Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі судзяць журналіста за «лаянку», палітыка — за бела-чырвона-белы сьцяг


Яўген Меркіс
Яўген Меркіс

2 траўня ў Навабеліцкім судзе Гомлю мае разглядацца адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства (артыкул 17.1 КаАП) у дачыненьні да журналіста-фрылансэра, сябра БАЖ Яўгена Меркіса.

Міліцыянты затрымалі журналіста 30 красавіка, калі ён выйшаў з дому, і абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы. Пра сваё затрыманьне Яўген Меркіс пасьпеў даслаць сябрам SMS. Яго даставілі ў мясцовы РАУС, а пасьля і ў ізалятар часовага ўтрыманьня УУС Гомельскага аблвыканкаму.

Калегі мяркуюць, што лаянка тут ні пры чым, што гэта было прэвэнтыўнае затрыманьне, зьвязанае з тым, каб ня даць 1 траўня Яўгену весьці жывую трансьляцыю зь мітынгу, які ладзілі ў Гомлі актывісты партый «Зялёныя» і «Справядлівы сьвет».

Мітынг упершыню за апошнія трынаццаць гадоў быў дазволены гарвыканкамам на пляцоўцы каля ДК таварыства глухіх «Віпра». У сакавіку-красавіку за стрым акцыяў пратэсту «недармаедаў» у Рагачове, Магілёве і Пінску Меркіса двойчы штрафавалі — агулам на 70 базавых велічыняў, што складае 1610 рублёў. Абвінавацілі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ для польскага спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат» без акрэдытацыі ў беларускім МЗС.

Васіль Палякоў
Васіль Палякоў

У Чыгуначным раённым судзе Гомлю сёньня будуць судзіць і намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова, затрыманага 1 траўня пасьля мітынгу каля ДК «Віпра» за тое, што разгарнуў бела-чырвона-белы сьцяг. Цяпер Палякоў таксама знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

1 траўня на пераходзе вуліцы Юбілейнай міліцыя схапіла журналістку-фрылянсэрку Ларысу Шчыракову. Міліцэйская машына спынілася, зь яе выскачылі дужыя дзецюкі і павезьлі жанчыну ў Чыгуначны РАУС. Там супраць Шчыраковай склалі адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу 22.9 — за стрым дазволенага мітынгу — і адпусьцілі.

Ларыса Шчыракова
Ларыса Шчыракова

Затрымлівала міліцыя і Марыну Драбышэўскую, яшчэ адну журналістку-фрылянсэрку, якая супрацоўнічае зь незалежнай газэтай «Новы час».

«Ня ведаю, за што мяне затрымалі. Былі прэтэнзіі, што я супрацоўнічаю з тэлеканалам „Белсат“. Сказалі, што будуць разьбірацца, але ж пратакол паводле артыкулу 22.9 усё адно склалі», — паведаміла Свабодзе Драбышэўская.

Учора прэвэнтыўна былі затрыманы і адпушчаны зь міліцыі пасьля гутарак удзельнікі акцыяў пратэсту «недармаедаў» у Гомлі Андрэй Макараў, Барыс Анікееў і Віктар Рубцоў — на дазволены першатравеньскі мітынг яны не змаглі трапіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG