Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Скарына. Каля 100 беларусаў вучыліся ў рамках праграмы United World Colleges


У Менску прайшла сустрэча былых і цяперашніх навучэнцаў сеткі Каледжаў аб’яднанага сьвету (United World Colleges) зь Беларусі, а таксама каардынатараў беларускага Нацыянальнага камітэту і бацькоў.

Каледжы аб’яднанага сьвету — міжнародны адукацыйны рух, першая школа якога (Atlantic College) паўстала ў 1962 годзе ва Ўэльсе. Сёньня гэта сетка з двух дзясяткаў навучальных устаноў па ўсім сьвеце. Двухгадовы англамоўны адукацыйны працэс вядзецца на перадунівэрсытэцкім узроўні, у кожным каледжы займаюцца ў сярэднім 200 студэнтаў з 70-80 краінаў.

Сярод апекуноў — Мандэла, Гарбачоў, прынц Чарльз

Адукацыйная ідэалёгія спрыяла таму, што рух сабраў у апякунскую раду нямала ўсясьветна вядомых асобаў, такіх як Нэльсан Мандэла, Міхаіл Гарбачоў, прынц Чарльз, Тур Хеердал, каралева Ярданіі Нур ды іншыя. Большасьць стыпэндыяў фундаваная, што дае магчымасьць не зважаць на фінансавае становішча ці паходжаньне яе атрымальніка.

Міжнародны каледж. Армэнія.«Спэктральны» інтэр’ер каледжа
Міжнародны каледж. Армэнія.«Спэктральны» інтэр’ер каледжа

У Беларусі нацыянальны камітэт Каледжаў аб’яднанага сьвету быў заснаваны ўвесну 1994 году. Арганізацыйны сход адбыўся з ініцыятывы дырэктара Скарынаўскага цэнтру Адама Мальдзіса, а старшынём абраны дырэктар Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас. Тады было вырашана, што абсалютную перавагу пры паступленьні будуць мець падлеткі, якія, апроч выдатных агульных ведаў, добра валодаюць беларускай мовай, ведаюць гісторыю і культуру Беларусі. Першай прадстаўніцай Беларусі ў UWC была ліцэістка 1994 году выпуску Аліна Новік, якая ўвайшла ў лік найлепшых выпускнікоў усіх школаў, якія займаюцца паводле сыстэмы Міжнароднага бакаляўрэату.

Беларусы – у лідэрах праграмы

Беларускае прадстаўніцтва за прамінулы час адзначанае ў каледжах Армэніі, Босьніі і Герцагавіны, Вялікай Брытаніі, Галяндыі, Ганконгу, ЗША, Індыі, Італіі, Канады, Нарвэгіі, Сынгапуру, Уэльсу, Тайлянду. Адбор — на конкурснай аснове. Штогод за мяжу выпраўляюцца 2-3 прадстаўнікі Беларусі, але сёлета беларуская дэлегацыя можа быць рэкорднай.

Ягор Сурскі
Ягор Сурскі

Паводле Ягора Сурскага, аднаго з каардынатараў нацыянальнага адбору, колішняга выпускніка Адрыятычнага каледжу ў Італіі, Беларусь спадзяецца атрымаць аж 6 стыпэндый:

«Здольнасьці нашых навучэнцаў ацэньваюцца вельмі высока, таму беларуская прысутнасьць, калі параўнаць зь іншымі краінамі, істотная – пры тым, што стыпэндыі ў асноўным бязвыплатныя на 100 працэнтаў. Сёлета мы разьлічваем, што для нашых студэнтаў агулам будзе шэсьць месцаў. Чатыры зь іх ужо гарантаваныя: па выніках конкурсу тры хлопцы і адна дзяўчына паедуць вучыцца ў Армэнію, Босьнію, Нідэрлянды і Сынгапур. І яшчэ верагодна, што атрымаем дзьве дадатковыя стыпэндыі, якія ў гэты час вызначаюцца на этапе падсумаваньня вынікаў агульнанацыянальных адбораў. Краіны пакуль невядомыя, усё залежыць ад прапаноў канкрэтных каледжаў, ад іх укамплектаванасьці. Напрыклад, летась «wild card» нечакана атрымала Дар’я Маляўская з Наваградка – яе запрасіў новаствораны каледж у Тайляндзе».

Сёлета на некалькі месцаў прэтэндавалі сто чалавек

Навучальная праграма ў Каледжах аб’яднанага сьвету прадугледжвае чатыры складнікі: акадэмічны, спартовы, творчы, валянтэрскі. У залежнасьці ад спэцыфікі ўстановы даецца магчымасьць выбару абавязковых прадметаў — ад звыклых да нестандартных. Разнастайная творчая дзейнасьць, а таксама праца зь дзецьмі і старымі людзьмі, дапамога ўцекачам, узаемадзеяньне з установамі сацыяльнай апекі. Нестандартны падыход да адукацыйнага працэсу і ўнікальны досьвед інтэрнацыянальнага кантактаваньня спрыяюць вялікаму конкурсу.

Як удакладняе Ягор Сурскі, апошнім часам ад Беларусі на некалькі месцаў прэтэндуюць блізу сотні чалавек:

«Сапраўды, конкурс вельмі высокі, але і якасьць фіналістаў адпаведная. Дзякуючы шматузроўневаму адбору мы маем самых таленавітых, самых пасьпяховых прадстаўнікоў ад Беларусі. Цешыць, што геаграфічная рэпрэзэнтацыя самая шырокая, прыяжджаюць падлеткі з усёй краіны. Прынамсі ўжо нельга казаць, што сталіца дае нейкія якасныя перавагі – дзеці з рэгіёнаў адназначна ня горшыя, а можа, нават і лепш падрыхтаваныя, чым зь Менску. У розных краінах вучацца падлеткі зь Берасьця, Баранавічаў, Воршы, Горадні, Ліды, Магілёву ды іншых гарадоў».

Працяг адукацыі – у найлепшых унівэрсытэтах сьвету

Міжнародны каледж. Армэнія. Дошка падзякі фундатарам школы
Міжнародны каледж. Армэнія. Дошка падзякі фундатарам школы

Навучаньне ў аб’яднаных каледжах, раскіданых фактычна па ўсім сьвеце, разглядаецца як перадунівэрсытэцкая прыступка і вядзецца на ангельскай мове паводле сыстэмы міжнароднага бакаляўрэату. Пасьля гэтага студэнты маюць магчымасьць працягнуць адукацыю ў найлепшых унівэрсытэтах; найбольш спрыяльны рэжым для беларусаў забясьпечваюць ВНУ Злучаных Штатаў Амэрыкі. І калі раней у Беларусь вярталіся адзінкі, то цяпер, удакладняе Ягор Сурскі, усё большая колькасьць выпускнікоў знаходзіць прымяненьне ўласным сілам на радзіме:

«Сапраўды, паступова фармуецца крыху іншы погляд на ўласныя пэрспэктывы. Калі раней і бацькі, і дзеці маліліся на Захад, уяўлялі, што гэта адзіны шанец на лепшае жыцьцё, то цяпер адукацыйны патэнцыял дазваляе прымаць самастойнае рашэньне, якім чынам лепш ім распарадзіцца. Многія лічаць, што ў Беларусі пэрспэктывы прынамсі ня горшыя, чым за мяжой. Вядома, гэта спрадвечная беларуская дылема, бо і Францішак Скарына некалі зьехаў з тым, каб вярнуцца і зрабіць сапраўдны пярэпалах – сьветапоглядны, навуковы, тэхналягічны. Пры тым, што мы яго пазыцыянуем як чалавека зь Беларусі, ён, як і іншыя лепшыя прадстаўнікі свайго часу, напоўніцу скарыстаўся «акном у Эўропу». Таму і ў наш час ёсьць спадзеў, што міжнародны досьвед будзе мець плён для Беларусі. Прынамсі такая тэндэнцыя праглядаецца».

Заснавальнікам адукацыйнай канцэпцыі United World Colleges — нямецкі пэдагог габрэйскага паходжаньня Курт Ган. Ён быў адным зь першых, хто адкрыта выступіў з крытыкай нацысцкай палітыкі ў Нямеччыне, яго арыштавалі і толькі дзякуючы заступніцтву тагачаснага брытанскага ўраду перадалі Вялікай Брытаніі.

Пасьля Другой усясьветнай вайны ідэалёгія Курта Гана набыла новае адценьне: спрыяньне ўзаемапаразуменьню паміж народамі праз адукацыю. Гэтыя ідэі ўвасобіліся ў жыцьцё ў 1962 годзе, калі была створана адукацыйная пляцоўка для прадстаўнікоў розных народаў. У самой Вялікай Брытаніі ёю стаў Атлянтычны каледж, Уэльс, дзе першымі адмовіліся ад падзелу навучаньня паводле палавога прынцыпу, а з часам, нягледзячы на ідэалягічныя разыходжаньні, да стракатага інтэрнацыяналу далучыліся і першыя навучэнцы з савецкіх рэспублік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG