У ААН застаецца «мільён пытаньняў» з нагоды мэмарандуму аб зонах дээскаляцыі ў Сырыі, які падпісалі на мінулым тыдні Расея, Турцыя і Іран. Пра гэта заявіў дарадца ААН па гуманітарнай сытуацыі ў Сырыі Ян Эгелянд. Ён падкрэсьліў, што ААН ня можа дазволіць сабе «халоднага цынізму» ў ацэнцы пэрспэктываў прапанаванага мірнага пляну і выказаў надзею, што пагадненьне будзе пасьпяхова працаваць.
Паводле Эгелянда, Масква, Анкара і Тэгеран выказалі гатовасьць «актыўна і празрыста» працаваць з ААН і іншымі гуманітарнымі арганізацыямі для выкананьня гэтага пагадненьня. Днямі Расея ўнесла ў ААН праект рэзалюцыі на аснове мэмарандуму аб стварэньні «зонаў бясьпекі» ў Сырыі. У іх прапаноўваюць забараніць баявыя дзеяньні.
Спэцыяльны прадстаўнік генэральнага сакратара ААН па Сырыі Стафан дэ Містура раней анансаваў чарговы раўнд перамоваў у Жэнэве. Яны адбудуцца ад 16 да 19 траўня. Паводле дэ Мистуры, бакі паспрабуюць замацаваць працэс, пачаты на перамовах у Астане.
Напярэдадні мірны плян па Сырыі быў асноўнай тэмай візыту кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова ў Вашынгтон. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на перамовах з Лаўровым падкрэсьліў неабходнасьць утаймаваць Асада, Іран і іранскіх саюзьнікаў.
Мэмарандум аб стварэньні чатырох зонаў дээскаляцыі ў Сырыі быў прыняты 4 траўня на перамовах у Астане. Прадстаўнікі ўзброенай апазыцыі адмовіліся яго падтрымаць. Кіраўнік сырыйскага рэжыму Башар Асад заявіў, што працягне «барацьбу з тэрарыстамі». У Пэнтагоне запэўнілі, што ня спыняць ўдараў па пазыцыях джыгадзістаў ў Сырыі.