Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Сідарэвіч: У чым памыляецца мітрапаліт Тадэвуш


Сам дух часу прымушае рэлігійныя аб’яднаньні ў Беларусі жыць мірна. Але добрымі адносіны не назавеш.

Прачытаў адкрыты ліст мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча Сьвятлане Алексіевіч. Спатыкнуўся на адным выказваньні.

Мітрапаліт Тадэвуш сьцьвярджае, што ў Беларусі «гістарычна склаліся добрыя як міжканфэсійныя, так і міжрэлігійныя адносіны».

Калі гэта — «гістарычна»? Зь якога часу? З часоў Рэчы Паспалітай? З царскага часу? Ці зь міжваеннага ў Заходняй Беларусі? Дык можна доўга пісаць, як у часы Рэчы Паспалітай нядобра жылося праваслаўным. Як рыма-каталікі бралі за горла уніятаў (па-цяперашняму — грэка-каталікоў), як іх лацінізавалі. Як абыходзіліся з тымі ж уніятамі за царом, хай раскажа хто іншы.

Тых, хто не маўчаў, маглі кінуць і ў турму, як айца Вінцэнта Гадлеўскага.

Не вельмі ўтульна пачуваліся за царом і рыма-каталікі. А за «польскім часам» — гэта парадаксальна, але факт — сама горш было беларускім каталікам. Хлопцам-беларусам была зачыненая дарога ў духоўныя сэмінарыі. Сьвятароў-беларусаў (як, прыкладам, Ільдэфонса Бобіча, ён жа Пётра Просты) змусілі маўчаць. Тых, хто не маўчаў, маглі кінуць і ў турму, як айца Вінцэнта Гадлеўскага, ці запраторыць у Харбін, як айцоў Андрэя Цікоту ці Язэпа Германовіча, выслаць зь Вільні ў Слонім — як сьвятара Адама Станкевіча. Ці трэба казаць пасьля гэтага, як жылося ў каталіцкай дзяржаве пад хадэкамі, эндэкамі і пілсудчыкамі праваслаўным беларусам? Або баптыстам і пяцідзясятнікам.

Грэх не нагадаць, як у часы Рэчы Паспалітай, за царом і ў міжваеннай Польшчы ставіліся да юдэяў. За царом на зьвярыны антысэмітызм хварэлі ня толькі праваслаўныя, але і іх каталіцкія браты хрысьціяне. Пра антысэмітызм у міжваеннай Польшчы, дзе каталіцызм быў дзяржаўнай рэлігіяй, асабліва пра антысэмітызм у час станаўленьня Польскай Рэспублікі можна апавядаць са спасылкамі на крыніцы вельмі доўга. Разбой, рабункі, фізычныя расправы, забойствы — вось што зьведалі габрэі ад польскіх і апалячаных каталікоў. Хто стварыў гета ва ўнівэрсытэце імя Сьцяпана Батуры ў Вільні, хто змусіў студэнтаў-габрэяў сядзець на асобных лаўках, наводдаль ад хрысьціян? Якую веру вызнаваў той рэктар? Калі не памыляюся, ён быў ксяндзом.

Выказацца так ёй падказала генэтычная ці то гістарычная памяць.

Мо Сьвятлана Алексіевіч не зусім дакладна выказалася, але я ўпэўнены, што выказацца так ёй падказала генэтычная ці то гістарычная памяць. Тут варта нагадаць, што лёс Алексіевіч пэўным чынам зьвязаны і з Заходняй Украінай. Няўжо мітрапаліт Кандрусевіч ня ведае, як палякі (а яны ж, пэўна, усе ці амаль усе рыма-каталікі) у міжваенны час учынялі «пацыфікацыі» ва Ўсходняй Галіччыне? Сярод ахвяраў тых «пацыфікацыяў» былі і грэка-каталіцкія сьвятары. Такое не забываецца.

Ня думаю, што добрыя міжканфэсійныя і міжрэлігійныя адносіны склаліся ў сучаснай Беларусі. Так, было б дзікунствам рабіць цяпер тое, што рабілі ўлады і цэрквы за часамі Рэчы Паспалітай, Расейскай імперыі ці Польскай Рэспублікі. Ёсьць такое паняцьце — прымус да міру. Сам дух часу прымушае рэлігійныя аб’яднаньні жыць мірна. Але добрымі адносіны не назавеш.

Праваслаўная Царква Маскоўскага Патрыярхату мае ў Беларусі манаполію на праваслаўе.

Праваслаўная Царква Маскоўскага Патрыярхату мае ў Беларусі манаполію на праваслаўе. І гэтае яе манапольнае становішча падтрымлівае дзяржава. Заснаваньне парафіяў іншых праваслаўных юрысдыкцый у Беларусі цяпер немагчымае. А ці магчымае ў Беларусі заснаваньне парафіяў, напрыклад, лефеўрыстаў? (Для недасьведчаных: лефеўрысты — гэта каталікі, якія не прызнаюць рашэньні ІІ Ватыканскага Сабору.) Скажыце, а паганцы (язычнікі), паклоньнікі Сонца і Агню, Перуна і Мокашы маюць права на існаваньне, маюць права будаваць свае сьвяцілішчы і кумірні? Шчыра скажыце, панове праваслаўныя, каталіцкія, пратэстанцкія, іудзейскія і мусульманскія сьвятары і пастары.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG