Сёньняшняя сустрэча з Лаўровым — першая сустрэча Трампа з такім высокапастаўленым расейскім чыноўнікам пасьля ўступленьня на пасаду прэзыдэнта ў студзені.
Перад гэтым кіраўнік расейскага зьнешнепалітычнага ведамства правёў перамовы са сваім амэрыканскім калегам, дзяржсакратаром ЗША Рэксам Тылерсанам. На сустрэчы Тылерсана і Лаўрова абмяркоўваліся Сырыя, Украіна і іншыя пытаньні.
Тылерсан заявіў, што сустрэча дае шанец «працягваць наш дыялёг і абмен думкамі» пасьля ягонага візыту ў Маскву ў мінулым месяцы.
Сустрэчы адбыліся ў той самы дзень, калі Трамп звольніў з пасады дырэктара ФБР Джэймса Комі, які курыраваў расьсьледаваньне магчымых сувязяў паплечнікаў Трампа з расейскімі чыноўнікамі.
На пытаньне журналіста пра адстаўку Комі, Лаўроў адрэагаваў саркастычна, перапытаўшы: «Ён звольнены? Вы жартуеце. Вы жартуеце».