Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка звольніў намесьніка міністра па надзвычайных сытуацыях Дзьмітрыя Бегуна.
Як гаворыцца ў адпаведным указе ад 2 траўня — за правіны, якія дыскрэдытуюць званьне работніка органаў і падразьдзяленьняў па надзвычайных сытуацыях.
21 сакавіка Аляксандар Лукашэнка падчас размовы ў Магілёве з работнікамі прадпрыемстваў кампаніі «Кронаспан» пракамэнтаваў затрыманьне Дзьмітрыя Бегуна.
«Хабар браў. На месцы ўзялі ўсіх. Чаго крыўдзіцца на мяне? Усе аднолькавыя перад законам: і міністры, і намесьнікі міністраў. Сьвеціць восем гадоў мінімум. Дарабіць да генэральскай пасады, каб у турме правесьці час».
Паводле БелТА, Дзьмітры Бягун падазраецца ў атрыманьні хабару ад бізнэсоўца за ўвод у строй абʼекта з парушэньнем патрабаваньняў супрацьпажарнай бясьпекі.
Дзьмітры Бягун быў прызначаны намесьнікам міністра па надзвычайных сытуацыях у 2015 годзе. Раней ён займаў пасаду начальніка сталічнага ўпраўленьня МНС.