Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Марзалюк адказаў на звароты ў абарону польскіх школ у Беларусі


Ігар Марзалюк
Ігар Марзалюк

Першы старшыня Саюзу палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін атрымаў адказ з парлямэнту Беларусі на пратэст супраць плянаваных зьменаў у заканадаўства аб адукацыі, паводле якіх дзяржаўныя экзамэны ва ўсіх школах Беларусі павінны здавацца на адной зь дзяржаўных моваў, што зробіць адукацыю на польскай мове нерэальнай.

Адказ падпісаў старшыня камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк.

Ліст у парлямэнт Гавін дасылаў разам з былым старшынём Гарадзенскага аблвыканкаму Сямёнам Домашам, былым старшынём Гарадзенскага гарвыканкаму Генрыхам Крупенькам і былым дэпутатам Вярхоўнага савету Міколам Маркевічам. Усе яны ў свой час мелі дачыненьне да адкрыцьця школаў з польскай мовай навучаньня ў Горадні і Ваўкавыску.

У лісьце з парлямэнту старшыня камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Марзалюк піша, што прапанова Гавіна аб немэтазгоднасьці зьмены заканадаўства ў дачыненьні да школаў, у якіх навучаньне вядзецца на мове нацыянальнай меншасьці, прынята да ўвагі.

Марзалюк піша, што праект закону цяпер у стадыі распрацоўкі ў Міністэрстве адукацыі Беларусі. А калі яго будуць уносіць для разгляду ў парлямэнт, то ў Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы будзе створана працоўная група для падрыхтоўкі законапраекту да разгляду ў першым чытаньні. У гэтым выпадку, паводле Марзалюка, паднятая праблема больш дэталёва будзе разгледжана на адным з паседжаньняў працоўнай групы.

Гавін кажа, што такі адказ дае шанец, што папраўкі, якія рыхтуюцца, могуць быць і адхіленыя. Сваю думку Гавін патлумачыў Свабодзе наступным чынам:

— Думаю, калі дэпутаты больш глыбока вывучаць пытаньне, то яны пабачаць, што пры адкрыцьці школаў з польскай мовай навучаньня ў Горадні і Ваўкавыску была падпісана дамова паміж Саюзам палякаў і Гарадзенскім гарвыканкамам аб тым, каб мова навучаньня ў гэтых школах не зьмянялася. Гэта важна, бо ў адваротным выпадку дэпутатам папросту трэба перакрэсьліць усё, што было за гэтыя гады зроблена. І нельга ж проста так зьмяніць падпісаную дамову. Да таго ж і ўсе бацькі, якія аддаюць сваіх дзетак у гэтыя школы, не пагодзяцца на гэта.

Ліст з подпісамі жыхароў Гарадзеншчыны супраць меркаваных зьмен у заканадаўства аб адукацыі даслалі ў адміністрацыю Лукашэнкі і прадстаўнікі Саюзу палякаў.

Днямі Гарадзенскі гарвыканкам ня даў дазволу старшыні непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анжаліцы Борыс правесьці пікет у абарону школаў з польскай мовай навучаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG