Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзярждуму Расеі ўнесены закон, які забараняе карыстацца сацсеткамі дзецям да 14 гадоў


Дэпутат Дзярждумы Віталій Мілонаў
Дэпутат Дзярждумы Віталій Мілонаў

10 красавіка ў Дзяржаўную Думу Расеі быў унесены закон, распрацаваны Заканадаўчым сходам Ленінградскай вобласьці і падтрыманы дэпутатам Віталіем Мілонавым.

Згодна з законам, пры рэгістрацыі ў расейскіх сацсетках карыстальнікам давядзецца падаваць пашпартныя дадзеныя, а дзецям да 14 гадоў уваход у сацсэткі забароняць зусім, «незалежна ад грамадзянства».

Карыстальнікі таксама ня змогуць рэгістравацца ў сацсетках пад выдуманымі імёнамі, а распаўсюджваньне ў сацсетках скрыншотаў перапіскі без дазволу асобаў, якія ў ёй удзельнічалі, будзе забаронена.

На думку распрацоўшчыкаў законапраекту, увядзеньне забароны дапаможа справіцца зь непажаданым уплывам на падлеткаў, а таксама паменшыць колькасьць падлеткавых самагубстваў.

Прадстаўляючы закон, Мілонаў заявіў, што «неабходнасьць паказваньня пашпартных дадзеных для карыстаньні сацсеткамі дазволіць вырашыць праблему так званых фэйкавых старонак».

«Цяпер любы чалавек можа зарэгістравацца пад іншым імем, пры чым як пад выдуманым, так і пад імем каго-небудзь са знаёмых. На такой старонцы можна выкласьці фатаграфіі, напісаць паведамленьні, якія кампрамэтуюць асобу, якой нібыта належыць старонка. Па сутнасьці, ніякага мэханізму адказнасці за падобныя дзеяньні цяпер не прадугледжана. У сувязі з гэтым праектам і ўводзіцца палажэньне аб абавязковым падаваньні пашпартных дадзеных карыстальнікамі сацыяльных сетак», — растлумачыў дэпутат.

Хоць гэтага няма ў законе, Мілонаў ад сябе асабіста прапанаваў забараніць выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі для арганізацыі несанкцыянаваных мітынгаў і шэсьцяў, а таксама заявіў, што трэба забараніць сацсеткі ў бюджэтных арганізацыях.

Расейская дзяржаўная сацыялягічная служба ВЦИОМ апублікавала вынікі апытаньня, зь якіх вынікае, што расейцы ў цэлым ўхваляюць ідэю забараніць карыстацца сацыяльнымі сеткамі дзецям да 14 гадоў.

Пра сваю падтрымку ініцыятывы не пускаць у сацсеткі дзяцей і падлеткаў заявілі 62% апытаных расейцаў. Прычым аказалася, што гэтую ідэю больш падтрымлівае менавіта моладзь: сярод самай маладой узроставай групы апытаных (18–24 гады) доля тых, хто выступае за забарону, складае 67% — гэта больш, чым сярод 60-гадовых і старэйшых (60%).

Аўтары законапраекту распрацавалі яго пасьля рэзанансных публікацый аб гэтак званых «групах сьмерці», якія існуюць у сацсетках і нібыта правакуюць падлеткаў на самагубства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG