маглі ня ўлічваць гэтыя настроі.

Партыя ўзяла курс на збройнае змаганьне. У сьнеж. 1919 Бадунова, Мамонька, Я. Трафімаў ды інш. эсэры падпісалі ў Смаленску дамову з бальшавікамі аб супольным збройным змаганьні з польскімі акупантамі. Інтэрнаванага палякамі ў Варшаве старшыню Рады Народных Міністраў Луцкевіча, які праводзіў палітыку «малых крокаў» і разумеў згубнасьць радыкалізму, вінавацілі ў палітычным палёнафільстве. Мамонька быў у ліку тых, хто ўчыніў 13.12.1919 пераварот у Радзе БНР і стварыў паралельны кабінэт В. Ластоўскага. Яго ж самога абралі сакратаром і, ergo, сябрам Прэзыдыюму Рады.

Хоць бальшавікі Літвы і Беларусі дамовіліся зь беларускімі эсэрамі аб супольнай барацьбе з польскімі акупантамі, Масква вяла сваю палітыку. Урад РСФСР гатовы быў саступіць Польшчы беларускія землі па Бярэзіну. На гэты конт меркавалася правесьці польска-бальшавіцкія перамовы ў Барысаве. Дагаворныя бакі вырашылі дасягнуць згоды без удзелу прадстаўнікоў Беларусі. 10.04.1920 Мамонька разам з П. Крачэўскім накіраваў тэлеграму Радзе паслоў у Парыж з прычыны нядопуску прадстаўнікоў Беларусі на польска-бальшавіцкія перамовы. «Неадложнаго дапушчэньня на мірные перэгаворы Беларускіх Прэдстаўнікоў» патрабавалі Крачэўскі ды Мамонька і ў ноце народнаму камісару замежных спраў РСФСР Г. Чычэрыну.

Знаходзячыся ў Рызе, Мамонька ў крас. і тр. браў удзел у пасяджэннях аргбюро дзеля скліканьня Беларускай Дзяржаўнай Канфэрэнцыі. У крас. ён таксама выяжджаў у Рэвэль (цяпер Талін) як прадстаўнік БПС-Р у кантактах з бальшавікамі (Я. Чарапук быў накіраваны прадстаўляць Урад БНР).

31.05.1920 г. Мамонька разам зь іншымі дзеячамі падпісаў рэзалюцыі канфэрэнцыі БПС-Р у Рызе аб даверы палітыцы ўраду Ластоўскага і міністра замежных спраў Я. Ладнова, а 1.06 ён браў удзел у канфэрэнцыі беларускіх дзяржаўных і грамадзкіх дзеячаў у Рызе. У чэрв. 1920 Ластоўскі маніўся паслаць яго да Ладнова, які ўзначальваў беларускую дэлегацыю ў Парыжы. Аднак ужо ў ліп. 1920, перад прыходам бальшавікоў, Мамонька быў у Менску. Як пісаў Я. Бялевіч, прыехаўшы ў Менск, Мамонька не хаваўся і таму трапіў у польскую турму. Можна думаць, што на волю ён выйшаў з прыходам бальшавікоў. Зь Менску ён выехаў у Вільню, а потым у Рыгу. Увосень 1920 у Рызе пачаліся польска-бальшавцкія перамовы. І 29.09 Урад БНР прызначыў Мамоньку ўпаўнаважаным для сувязяў з дэлегацыяй РСФСР. 20.10.1920 ён удзельнічаў і выступаў з дакладам на Нацыянальна-Палітычнай Нарадзе ў Рызе, якая выказалася за неабходнасьць і далей весьці барацьбу за незалежнасьць і непадзельнасьць Беларусі. У сьн. 1920 г. з’езд БПС-Р выбраў яго сябрам Цэнтральнага Камітэту партыі.

На даручэньне Ўраду БНР у канцы студз. 1921 Мамонька прыехаў у Менск. Як можна прачытаць, дзеля каардынацыі рэвалюцыйнай барацьбы ў Заходняй Беларусі. Пэўна, гэтую барацьбу яму даручана было каардынаваць з бальшавікамі. Аднак перад падпісаньнем у Рызе польска-бальшавіцкага пакту аб падзеле Беларусі Мамоньку бальшавікі арыштавалі. Рашэньнем Цэнтральнага Бюро КП(б)Б ад 3.03.1921 ён быў высланы ў Маскву, а ў крас. зноў арыштаваны і вывезены ў Казанскую турму. З Казані Мамонька здолеў уцячы і дабрацца да Коўна.

У верас. 1921 Мамонька браў удзел у І Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Празе, якая пацьвердзіла прынцып незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі. 3.10.1921 у Празе ён удзельнічаў у сходзе прадстаўнікоў розных напрамкаў беларускай палітычнай думкі, які пацьвердзіў асноўныя рашэньні Праскай канфэрэнцыі.

У канцы 1922 Мамонька выехаў на вучобу ў Чэхаславаччыну. Вучыўся ён ва Ўкраінскай гаспадарчай акадэміі ў Подзебрадах. Уваходзіў у Аб’яднаньне беларускага паступовага (прагрэсіўнага) студэнцтва ў Празе, а пасьля яго распаду — у эсэраўскую студэнцкую арганізацыю «Вольная грамада». З акадэміі яго выключылі за скандальныя паводзіны. Знаходзячыся ў Празе, Мамонька, Т. Грыб і Бадунова стварылі Бюро ЦК БПС-Р, якое абвясьціла сябе кіруючым партыйным органам за мяжою. Разам з тым Мамонька і Бадунова не прызнавалі паўнамоцтваў кабінэту А. Цьвікевіча. Увосень 1923 яны патрабавалі склікаць Прэзыдыюм Рады БНР і вырашыць пытаньне аб урадзе. Калі ж не атрымалі на тое згоды Крачэўскага і В. Захаркі, у студз. 1924 г. разам з Грыбам апублікавалі «Извещение» Бюро ЦК БПС-Р пра тое, што ўрад БНР і Рада не існуюць. І ўсё ж Мамонька выступаў за захаваньне структураў БНР за мяжою. Ён выступіў супраць рашэньня ІІ Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Бэрліне аб прызнаньні Менску адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі.

Пасьля Бэрлінскай канфэрэнцыі Мамонька жыў перш у Коўне, потым у Вільні і нарэшце ў Рызе. Спазнаўшы на ўласным досьведзе вераломнасьць бальшавікоў, Мамонька 7.07.1921 на сходзе Загранічнай групы БПС-Р заявіў, што бальшавікі — жулікі, бо падманваюць ня толькі эсэраў, але і беларускіх камуністаў. І ён жа зь нейкіх прычын у 1928 вырашыў выехаць у Савецкі Саюз. Атрымаўшы савецкую візу, 11.9 прыехаў у СССР і быў адразу ж арыштаваны на памежнай станцыі Бігосава. Зь Бігосава яго этапавалі ў Маскву, а 3.01.1929 асудзілі на 10 год лягероў. 2.09.1937 «тройка» НКВД Комі АССР вынесла яму сьмяротны прысуд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG