Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітынг Статкевіча на 3 ліпеня: БНФ не падабаецца, АГП і БХД не абмяркоўвалі


Мікалай Статкевіч, архіўнае фота
Мікалай Статкевіч, архіўнае фота

Палітык Мікола Статкевіч паўторна заклікаў на акцыю на Кастрычніцкай плошчы 3 ліпеня, «каб абараніць маладых людзей, нашых дзяцей, якіх катуюць ні за што». Іншыя беларускія палітыкі пакуль ня выказаліся ў падтрымку акцыі.

Свабода пагутарыла зь лідэрамі партыяў АГП, БНФ і БХД, якія ня раз зьяўляліся на вулічных акцыях поплеч са Статкевічам.

Лябедзька: 3 ліпеня нічога істотна ня зьменіцца

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

​«АГП гэтае пытаньне не разглядала, яно на парадку дня не стаіць, да нас ніхто зь нейкім зваротам не зьвяртаўся, — кажа Свабодзе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. — А астатняе кожны сам вырашае самастойна.

Наўрад ці можна чакаць, што 3 ліпеня нешта зьменіцца істотна. Мы як структура і ў фармаце [Правацэнтрысцкай] кааліцыі рыхтуемся да восені, прагназуем, што ўвосень будзе ўздым палітычнай актыўнасьці людзей. У лютым і сакавіку Правацэнтрысцкая кааліцыя арганізоўвала акцыі ў рэгіёнах, мы гэта ацэньваем як станоўчы фактар, цяпер акцэнт робіцца на тое, каб тых людзей, якія падтрымалі гэтыя акцыі, заангажаваць ці ў структуры, ці ў дзейнасьць.

Мы вітаем усе дзеяньні, скіраваныя на тое, каб падштурхнуць улады да пераменаў. У нас сфармулявана 5 патрабаваньняў. Але мы рыхтуем найбольшую актыўнасьць на восень. Я абсалютна ўпэўнены, што тады будуць ня толькі актывісты, але і людзі, у парадку якіх стаяць праблемы таго ж Дэкрэту № 3, эканамічнага стану...

Я думаю, 3 ліпеня ўсё ж прапанаваная акцыя для актывістаў. Тут няма нічога новага, але разам з тым, калі гэта нейкі ціск на ўладу, каб яна нешта рабіла, гэта можна толькі вітаць. Але пра ўдзел арганізацыі і кааліцыі, якія я прадстаўляю, — мы рыхтуем палітычную актыўнасьць на восень, каб пашырыць склад людзей, якія могуць удзельнічаць у пратэставых акцыях».

Янукевіч: ёсьць і больш важныя даты

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

​«Яшчэ ад пачатку, калі ўвесну спадар Статкевіч абвясьціў „новую тактыку“ — прызначаць свае мерапрыемствы на дзяржаўныя сьвяты, я казаў, што стаўлюся да гэтага нэгатыўна і скептычна, — тлумачыць Свабодзе старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч. — Маё стаўленьне за гэты час не зьмянілася.

Мы, натуральна, вітаем любую дэмакратычную актыўнасьць і любыя спробы змагацца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. Той, хто арганізоўвае такія мерапрыемствы, няхай гэта робіць, гэта можа паспрыяць у нейкай ступені набліжэньню нейкіх пераменаў.

Аднак Партыя БНФ, нашы сябры і прыхільнікі — гэта людзі каштоўнасна матываваныя. Для іх у Беларусі вельмі багата датаў, зьвязаных з нацыянальнай спадчынай і нацыянальнай гісторыяй, на якія мы штогод праводзім мерапрыемствы. Ёсьць больш датаў, на якія можна пашыраць мерапрыемствы.

Мы сваю дзейнасьць скіроўваем на адназначна важныя або станоўчыя даты беларускай гісторыі, зьвязаныя з вызваленьнем беларускага народу, яго дасягненьнямі, умацаваньнем нацыянальнай незалежнасьці. На сёньня 3 ліпеня не зьяўляецца такой датай у нашым разуменьні».

Севярынец: Дата такая супярэчлівая

Павал Севярынец
Павал Севярынец

​«У БХД мы гэтае пытаньне не абмяркоўвалі, —адказвае Свабодзе сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец. — Я з павагай стаўлюся да тых, хто выходзіць пратэставаць, але тут... Не, рызыкоўным я гэта не лічу, я лічу, што дата трохі ня тая.

Цяжкае пытаньне вы спыталі. З аднаго боку, я не магу быць супраць любога пратэсту. І калі гэты пратэст будзе, вялікая павага людзям, якія выйдуць. Але дата такая супярэчлівая. Вы ж ведаеце, гэта быў дзень, калі савецкія войскі ўвайшлі ў Менск. Нават яшчэ ўся Беларусь не была вызваленая ад нацыстаў. Але зь другога боку, ёсьць пытаньні, зьвязаныя з савецкай перамогай, бо яна прынесла краіне яшчэ некалькі дзесяцігодзьдзяў акупацыі.

Шчыра кажучы, для мяне былі б важныя іншыя даты. У ліпені, напрыклад, 15-га (дзень перамогі пад Дуброўнай, у Грунвальдзкай бітве. — РС) або 27-га (дзень прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР, які адзначаўся ў Беларусі як Дзень Незалежнасьці ў 1991-1996 гадах. — РС).

Тым ня менш Мікалай абвясьціў, таму павага людзям, якія выйдуць. Але падкрэсьліваю: гэта мая пазыцыя, у БХД пытаньне не абмяркоўвалі».

«Яны дагэтуль ня ведаюць, што аж да 3 ліпеня Менск бамбілі „нашы“!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG