Першая ахвяра вайны ў маім Шчонаве — савецкі салдат, расстраляны сваімі. Падпаілі хлопца сьпіртам. Пацягнула няшчаснага да дзяўчат. Пачаў заляцацца да Ліды Сідаравай, рэвальвэрам пагражаў. Якраз іншыя падышлі, камандзір між іх. Кінуўся да яго Сідар:
Я батрак, на паноў рабіў, а ён дачку згвалціць хацеў!..
Кіўнуў той, схапілі салдаціка. Уладак Лысы прасіць стаў:
Таварыш, не страляйце! Такі маладзенькі…
Але дзе там — зьверына! — згадвае дачка Ўладкава.
Застрэлілі, у грудзі куля трапіла. Уладак забраў паперы, што ў гімнасьцёрцы знайшоў. Прастрэленыя, у крыві. Дакумэнты, лісты, здымкі маці, сястры. Хацеў адаслаць родным. Перадумаў, спаліў усё.
Ня буду пісаць… Хай маці ня ведае, хай чакае…
Альжбета Кеда
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org