Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя раскрыла карупцыю з удзелам былога чыноўніка адміністрацыі прэзыдэнта, але 2 гады маўчала пра яе


Упраўленьне барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Менгарвыканкаму паведаміла пра раскрыцьцё буйной карупцыйнай схемы.

Інфармацыя разьмешчаная на сайце ГУУС 1 чэрвеня, хоць гаворка ў ёй ідзе пра падзеі двухгадовай даўніны.

Паведамляецца, што 31 ліпеня 2015 году з падазрэньня ў хабарніцтве супрацоўнікамі УБЭЗ сумесна са спэцпадраздзяленьнем «Алмаз» былі затрыманыя выканаўца абавязкаў першага намесьніка начальніка Галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня (ГГУ) кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Уладзімер Раянтовіч і ягоная былая жонка, а таксама заснавальнікі ТАА «ПКБ-плюс» Аляксандар Пікулік і Рыгор Вецер.

«Апэратыўнікі ўстанавілі, што з 2013-га да 2015 году Пікулік і Вецер групай асобаў па папярэдняй змове перадалі Раянтовічу хабараў на агульную суму каля 100 мільёнаў недамінаваных беларускіх рублёў, што пацягнула за сабой прычыненьне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам. Грошы Раянтовіч наўпрост ня браў, дзейнічаў праз свайго пасярэдніка — былую жонку», — паведамляе ГУУС.

Хабары перадаваліся за заключэньне дамоваў будаўнічага падраду паміж ГГУ і «ПКБ-Плюс», за падпісаньне паводле гэтых дамоваў актаў і даведак аб кошце выкананых работ і своечасовай аплаце са сродкаў рэспубліканскага бюджэту, а таксама таксама за забесьпячэньне перамогі «ПКБ-Плюс» у працэдурах дзяржзакупак. У дачыненьні да Раянтовіча, Пікуліка і Ветра ўпраўленьнем Сьледчага камітэту Менску было заведзена 14 крымінальных спраў.

У жніўні 2015 году Раянтовіч быў арыштаваны пракуратурай Менску. У лістападзе таго ж году ў рамках расьсьледаваньня справы быў выяўлены яшчэ адзін факт атрыманьня ім хабару на агульную суму больш за 1 млрд недамінаваных рублёў. На гэты раз грашовыя сродкі былі перададзеныя дырэктарам аднаго са сталічных ТДА за арганізацыю заключэньня і выкананьня дзяржаўнага кантракту на выкананьне работ у мадэрнізацыі будынкаў рэспубліканскай уласнасьці ГГУ, падпісаньне актаў выкананых работ і своечасовую аплату са сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

У сьнежні 2016 го суд Менскага раёну прызнаў Раянтовіча вінаватым у перавышэньні ўлады або службовых паўнамоцтваў і атрыманьні хабару і прысудзіў чыноўніка да 9 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасьці, пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў тэрмінам на 5 гадоў і штрафам у памеры 1 тысячы базавых велічынь. Зь яго таксама пастаноўлена спагнаць у даход дзяржавы больш за 110 000 рублёў.

Былая жонка Раянтовіча прызнана вінаватай у пасярэдніцтве ў хабарніцтве і прысуджаная да 4 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую установу.

Пікулік і Вецер асуджаныя за дачу хабару на 3 і 4 гады абмежаваньня волі адпаведна без накіраваньня ў папраўчую установу.

У 2017 годзе на рашэньне суду была пададзеная апэляцыйная скарга, якую Менскі абласны суд разгледзеў 17 траўня, паведамляе сайт ГУУС. Вынесена рашэньне пакінуць усё бязь зьменаў, за выключэньнем пакараньня для былой жонкі — яна асуджаная да 3 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады тэрмінам на 5 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG