Моя Брэнан (Moya Brennan) паходзіць зь незвычайна музыкальнай ірляндзкай сям’і, з графства Донэгал на поўначы Ірляндыі.
У 1970 годзе Моя Брэнан (яна тады яшчэ пісалася Майрэ Брэнан — Maire Brennan) заснавала фолк-гурт «Clannad» разам з братамі Кіранам Брэнанам і Полам Брэнанам ды дваюраднымі дзядзькамі Ноэлем Дуганам і Патрыкам Дуганам. У пачатку 1980-х да гурту на некалькі гадоў далучылася сястра Моі, Энья (Enya), якая потым стала шырока вядомай як сольная сьпявачка.
Моя Брэнан сьпявае (па-ангельску і па-ірляндзку), грае на арфе і на клявішных. Аматары ірляндзкай/кельцкай музыкі па ўсім сьвеце ведаюць яе анёльскі голас, які ў першую чаргу заслужыў ён тытул «першай дамы кельцкай музыкі». Вось песьня «I Will Find You», якую гурт «Кланад» запісаў да фільму «Апошні з магіканаў» з 1992 году. Тут Моя сьпявае па-ангельску і на дзьвюх мовах індзейцаў Амэрыкі.
Цудоўна, праўда? Дарэчы, гэты якраз фільм, як па мне — найлепшая адаптацыя раману Дж. Ф. Купэра за ўсю гісторыю кіно.
У 1970-х Моя Брэнан з «Кланадам» сьпявала перш за ўсё ірляндзкі фолк. У 1980-х гурт пашырыў музычную палітру, пайшоўшы ў бок поп- і рок-музыкі ды нават (нью)джазу. Паслухайма Мою і Бона з «U2» у дуэце «In a Lifetime» з альбому «Macalla» (па-ірляндзку: рэха), які гурт «Кланад» запісаў у 1985 годзе:
У 1990-х Моя з «Кланадам» запісалі, на маю думку, найлепшыя альбомы ў гісторыі гурту: «Anam» (1990), «Banba» (1993), «Lore» (1996), «Landmarks» (1997). У якасьці ілюстрацыі прапаную паслухаць песьню «An Gleann» (па-ірляндзку: даліна) з альбому «Landmarks»:
Але 1990-я — адначасова росквіт сольнай музычнай кар’еры Моі Брэнан, якая ў гэтым дзесяцігодзьдзі запісала чатыры альбомы незвычайнай прыгажосьці і музычнай якасьці: «Máire» (1992), «Misty Eyed Adventures» (1994), «Perfect Time» (1998), «Whisper to the Wild Water» (1999). Калі вы ніколі ня чулі гэтых запісаў, дык вас чакае сапраўднае адкрыцьцё, паверце мне. Вось песьня «The Days of the Dancing» з альбому «Misty Eyed Adventures»:
І яшчэ адна, загалоўная з альбому «Perfect Time»: