Аляксей Абрамаў
мэнэджэр па продажах
Аляксей Абрамаў нарадзіўся ў жніўні 1979 году ў Менску. Скончыў школу са срэбным мэдалём. Атрымаў адукацыю юрыста-палітоляга ў БДУ. Жанаты, мае сына.
Як сказала Свабодзе ягоная жонка Марыя, Абрамаў працаваў мэнэджэрам па продажах. Калі ўвечары 21 сакавіка жонка прыйшла з сынам дахаты, у кватэры якраз ішоў ператрус. Аляксея трымалі асобна ў пакоі. З чым быў зьвязаны ператрус, ён ня ведаў.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў забралі ноўтбук, пляншэт, некалькі флэшак, чырвона-чорны сьцяг, раменную бляху і грошы. Пасьля ператрусу Аляксея Абрамава адвезьлі ў СІЗА КДБ.
Абрамаў быў сярод першых, каму выставілі абвінавачаньне па частцы 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу.
Андрэй Бяляўскі
мастак-дызайнэр
Нарадзіўся 30 кастрычніка 1982 году ў Менску. Скончыў школу з мастацка-архітэктурным ухілам №75, пасьля — Мастацкую вучэльню імя Глебава па спэцыяльнасьці "Дызайнэр". З 2002 па 2007 год вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спэцыяльнасьці "Аб’ёмны дызайн".
Працуе як мастак-дызайнэр кампутарнай графікі. Захапляецца падарожжамі, экстрэмальным турызмам. Любіць дзікую прыроду. Але асноўнае хобі зьвязанае з прафэсіяй — маляваньне і мастацтва.
Пра затрыманьне Андрэя Бяляўскага стала вядома 28 сакавіка. Ён абвінавачваецца паводле часткі 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу.
Віктар Данілаў
актор і кнігараспаўсюднік
Нарадзіўся 4 траўня 1987 году. Навучаўся ў менскай гімназіі №74 з паглыбленым вывучэньнем францускай мовы. Служыў у войску, выйшаў у запас прапаршчыкам, мае падзякі і граматы ад камандаваньня. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным агратэхнічным унівэрсытэце. Скончыў кандытарскія курсы, працаваў на кандытарскай фабрыцы ў Менску. Атрымаў сэртыфікат прамысловага альпініста, але пачаць працу па спэцыяльнасьці не пасьпеў.
Віктар Данілаў дапамагаў у лягістычных пытаньнях ды распаўсюдзе кніг пры выдавецтве "Кнігазбор". Быў інструктарам-валянтэрам пры "Чырвоным Крыжы". Вёў гурток дапрызыўнай падрыхтоўкі ў школе ў Менску. Сярод хобі — турызм, горныя паходы.
Таксама Віктар Данілаў гуляў у тэатры-студыі "Клас-А!" Гэта Свабодзе пацьвердзіў музыка Сяргей Доўгушаў. Па яго словах, Данілаў гуляў у спэктаклі "Наш гарадок" напярэдадні затрыманьня.
Віктара затрымалі ўвечары 21 сакавіка. У гэты дзень да яго ў кватэру прыйшлі з вобшукам супрацоўнікі КДБ. Дзяржаўнае тэлебачаньне паказала тры карабіны, бронекамізэльку, сьцяг анархістаў, прывезеныя з Украіны ўлёткі, якія знайшлі ў кватэры Данілава.
Знойдзеныя ў кватэры карабіны захоўваліся ў сэйфе. Яны былі афіцыйна зарэгістраваныя як паляўнічая зброя. Таксама канфіскавалі ўсю вопратку зялёнага і сіняга колераў, зьберажэньні Віктаравай бабулі — 5400 даляраў. Пазьней у кватэру прывялі самога Данілава. Вобшук цягнуўся 20 гадзін.
5 красавіка Данілаву выставілі абвінавачаньне па 3 частцы 293 артыкула КК — гэта навучаньне і падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках.
Вызвалены з-пад варты 15 красавіка 2017 года.
Зьміцер Дашкевіч
сустаршыня "Маладога Фронту"
Зьміцер Дашкевіч нарадзіўся ў 20 ліпеня 1981 году ў вёсцы Кушняры Івацэвіцкага раёну. Да ягоных пяці гадоў сям’я жыла на Далёкім Усходзе. Потым пераехала ў Старыя Дарогі на Меншчыне. Вучыўся ў Гарадзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. Пазьней паступіў у Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт на факультэт славістыкі.
Дашкевіч быў актыўным сябрам, а потым кіраўніком "Маладога Фронту". Браў удзел у большасьці апазыцыйных кампаній і вулічных акцый з 2000-х гадоў і па сёньня. Ня раз трапляў за гэта пад перасьлед уладаў.
У 2006 годзе яму прысудзілі адзін год і шэсьць месяцаў пазбаўленьня волі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. А ў 2011 годзе Дашкевіч быў асуджаны на два гады агульнага рэжыму па абвінавачаньні ў злосным хуліганстве. У абодвух выпадках міжнародныя праваабарончыя структуры прызналі Дашкевіча вязьнем сумленьня, абвінавачаньні палічылі сфабрыкаванымі.
У 2012 годзе ажаніўся з Настай Палажанкай, былой намесьніцай старшыні "Маладога фронту". Яны гадуюць дачку Мару і сына Давіда.
Актыўны сябар пратэстанцкай царквы "Яна Прадвесьніка". Арганізаваў фірму, якая займаецца цясьлярскімі працамі.
Ляўрэат шматлікіх прэміяў: "Палітык году — 2016" паводле газэты "Наша Ніва", "Чалавек году — 2016" паводле "Асамблеі няўрадавых арганізацый".
У лістападзе 2015 году "Малады фронт" на чале з Дашкевічам стварыў спартова-патрыятычны клюб "Ваяр". На трэніроўкі прыходзілі па некалькі дзясяткаў чалавек.
Зьмітра Дашкевіча затрымалі разам зь Сяргеем Пальчэўскім і Арцёмам Леўчанкам 22 сакавіка, калі яны ўсталёўвалі мэблю ў сям’і пісьменьнікаў Уладзімера Арлова і Валянціны Аксак. Пазьней стала вядома, што ў кватэры Дашкевічаў, калі дома нікога не было, адбыўся ператрус.
Андрэй Дундукоў
ратавальнік МНС
Нарадзіўся 27 ліпеня 1985 году ў Ельску. Вырас у Бабруйску. Служыў у паветрана-дэсантных войсках. Скончыў Прыватны інстытут кіраваньня і прадпрымальніцтва. З 2011 году працуе ў МНС — прапаршчык, вадалаз-ратавальнік.
З 2013 году служыць у рэспубліканскім атрадзе спэцыяльнага прызначэньня — эліце МНС. Мае адзнакі выдатніка МНС, інструктар Чырвонага крыжа (добраахвотнік).
Захапляецца спортам (бег, кросфіт, інш.), скакаў з парашутам. Апошнія 5 год займаецца скалалазаньнем, часта езьдзіць у горы. Аматар Уладзімера Караткевіча, у лістах да жонкі цытуе яго на памяць.
Затрыманы ўвечары 21 сакавіка на памежным пункце з Украінай. Разам зь сям’ёй Андрэй Дундукоў ехаў на адпачынак.
Як расказала Свабодзе Ганна Дундукова — Андрэева жонка, чатыры гадзіны іх пратрымалі на памежным пункце, а потым павезьлі ў Менск. А 5 гадзіне раніцы 22 сакавіка Андрэя адвезьлі ў СІЗА КДБ. 6 красавіка яго перавялі ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
Дундукоў абвінавачваецца ў навучаньні і падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў паводле 3 часткі 293 артыкула Крымінальнага кодэксу. Пра абвінавачаньне ён паведаміў у лісьце да жонкі.
Аляксандар Зімніцкі
гісторык
Аляксандар Зімніцкі нарадзіўся ў 11 сьнежня 1991 году ў вёсцы Глінная Докшыцкага раёну на Віцебшчыне. Скончыў там школу, удзельнічаў у абласных алімпіядах па гісторыі. Вучыўся ў ліцэі БДУ, пазьней — на гістфаку БДУ. За посьпехі ў вучобе мае падзяку дэкана. Удзельнічаў у археалягічных раскопках.
Аляксандар працаваў навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага гістарычнага музэю, вучыўся ў асьпірантуры Рэспубліканскага інстытуту вышэйшай школы.
Па словах маці, сын Аляксандар зь дзяцінства цікавіўся гісторыяй, шмат чытаў. Як сказаў TUT.BY бацька, Аляксандар займаецца спортам, праводзіў "патрыятычнае выхаваньне ў нейкай школе".
24 сакавіка ён прыехаў наведаць сваіх бацькоў, што жывуць у Докшыцкім раёне. Потым яму патэлефанавалі і сказалі, што ў інтэрнаце, дзе жыве Зімніцкі, правялі ператрус. З пакоя забралі пнэўматычны пісталет (яго захоўваньне не парушае закону. — РС).
У панядзелак, 27 сакавіка, Аляксандар адправіўся на працу ў Менск. У аўторак ён патэлефанаваў бацькам і сказаў, што яго выклікаюць на гутарку ў КДБ. Пасьля гэтага Зімніцкі перастаў адказваць праз тэлефон.
28 сакавіка а 23-й гадзіне бацькам Зімніцкага патэлефанавалі з КДБ і паведамілі, што іх сына затрымліваюць на тры дні. Але зь СІЗА КДБ яго ня выпусьцілі дагэтуль. 6 красавіка Аляксандру выставілі абвінавачаньне паводле 3 часткі артыкула 293 КК ("Навучаньне і падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках").
Іван Кавальчук
студэнт-архітэктар
Іван Кавальчук нарадзіўся 1 лістапада 1991 году ў Мядзеле на Меншчыне. Вучыцца на 5 курсе архітэктурнага факультэту БНТУ. Яго дыплёмная праца — малюнак Мядзельскага замка. Цікавіцца гісторыяй, архітэктурай Беларусі, размаўляе па-беларуску, дасьледуе лёс гістарычнай спадчыны, у прыватнасьці ў Мядзеле і ваколіцах.
Як сказаў TUT.BY ягоны брат Аляксей, Івана затрымалі ўвечары 21 сакавіка, калі ён вяртаўся з працы ў інтэрнат №4 у студгарадку ў мікрараёне "Малінаўка" ў Менску.
Падчас ператрусу ў пакоі Кавальчука знайшлі марганцоўку, чырвона-чорны сьцяг, камуфляжную вопратку, берцы, будаўнічыя і вайсковыя каскі. Як патлумачыў брат, Іван захапляецца дыгерствам — лазаньнем па сутарэньнях. Дзеля гэтага яму і былі патрэбныя ўсе знойдзеныя ў яго пакоі рэчы.
Кавальчуку выстаўлена абвінавачаньне па частцы 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу.
Андрэй Комлік-Ямацін
рамесьнік
Нарадзіўся 16 сакавіка 1985 году. Скончыў у Менску каледж, пазьней — БНТУ. Працаваў тэрмістам на Менскім маторным заводзе — займаўся тэрмічнай апрацоўкай мэталу. Жанаты, мае дзіця.
Захапіўся беларускім народным строем і гісторыяй касьцюма і заняўся рамесьніцтвам. Два гады таму разам з жонкай Андрэй пачаў вырабляць вопратку ў этнастылі пад брэндам Terram album.
Андрэй навучыўся распрацоўваць узоры і сам аздабляў вопратку традыцыйнай вышыўкай. Таксама ткаў паясы па этнаграфічных прыкладах.
Па словах жонкі Стасі, рамесьніцтва не дазваляла пракарміць сям’ю, а таму абое мелі асноўную працу. У будучыні марылі адкрыць майстэрню і краму этнаадзеньня.
Андрэй быў валянтэрам на розных этнапраектах і фэстывалях у Беларусі і за мяжой. Захапляўся падарожжамі, краязнаўствам, роварным турызмам. Займаўся ёгай, наведваў адмысловыя сэмінары.
Комлік-Ямацін быў сярод першых затрыманых па справе "баевікоў з-пад Асіповіч". 21 сакавіка пайшоў вынесьці сьмецьце і не вярнуўся дахаты. Жонцы сказалі праз тэлефон, што яе мужа падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў перад акцыяй на Дзень Волі.
На пачатку красавіка Комліку-Ямаціну прадʼявілі афіцыйнае абвінавачаньне — паводле часткі 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу.
Сяргей Кунцэвіч
прадпрымальнік
Сяргей Кунцэвіч нарадзіўся 16 студзеня 1985 году. Скончыў ліцэй, працаваў электрыкам. Апошнім часам як індывідуальны прадпрымальнік прадаваў і ўсталёўваў сыгналізацыю, сыстэмы відэаназіраньня, спадарожнікавыя антэны.
Паводле нявесты Тацяны, Сяргей стварыў сайт для партыі "Народная грамада". Захапляецца робататэхнікай, зьбірае робатаў. Хацеў адкрыць курсы па робататэхніцы.
Займаецца боксам, грэка-рымскай барацьбой, наведвае трэнажорную залю. У войску не служыў, бо мае экзэму. Да таго ж ёсьць праблемы з ныркамі. Разам зь нявестай Тацянай апякуецца яе 9-гадовай дачкой Міланай (ад першага шлюбу).
Быў сябрам аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная грамада", адказваў за партыйны сайт. Па словах Статкевіча, на Дзень Волі ў Менску Кунцэвіч таксама павінен быў прывезьці гукаўзмацняльную тэхніку.
24 сакавіка тэлеканал СТВ паказаў сюжэт пра затрыманьне Кунцэвіча. Журналісты назвалі яго кіроўцам Статкевіча. Па інфармацыі КДБ, у аўтамабілі Сяргея Кунцэвіча знойдзена "гукаўзмацняльная апаратура, правады, мікрафон і кардонныя каробкі зь дзясяткамі бутэлек, напоўненых вадкасьцю з пахам гаручай сумесі і з кнотам з ануч".
Разам з Кунцэвічам быў затрыманы яшчэ адзін сябра "Народнай грамады" — Сяргей Кулініч. Аднак яго і Статкевіча ўжо выпусьцілі. З усіх сябраў "Народнай грамады" ў СІЗА КДБ застаўся толькі Сяргей Кунцэвіч. Яму прад’явілі абвінавачаньне па частцы 3 артыкула 293.
Міраслаў Лазоўскі
кнігавыдавец
Міраслаў Лазоўскі нарадзіўся 10 ліпеня 1973 году ў Менску. Мае вышэйшую адукацыю інжынэра. Працаваў экспэдытарам.
Ад 1995 да пачатку 2000-х гадоў быў у спартова-патрыятычнай арганізацыі "Белы легіён". Ня раз затрымліваўся праваахоўнымі органамі. У сакавіку 2000 году за ўлётку "Белага легіёну" стаў першым асуджаным паводле артыкула 167.10 КаАП Беларусі ("Дзейнасьць ад імя незарэгістраваных ці не перарэгістраваных палітычных партыяў, прафэсійных саюзаў ці іншых грамадзкіх аб’яднаньняў").
Апошні раз пра "Белы легіён" згадвалася ў 2008 годзе, калі Міраслава Лазоўскага затрымалі па справе выбуху 3 ліпеня 2008 году ў ліку былых кіраўнікоў арганізацыі. У хуткім часе іх вызвалілі з-пад варты.
Працуе памочнікам дырэктара выдавецтва "Кнігазбор". Адзін з заснавальнікаў вайскова-гістарычнай сэрыі кніг "Беларусь у войнах". Першая кніга з гэтай сэрыі аўтарства Зьмітра Матвейчыка была прысьвечаная паўстаньню 1863 году.
За некалькі дзён да Дня Волі Лазоўскі паведаміў, што ягоны профіль у фэйсбуку быў узламаны. Невядомая асоба ад ягонага імя распаўсюджвала інфармацыю пра падрыхтоўку да вулічнай акцыі 25 сакавіка.
Увечары 21 сакавіка ў менскай кватэры Міраслава Лазоўскага адбыўся вобшук. Сам Міраслаў пры вобшуку прысутнічаў. Яго прывезьлі людзі ў масках, ён быў моцна зьбіты.
У Камітэце дзяржаўнай бясьпекі пачалі крымінальную справу па факце навучаньня і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч.3 арт.293 КК РБ). КДБ назваў Міраслава Лазоўскага кіраўніком "Белага легіёну".
Віктар Мароз
бізнэсовец
Віктар Мароз нарадзіўся 19 студзеня 1986 году ў Мікалаеве ва Ўкраіне. Скончыў БНТУ па спэцыяльнасьці "Эканоміка на транспарце". Працаваў па спэцыяльнасьці ў сфэры лягістыкі.
Пазьней пачаў свой бізнэс. Да апошняга часу быў кіраўніком кампаніі "Оптыма Прайм", якая займаецца дыстрыбуцыяй вырабаў з мэталу.
У юнацтве займаўся баскетболам, езьдзіў на спаборніцтвы ў складзе юнацкай зборнай Беларусі. Пакінуў спорт праз траўму. Хобі — падарожжы, турызм. У войску не служыў, бо вучыўся. Жанаты, мае 3-гадовага сына.
3 красавіка яму патэлефанавалі з КДБ. Віктар зьбіраўся сам прыехаць на гутарку. Але ўвечары яго затрымалі на паркоўцы каля працы.
А 18-й гадзіне Віктараваму бацьку патэлефанавалі з КДБ і паведамілі, што затрымалі сына на тры дні для разбору. Пазьней, як і іншым фігурантам справы, яму вынесьлі абвінавачаньне па частцы 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу — навучаньне і падрыхтоўка да масавых беспарадкаў.
Мікалай Міхалькоў
выхавацель у дзіцячым лягеры
Мікалай Міхалькоў нарадзіўся ў 1970 годзе. Родам з Бабруйску. У савецкі час служыў у спэцназе ГРУ. На пачатку 1990-х вайсковую частку, дзе ён служыў, вывелі з ГДР у Латвію.
У 2003 годзе зарэгістраваў вайскова-патрыятычны аздараўленчы лягер "Патрыёт". Клюб працуе на базе Цэнтру творчасьці дзяцей і моладзі Бабруйску.
Клюб "Патрыёт" аказаўся тым самым "лягерам для падрыхтоўкі баевікоў", пра які 20 сакавіка расказаў Аляксандар Лукашэнка. 21 сакавіка быў затрыманы вайсковец Ян Міхалькоў — сын Мікалая Міхалькова.
22 сакавіка Мікалай Міхалькоў даваў кароткія інтэрвію мэдыям. Падзеі вакол клюбу "Патрыёт" назваў тады бруднай палітыкай і ня больш за тое".
Увечары 22 сакавіка Міхалькова запрасілі ў бабруйскі аддзел КДБ. На раніцу адпусьцілі. Як перадаваў "Бабруйскі кур’ер", супрацоўнікі КДБ праводзілі вобшукі ў яго доме, гаражы і на лецішчы.
На наступны дзень, 23 сакавіка, Міхалькова зноў запрасілі ў КДБ. З таго часу ён не выходзіў на волю. Ягоныя сваякі паведамілі, што Мікалая затрымалі і ён у СІЗА КДБ у Менску.
Як і іншых фігурантаў справы, яго абвінавачваюць па 3 частцы артыкула 293 Крымінальнага кодэксу: навучаньне і падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках.
Ян Міхалькоў
вайсковец
Сын Мікалая Міхалькова — заснавальніка вайскова-патрыятычнага клюбу "Патрыёт" у Бабруйску. Ян нарадзіўся ў 1994 годзе.
Ян Міхалькоў скончыў Вайсковую акадэмію. Служыў у вайсковай частцы на Гомельшчыне. Нядаўна ажаніўся. Апошні раз бацька размаўляў зь Янам праз тэлефон 19 сакавіка. Ян быў сярод першых, каго затрымалі 21 сакавіка.
Па словах Мікалая Міхалькова, раніцай 22 сакавіка яму патэлефанавалі з праваахоўных органаў і сказалі, што затрымалі ягонага сына. У чым яго падазраюць, бацьку адразу не паведамілі.
6 красавіка Яну вынесьлі абвінавачаньне па 3 частцы артыкула 293 Крымінальнага кодэксу: навучаньне і падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках.
Яўген Палтаржыцкі
мэрчэндайзэр Coca-Cola
Яўген Палтаржыцкі родам з Пастаў. Яму 30 год. Паступіў на гістарычны факультэт БДУ ў 2005 годзе. Быў актыўным удзельнікам Плошчы 2006 году. Пасьля разгону пратэстаў яго адлічылі з гістфаку. Па праграме Каліноўскага Палтаржыцкі давучваўся ў Польшчы. Потым вярнуўся ў Беларусь. Апошнім часам працаваў мэрчандайзэрам у кампаніі Coca-Cola.
Гуманітарый, які грае на скрыпцы і гітары, абыякавы да спорту. Так апісвае Яўгена Палтаржыцкага ягоны бацька Канстанцін у інтэрвію TUT.BY.
Па словах бацькі, Яўген перастаў выходзіць на сувязь 21 сакавіка. Тады бацька паехаў шукаць сына ў Менск. 23 сакавіка на дзяржаўных тэлеканалах выйшаў сюжэт, у якім Яўген Палтаржыцкі паказаў схрон зброі ў Налібоцкай пушчы. Там былі кавалкі арматуры, выбуховыя прылады і запалы да іх.
"У плянах было вывучаць тактыку вядзеньня бою ў гарадзкіх умовах, — казаў на камэру затрыманы Палтаржыцкі. — 25 сакавіка паступіла паведамленьне, што, магчыма, будзе атакаваная калёна дэманстрантаў прарасейскімі сіламі, якія могуць пакалечыць людзей. Нам было сказана, каб мы былі напагатове, каб у выпадку чаго аказаць ім супраціў".
Палтаржыцкага абвінавачваюць у навучаньні і падрыхтоўцы асобаў да масавых беспарадкаў паводле 3 часткі 293 артыкула Крымінальнага кодэксу. Пра абвінавачаньне ён паведаміў у лісьце да жонкі.
Вызвалены з-пад варты 15 красавіка 2017 года.
Сяргей Пальчэўскі
цясьляр
Сяргей Пальчэўскі нарадзіўся 18 красавіка 1986 году. Вырас у Менску. Вучыўся ў беларускамоўнай клясе. Скончыў гістарычны факультэт у пэдагагічным унівэрсытэце імя Максіма Танка, але па спэцыяльнасьці не працаваў. Прайшоў перападрыхтоўку ў інстытуце пры Міністэрстве прамысловасьці па спэцыяльнасьці "лягістыка". У войску не служыў, бо мае праблемы з сэрцам.
Як расказала Свабодзе ягоная маці Лілія, ён спрабаваў сябе ў розных занятках. Працаваў майстрам рэалізацыі гатовай прадукцыі на заводзе "Атлант". Апошнім часам вырабляў і мантаваў хатнюю мэблю ў кампаніі "Цесьляры" разам са Зьмітром Дашкевічам.
Яшчэ са студэнцкіх часоў Сяргей займаецца грамадзкай дзейнасьцю. У поле зроку мэдыяў трапіў у 2014 годзе. Тады Сяргею Пальчэўскаму прысудзілі 10 сутак арышту. Як актывіст АГП ён пікетаваў напярэдадні мясцовых выбараў.
Разам са Зьмітром Дашкевічам удзельнічаў у акцыях "Маладога Фронту" ў 2016 годзе: пікетаваў адкрыцьцё графіці "Масква — Менск", капаў акоп на мяжы з Расеяй у Веткаўскім раёне, два тыдні стаяў каля гарадзкога суду, калі там судзілі Эдуарда Пальчыса. У 2017 годзе Пальчэўскі быў актыўным абаронцам Курапатаў. Калі пачалася будоўля каля пахаваньняў, прыкаваў сябе да грузавіка наручнікамі.
Сяргей Пальчэўскі быў затрыманы разам са Зьмітром Дашкевічам і Арцёмам Леўчанкам 22 сакавіка на кватэры пісьменьнікаў Уладзімера Арлова і Валянціны Аксак. Увечары таго ж дня ў ягонай кватэры правялі ператрус. Ягоная маці Лілія Дзьмітрыеўна паведаміла, што з кватэры забралі чатыры кнігі і адзін дыск з праграмай "Белсату". Супрацоўнікі КДБ патлумачылі ёй, што сына затрымалі паводле часткі 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу.
Сяргей Стрыбульскі
будаўнік
Нарадзіўся 17 траўня 1976 году ў Менску. Скончыў факультэт сацыяльных тэхналёгій БДУ. Спэцыяльнасьць — псыхоляг і сацыяльны работнік. Таксама скончыў тэхнікум харчовай вытворчасьці, атрымаў спэцыяльнасьць кухара.
Працаваў у рэстаранах, на будоўлях. Захапляўся падарожжамі, амаль ніколі не разьвітваўся з роварам. Пасьля падарожжа ў Сэрбію самастойна вывучаў сэрбскую мову. Скончыў курсы па фатаграфіі, шмат фатаграфаваў, у тым ліку падчас вандровак.
З 2011 году сябра БНФ, з 2014 — у руху "За свабоду". 8 верасьня 2016 году ўдзельнічаў у пікеце каля расейскай амбасады.
Як стала вядома праваабарончаму цэнтру "Вясна", Стрыбульскага затрымалі 21 сакавіка каля 18-й гадзіны на скрыжаваньні вуліц Лібкнэхта і Каржа ў Менску. Паведамляецца, што ў мікрааўтобус яго цягнулі 8 чалавек.
Яму выстаўлена абвінавачаньне ў навучаньні і падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў паводле 3 часткі 293 артыкула Крымінальнага кодэксу.
Уладзімер Румянцаў
спэцназавец
Нарадзіўся 30 траўня 1988 году. Скончыў школу №32 у Бабруйску. У школьныя гады сур’ёзна займаўся каратэ, выйграваў рэгіянальныя спаборніцтвы, езьдзіў выступаць у Маскву. Тэрміновую службу праходзіў у паветрана-дэсантных войсках. Паступіў у Беларускую вайсковую акадэмію, але навучаньне праходзіў у Вышэйшай вайскова-каманднай вучэльні ў Маскве.
Служыў у спэцназе ў званьні старэйшага лейтэнанта. Мае падзякі і граматы па службе. Займаўся стральбой, арганізоўваў спаборніцтвы сярод вайскоўцаў.
Уладзімер Румянцаў таксама абвінавачваецца ў навучаньні і падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў паводле 3 часткі 293 артыкула Крымінальнага кодэксу.
Уладзімер Фёдараў
лягіст па авіяцыйных перавозках
Уладзімеру Фёдараву 29 год. Ён родам з Бабруйску. Як паведаміў ягоны сябар, Уладзімер скончыў гістфак БДУ і магістратуру. Дапісваў кандыдацкую дысэртацыю.
Апошнія два з паловай гады працаваў у сфэры лягістыкі, авіяцыйных перавозках. Сябра кажа, што апошнім часам быў цалкам заняты працай і праводзіў там больш за 12 гадзін у дзень.
Уладзімера Фёдарава абвінавачваюць у навучаньні і падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў паводле 3 часткі 293 артыкула Крымінальнага кодэксу.
Алесь Яўдаха
кнігараспаўсюднік
Алесь Яўдаха нарадзіўся 17 кастрычніка 1975 году. Вырас у Менску. Скончыў тэхнікум па спэцыяльнасьці "Электрык". Спрабаваў атрымаць вышэйшую тэхнічную адукацыю. У войску не служыў праз стан здароўя.
З 1990-х гадоў займаўся распаўсюдам беларускай літаратуры ды прэсы пры газэце "Наша Ніва", пазьней — пры часопісе ARCHE. Інтэрнэт-крама knihi.by, якую адкрыў Яўдаха, — найстарэйшы сайт, які гандлюе выключна беларускай літаратурай, у тым ліку выданьнямі, якія не даходзяць да афіцыйных гандлёвых сетак краіны або забароненыя для продажу там.
У 2012–2013 гадах суд прызнаў яго вінаватым у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Яўдаху прысудзілі адзін год "хатняй хіміі" за рассыланьне кніг поштай.
Пасьля адбыцьця пакараньня ён працягваў распаўсюджваць кнігі. Праз сайт www.knihi.by прадае кнігі і музыку на беларускай мове.
Захапляецца футболам. Цягам усяго году прынамсі раз на тыдзень хадзіў на трэніроўкі. Фанат футбольнага клюбу "Дынама-Менск". Цікавіцца турызмам і падарожжамі. Штогод ходзіць зь сябрамі ў паходы на байдарках.
Увечары 21 сакавіка быў затрыманы на вуліцы Кастрычніцкай у Менску пасьля цырымоніі ўзнагароджаньня ляўрэатаў літаратурнай прэміі "Дэбют" у творчай прасторы ЦЭХ.
22 сакавіка стала вядома, што Алесь Яўдаха абвінавачаны ў "навучаньні або падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках" паводле часткі 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу.
Цімур Пашкевіч і Дзьмітры Новік
Сваякі адмаўляюцца ад размовы з прэсай. Вядома, што Дзьмітрыю Новіку і Цімуру Пашкевічу выстаўлена абвінавачаньне па частцы 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса.