Лідэр «Моладзі БНФ» Юрась Лукашэвіч, які судзіцца за аднаўленьне на гістарычным факультэце Белдзяржунівэрсытэту, падчас працэсу даведаўся, што быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за абарону Курапатаў.
«Адбылося другое слуханьне наконт маёй нязгоды з адлічэньнем з навучальнай установы і патрабаваньня аднаўленьня на факультэце, — расказаў Свабодзе Юрась Лукашэвіч. — Дык вось, калі мы з адвакатам туды прыйшлі, адказьнік у асобе юрыста БДУ прынёс пастанову суду за 14 красавіка. Там было напісана, што я нібыта асуджаны на 15 сутак за Курапаты. Ня ведаю, як магла гэтая пастанова ўзьнікнуць, бо мяне не запрашалі ў суд — ні позвай, ні нават смс-паведамленьнем. Прынамсі за прамінулыя два месяцы ніхто мяне не шукаў, і зараз вось такая прыгода».
Паводле Юрася Лукашэвіча, сёньня ён аформіў даверанасьць на адваката, які будзе разьбірацца — ці сапраўды ў маладога палітыка «запазычанасьць» па адседцы.
«Бок унівэрсытэту заявіў, што быў зроблены запыт адносна таго, ці судзілі мяне па „палітычных справах“, — працягвае суразмоўца. — Бо першая вымова, якая была мне вынесена, — гэта за дзеяньні, якія прадугледжваюць адміністрацыйную адказнасьць. Але яшчэ на першым слуханьні я падкрэсьліваў, што ня быў асуджаны — два месяцы мінулі, і я дагэтуль на волі. Пасьля гэтага яны прыносяць пастанову, якую быццам аформіў суд Савецкага раёну Менску. Але нават з той паперы вынікае: калі суд тэарэтычна і быў, то ён прайшоў 14 красавіка. А адлічылі мяне 24 сакавіка. У любым выпадку нешта не стасуецца».
Лідэр «Моладзі БНФ» кажа, што працягне дамагацца справядлівасьці — і ў частцы аднаўленьня за несправядлівае адлічэньне з БДУ, і ў справе высьвятленьня абставінаў свайго завочнага асуджэньня.
Неўзабаве пасьля гутаркі стала вядома, што суд канчаткова адмовіў Юрасю Лукашэвічу ў магчымасьці аднавіць навучаньне на гістарычным факультэце БДУ.