Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Непажаданыя канікулы для дарослых — мэдыкамэнтозныя


Сёньня размова пойдзе пра «мэдыкамэнтозныя канікулы».Найбольш часта гэтую зьяву мы назіраем менавіта ў летні час.

«Мэдыкамэнтозныя канікулы» характэрныя для людзей з павышаным артэрыяльным ціскам, калі чалавек па шэрагу прычын прыпыняе прыём лекаў, неабходных для падтрыманьня мэтавых лічбаў артэрыяльнага ціску. Нагадаем, што для дарослых ва ўзросьце да 75 гадоў мэтавы артэрыяльны ціск складае ня болей чым 140/90 мм рт сл, пасьля 75 гадоў — ня болей чым 150/90 мм рт сл, пры наяўнасьці цукровага дыябэту — ня болей чым 120/80 мм рт сл. Прычым для дасягненьня гэтых лічбаў ціску пацыент павінен штодзень прымаць антыгіпэртэнзіўныя пілюлі ў адпаведнай дазіроўцы.

«Мэдыкамэнтозныя канікулы» часта наступаюць, калі чалавек зьяжджае на лецішча, у санаторый, у цёплыя краіны і элемэнтарна забывае ўзяць звычайныя, падабраныя за доўгі час лекі для пастаяннага лячэньня артэрыяльнай гіпэртэнзіі. Таму ў новых месцах нярэдка даводзіцца падбіраць новае лячэньне, што суправаджаецца павышэньнем артэрыяльнага ціску або гіпэртанічнымі крызамі.

«Мэдыкамэнтозныя канікулы» могуць мець месца ў летні час, калі за кошт, напрыклад, павышанага потааддзяленьня адбываецца некаторае зьніжэньне артэрыяльнага ціску, што прымушае пацыента памылкова думаць, што яго хвароба адступае і таму няма неабходнасьці ўвесь час прымаць антыгіпэртэнзіўныя сродкі. Але гэта хутка вядзе да павышэньня артэрыяльнага ціску і гіпэртанічных крызаў.

Такім чынам вы зразумелі, што «мэдыкамэнтозныя канікулы» — гэта шкодная зьява, якая вядзе да больш праблемнага цячэньня артэрыяльнай гіпэртэнзіі.

Дарэчы, менавіта ў летні час складваюцца перадумовы для пагаршэньня цячэньня гэтай паталёгіі, бо за конт актыўнай страты вадкасьці адбываецца згушчэньне крыві, пагаршаецца так званая жорсткасьць сасудаў, што вядзе да гіпэртэнзіўных рэакцый, павялічваецца канцэнтрацыя натрыю ў крыві, больш актыўна працякаюць працэсы аксыдатыўнага стрэсу. Усё гэта разам узятае павінна насьцярожваць і лекараў, і пацыентаў, якія не павінны рабіць у летні час перапынкаў у прыёме антыгіпэртэнзіўных лекаў. Гаворка павінна ісьці пра магчымасьць зьніжэньня доз прэпаратаў на фоне дасягненьня мэтавых велічынь артэрыяльнага ціску.

Так што адсюль выцякае практычная парада — зьбіраючыся ў адпачынак пракантралюйце ці на месцы вашы пілюлі. Канікулы — гэта добрая справа, але канікулы не мэдыкамэнтозныя!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG