Рэцэпт для страты вагі вядомы і даволі просты: здаровае харчаваньне і рэгулярныя фізычныя практыкаваньні. Але лёгка так сказаць, ды цяжка зрабіць, піша на сайце sharecare.com Тэйлар Лупоў.
Вось пяць прычынаў-злачынцаў, якія вінаватыя ў тым, што людзі не худзеюць.
Вы спажываеце здаровую ежу, але пераядаеце
Здаровае харчаваньне складаецца зь неапрацаваных прадуктаў, посных бялкоў, суцэльнага збожжа і здаровых тлушчаў, але ёсьць межы. Зьесьці цукерак на 300 калёрый ня тое самае, што зьесьці салату на такую ж колькасьць калёрый. Але калі справа даходзіць да страты вагі, самае галоўнае — гэта колькасьць спажытых калёрый і колькасьць патрачаных. Патрэбная ж колькасьць калёрый розная для кожнага ў залежнасьці ад узросту, полу і ўзроўню актыўнасьці, таму лепш за ўсё вызначаць яе разам зь лекарам-дыетолягам.
Вы ня робіце дастаткова кардыё-практыкаваньняў
Некаторыя трэніроўкі лепш падыходзяць для страты вагі. Кардыё-практыкаваньні, якія падтрымліваюць сардэчна-судзінную сыстэму, паводле экспэртаў, найбольш эфэктыўныя. Гэта хада, бег, язда на ровары і плаваньне.
Добрая навіна для тых, хто мае мала вольнага часу, але хоча схуднець. Частыя кароткія практыкаваньні, якія напружваюць кардыё-сыстэму, паводле дасьледаваньняў, быль спрыяюць страце вагі, чым больш доўгія трэніроўкі ніжэйшай інтэнсіўнасьці. Лепш рабіць 30-хвілінныя кардыё-практыкаваньні пяць-шэсьць дзён у тыдзень.
Вы сабатуеце страту калёрый
Змучаныя ў трэнажорнай залі, мы часта ўзнагароджваем сябе марозівам ці слодычамі, якія нівэліруюць страту калёрый.
Людзі схільныя пераацэньваць колькасьць спаленай падчас трэніроўкі энэргіі, таму часьцей за ўсё «ўзнагароды» выбіраюць неадэкватныя. Парада такая: рабіце правільны выбар. Калі хочацца салодкага, зьежце троху цёмнага шакаляду замест кавалка торту, або замарожаны банан замест марозіва.
Вы нарошчваеце цягліцы
Сілавыя практыкаваньні мяняюць склад вашага цела за кошт павелічэньня мышачнай масы і памяншэньня колькасьці тлушчу. Вы можаце паступова ператварацца ў чалавека з больш атлетычнай фігурай, але, ставаючы на вагі, не заўважыце ніякай страты вагі. Наадварот, яна можа нават павялічыцца, таму што цягліцы больш шчыльныя за тлушч.
Вы занадта канцэнтруецясе на трэнажорнай залі
Рэгулярныя фізычныя практыкаваньні павінны быць часткай здаровага ладу жыцьця, яны могуць зьнізіць рызыку сардэчна-судзінных хваробаў, умацоўваюць косткі, паляпшаюць настрой і дапамагаюць кантраляваць сваю вагу. Аднак для пасьпяховай страты вагі больш важным зьяўляецца здаровае харчаваньне. Экспэрты кажуць, што рэальна на страту вагі больш уплывае дыета, чым практыкаваньні. Пры гэтым, фізычныя практыкаваньні і здаровае харчаваньне не зьяўляюцца ўзаемавыключальнымі — яны дапаўняюць адно аднаго. Насамрэч, правільныя прадукты харчаваньня маюць важнае значэньне для фізычнай працы. Без неабходных вугляводаў, бялкоў, вітамінаў і вадкасьці, ваш арганізм ня зможа пераносіць фізычныя нагрузкі. Самае важнае — зьмена ладу жыцьця, каб правільна харчавацца і рэгулярна займацца спортам.