Многія з тых, хто апрабаваў чыстку печані, з задавальненьнем дзеляцца сваім вопытам: зь мяне выйшла столькі камянёў, цяпер я адчуваў сябе чыстым і здаровым! Сьмешна тое, што камянёў у печані не бывае!
Інтэрнэт прапануе масу дэтокс-праграм (міт пра дэтокс разьвенчваем тут). Адна з самых папулярных — так званая чыстка печані. Варыянтаў гэтай чысткі некалькі, але сутнасьць адна: падчас ачышчальнага дня вам неабходна прыняць ўнутр вялікую колькасьць аліўкавага алею, запіваючы яго кіслым сокам (яблычным, грэйпфрутавым, цытрынавым). Рэкамэндаваны таксама прыём сульфату магнію, які зьяўляецца магутным слабіцельным сродкам. На наступны дзень усе пячоначныя камяні пакінуць ваш арганізм.
У печані камянёў быць ня можа. Але могуць быць камяні ў жоўцевым пухіры. Жоўць вырабляецца ў печані, магчыма, таму і паўстала такая блытаніна. Камяні, якія выходзяць з экскрэмэнтамі пасьля «чысткі печані», аднак, непадобныя на камяні з жоўцевага пухіра. Жоўцевыя камяні цьвёрдыя і цяжкія. Камяні пасьля «дэтоксу» — мяккія, пакідаюць тлустыя плямы на паперы. Яны не ўтрымліваюць тыповыя інгрэдыенты камянёў з жоўцевага пухіра. Жоўцевыя складаюцца з халестэрыну, білірубіну, кальцыю. Але так званыя пячоначныя камяні складаюцца пераважна з тлушчу. Калі вы іх падагрэеце, дык яны пачнуць плавіцца. Акрамя таго, яны плаваюць на паверхні вады, у той час як рэальныя камяні з жоўцевай бурбалцы тонуць на паверхні вады. То бок, насамрэч «камяні» зь печані — гэта ніякія не камяні, а напалову перавараны аліўкавы алей. Такія камяні вы можаце атрымаць шляхам зьмешваньня ў прабірцы цытрынавага соку з алеінавай кіслатой, якая зьяўляецца асноўным кампанэнтам аліўкавага алею.
Тое, што людзі вераць у такія працэдуры ачысткі — ня дзіўна, таму што вам патрэбныя веды ў хіміі і фізіялёгіі, каб зразумець, адкуль насамрэч бяруцца гэтыя «камяні».
Ну а тых, хто сьцьвярджае, што алейна-сокавая чыстка можа пазбавіць і ад камянёў у жоўцевым пухіры, я таксама павінна расчараваць: на жаль, гэта ня так. Каб назаўсёды разьвянчаць шкодны для людзей міт аб самастойнай чыстцы жоўцевых камянёў, навукоўцы правялі экспэрымэнт у клінічным умовах. Яны папрасілі правесьці вядомую алейна-сокавую працэдуру і здаровых людзей бяз жоўцевых камянёў, і людзей, якія пакутавалі ад жоўцевых камянёў. І здаровыя людзі, і людзі з жоўцевымі камянямі выдалі пасьля чысткі аднолькавую колькасьць мяккіх камянёў. Але колькасьць жоўцевых камянёў у тых, хто ад іх пакутаваў, пры гэтым зусім не зьмянілася. То бок, тыя жоўцевыя так і засталіся у жоўцевым пухіры.
Ваша печань вырабляе фэрмэнты, якія ператвараюць таксычныя рэчывы ў менш шкодныя. Потым гэтыя рэчывы выдаляюцца з экскрэмэнтамі. Калі печань не пашкоджаная, яна ў стане самастойна справіцца з наплывам шкодных рэчываў. Напрыклад, яна ў стане ачысьціць амаль сьмяротную дозу алькаголю ўсяго за 36 гадзін (гэта ня ёсьць пасылам да дзеяньня!)
Печань зьяўляецца важным органам. Яна здольная зноў вырасьці нават пасьля таго, калі яе часткова выдаляюць. Для гэтага важна, каб астатняя частка печані была здаровая. Ваша печань можа працягваць рабіць сваю працу вельмі доўга, нават калі частка яе (напрыклад, з прычыны хваробы) не функцыянуе.
Так, існуюць прадукты, якія дапамагаюць печані лепей функцыяніраваць. Перш за ўсё гэта крыжакветная гародніна. Гэтая гародніна ўнікальная — яна багатая на серазьмяшчальныя злучэньні, так званыя глюказаналаты, якія падтрымліваюць натуральную дэтаксыкацыю. Глюказаналаты вымушаюць печань вырабляць фэрмэнты, якія блякуюць атаку свабодных радыкалаў, атаку на вашу ДНК. Вядома таксама, што глюказаналаты валодаюць супрацьзапаленчымі, антыбактэрыяльнымі і супрацьвіруснымі ўласьцівасьцямі.
Вось сьпіс гародніны, якая адносіцца да крыжакветных:
• Рукала
• Пак чой
• Брокалі
• Капуста раманэска
• Брусэльская капуста
• Капуста белакачанная
• Каляровая капуста
• Кітайская капуста
• Дайкон
• Крэс-салат
• Хрэн
• Кальрабі
• Гарчыца — насеньне і лісьце
• Радыска
• Бручка
• Савойская капуста
• Рэпа — корань і зеляніна
• Васабі
Калі насамрэч хочаце дапамагчы сваёй печані, ежце нешта з гэтага сьпісу кожны дзень.
Дзякуючы ўнікальнаму хімічнаму злучэньню бэтаіну, буракі таксама зьяўляюцца выдатным прадуктам для печані. Бэтаін актывізуе дэтокс-энзімы печані, ён мае гэпатаахоўныя ўласьцівасьці.
Горкія на смак прадукты павялічваюць вытворчасьць жоўці і таму таксама лічацца карыснымі для печані. Тут я маю на ўвазе цыбулю і часнок, каву, артышок, цыкорый, горкія травы (напрыклад, малочны чартапалох).
Натуральна, калі хочаце мець здаровую пячонку, дык трэба не злоўжываць алькаголем, мэдыкамэнтамі, занадта тлустай ежай.
У наступным артыкуле пагаворым пра камяні ў жоўцевым пухіры: адкуль яны бяруцца, як прадухіліць іх узьнікненьне і што рабіць, калі яны ў вас ёсьць.