Замак быў стары i прыгожы. А экскурсаводка была маладой i прыгожай. У групе было больш мужчын, i мы меней глядзелi на прыгажосьцi замка, а больш заглядалiся на экскурсаводку. Яна заўважыла гэтыя позiркi. I падвяла нас да заiмшэлага калодзежа ва ўнутраным двары замка.
— Калi у гэты калодзеж паглядзiць лавэлас, то вада робiцца мутнай, пакрываецца цьвiльлю, а калi добры хлопец, вада будзе чысьцюткай як люстэрка! — сказала яна i дадала: — Паглядзiм, хто ёсьць хто?
У паўзмрочнай глыбiнi калодзежа ўсе ўбачылi зялёную цвiль. I толькi малады хлопец, якi апошнiм зазiрнуў у калодзеж, радасна ўсклiкнуў:
— Люстэрка!
І падмiргнуў дзяўчыне.
Марат Баскiн
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org