Выдадзены зь Беларусі Амрыеў знаходзіцца ў Грозным пад падпіскай пра нявыезд (Відэа)
Выдадзены зь Беларусі ў Чачню баец зьмяшаных двубояў (ММА) Мурад Амрыеў, які абвінавачваў чачэнскіх сілавікоў ў катаваньнях, знаходзіцца ў Грозным пад падпіскай пра нявыезд. Напярэдадні спартоўца прывезьлі ў Чачню ў кайданках, дапыталі ў прысутнасьці адваката, але тут жа адпусьцілі пад падпіску пра нявыезд. Чачэнскія ўлады доўга дамагаліся выдачы Амрыева, абвінавачваючы яго брата ў замаху на забойства, а яго самога — у выкарыстаньні фальшывага пашпарта. Падчас ранейшага затрыманьня ў 2013 годзе, па словах Амрыева, яго катавалі. Але ён кажа, што ў сувязі з удзелам у справе праваабаронцаў і вялікага розгаласу гэтым разам зь ім паводзіліся паводле закону. Мурада Амрыева зьнялі зь цягніка і затрымалі ў Бранску 4 чэрвеня. Неўзабаве ён быў «фармальна вызвалены» і дастаўлены ў будынак пракуратуры. Мужчына ўцёк і быў затрыманы памежнікамі ў Беларусі паблізу гораду Добруш у ноч на чацьвер. Яго экстрадавалі ў Расею, пасьля чаго спартоўца перадалі чачэнскім праваахоўным органам, якія яшчэ ў лютым абвясьцілі Амрыева ў вышук. На думку праваабаронцаў, паліцыя Чачні перасьледуе спартоўца за тое, што ён распавёў пра катаваньні.