Менавіта яны ўдзельнічаюць сёньня ў нашай праграме на тэму: «Ці дзеліць і каго нацыянальная сымболіка?».
Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі заявіла, што здымае з парадку дня нядаўнюю ініцыятыву пра наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу «Пагоня» статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці і пра іх свабоднае выкарыстаньне.
Раней намесьнік старшыні партыі Алег Гайдукевіч казаў, што такі крок, як прызнаньне сьцягу, абʼяднаў бы беларусаў. Але ўчора партыя патлумачыла, што займацца пытаньнямі сымболікі павінны гісторыкі, культурныя дзеячы, а не палітыкі. І, маўляў, пад ціскам тысячаў тэлефанаваньняў ад грамадзян, рашэньне зьмянілі. Заахвочваем паслухаць гукавую вэрсію перадачы і прапануем некаторыя цытаты яе ўдзельнікаў:
Патрыёт Зьміцер Дашкевіч:
«Пад бел-чырвона-белым сьцягам была створаная Беларусь. Пад ім мы дасягнулі таго, што ў нас ёсьць дзяржава і народ. А рэшту мы здабудзем карпатлівай працай».
«Пытаньне сымболікі — гэта пытаньне выбару паміж праўдай і хлусьнёй. Паміж бел-чырвона белым сьцягам, які атаясамлівае праўду, і чырвона-зялёным, які сымбалізуе злачынны рэфэрэндум 1995 году і бандыцкую ўладу Лукашэнкі».
«Плынь гісторыі не спыніць і пра гэта павінен ведаць кожны камуніст. Яны цьвердзяць, што народ прагаласаваў. Які народ? Гэта быў бандыцкі захоп улады ў 1995 годзе. Народ вырашыў зьбіцьцём дэпутатаў парлямэнту? У камуністаў, лукашыстаў і іх прыхільнікаў хлусьня на хлусьні»
«Хрыстос сказаў: „Не кідайце перлаў перад сьвіньнямі, каб яны патаптаўшы іх, не павярнуліся і вас не разадралі“. Ісус Хрыстос гаварыў не пра жывёлаў. Пэўная катэгорыя людзей самім Богам вызначана за сьвіней. Мы што, сталіністам і людаедам будзем расказваць пра сьцяг. Яны не прымаюць здаровы сэнс».
«Супрацьпастаўленьне сымболік заклаў Лукашэнка сваім бандыцкім рэфэрэндумам. Ня думаю, што надаўшы сьцягу статус, рэзка адбылося б прымірэньне. Я ніколі не абʼяднаюся з ілгуном Петрушэнкам і чырвона-зялёным сьцягам».
Камуніст Мікалай Петрушэнка:
«Тысячы людзей пераканалі ЛДПБ, што іх ініцыятыва толькі разьяднае людзей. Масы бел-чырвона-белы сьцяг не ўспрымаюць. Пад гэтым сьцягам паліцаі кралі курэй».
«Народ не прымае бел-чырвона-белы сьцяг. БНР абрала яго сымбалем таму, што ў Расеі ў той час быў прыняты дэкрэт пра зямлю. Памешчыкі, у тым ліку Скірмунт, разумелі, што яны губляюць мільёны гектараў. Таму яны і зрабілі стаўку на тое, каб адкалоцца ад Расеі».
«Сьцяг у Вярхоўны савет уносіў касманаўт Кавалёнак з партыйным білетам. Асыстэнтам у яго быў Лукашэнка. Людзі, якія ўнесьлі бел-чырвона-белы сьцяг, з часам, як і ЛДПБ, разабраліся. Кавалёнак паклаў пасьведчаньне дэпутата і сказаў: „няма мне прабачэньня перад беларускім народам, я ня варты быць дэпутатам“, і зьехаў у Маскву. Ён прызнаў палітычную памылку. І народ прызнаў памылку на рэфэрэндуме».
«Сучасны сымбаль сувэрэнітэту — гэта чырвона-зялёны сьцяг. Калі Дашкевіч не прызнае сувэрэнітэт, як самае сьвятое, то зь ім няма пра што гаварыць. Вось Івонка Сурвіла і Рада БНР не прызнаюць наш сувэрэнітэт».
«Нас прымушаюць зрабіць тое, што яшчэ больш разьяднае народ».