Цьвікевіч Аляксандар Іванаў. Нарадзіўся 22.06 (5.07).1883 г. у Берасьці. Забіты 30.12.1937 у Менску. Месца пахаваньня невядомае. Псэўданімы: А. Галынец, Аляксандр Незалежны.
Упершыню імя Аляксандра Цьвікевіча на старонках беларускага друку зьявілася 4.12.1908, калі ён — сын фэльчара чыгуначнай больніцы ў Берасьці, былы вучань тамтэйшай гімназіі — разам зь іншымі студэнтамі-беларусамі Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту вітаў газэту «Наша Ніва» і заявіў аб падрымцы тае працы, якую вядзе рэдакцыя.
Актыўным дзеячом беларускага руху ён стаў у часе І сусьветнай вайны. Апынуўшыся ў Туле, ён у 1915 узначаліў мясцовае аддзяленьне Камітэту дапамогі пацярпелым ад вайны. Калі 9.05.1917 на сходзе ў Маскоўскім унівэрсытэце, была заснавана Беларуская Народная Грамада, Цьвікевіч стаў адным з кіраўнікоў гэтай грамадзка-палітычнай, культурна-асьветнай і дабрачыннай арганізацыі.
У ліп. 1917 на Зьезьдзе беларускіх арганізацый і партый Цьвікевіч увайшоў у Цэнтральную Раду беларускіх арганізацый. У сьнеж. ён быў сакратаром Усебеларускага Зьезду і дакладчыкам аб стане гаспадаркі Беларусі. Абраны сябрам Рады. У літаратуры можна сустрэць цьверджаньне, што 1-шы пункт прынятай Зьездам пастановы аб самавызначэньні Беларусі і часовай краёвай уладзе — заслуга Цьвікевіча. Як пісаў М. Косьцевіч, менавіта Цьвікевіч і Я. Варонка 18.03.1918 пераканалі Менскую гарадзкую думу дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў у склад Выканаўчага Камітэту Рады Ўсебеларускага Зьезду.
Так сталася, што Цьвікевіч больш працаваў як дыплямат. Ужо ў студз. 1918 Выканкам Рады Ўсебеларускага Зьезду накіраваў яго, С. Рака-Міхайлоўскага ды І. Сераду ў Берасьце, дзе ў той час ішлі мірныя перамовы паміж Нямеччынай ды яе саюзнікамі і бальшавіцкім урадам Расеі. 25.03.1918 Народны Сакратырыят накіраваў яго ў Кіеў старшынём дэлегацыі ў справах зьнешніх перамоваў. Яму належала весьці перамовы аб прызнаньні БНР Украінай, аб беларуска-ўкраінскай мяжы, наладжваць кантакты з дыпляматычнымі місіямі ў Кіеве. У чэрв. 1918 ён прызначаны старшынём Надзвычайнай місіі БНР дзеля вядзеньня перамоваў ў бальшавіцкім урадам. Аднак у Маскве яго арыштвалі. І толькі пасьля заступніцтва А. Бурбіса ды Я. Няцецкага ён выйшаў на свабоду.
22.11.1918 Рада БНР прызначыла Цьвікевіча міністрам юстыцыі ў кабінэце А. Луцкевіча, але праз кароткі час яму давялося вярнуцца ў Кіеў, дзе ён працаваў як паўнамоцны прадстаўнік Рады Народных Міністраў БНР і вёў працу дзеля кансалідацыі беларускай дыяспары ва Ўкраіне.
21.03.1919 Урад БНР прыняў рашэнне паслаць А. Луцкевіча і Цьвікевіча ў якасьці дэлегатаў на мірную канфэрэнцыю ў Парыж. Тым часам востра стаяла пытаньне аб фінансах. Калі пасьля звароту Луцкевіча да райхспрэзыдэнта Ф. Эбэрта нямецкія ўлады адмовіліся выдаць Ураду БНР сродкі, выдзеленыя яму Ўкраінай, Цьвікевіч праз Прагу накіраваўся ў Вену, дзе захоўвалася другая частка ўкраінскай пазыкі. Свой візыт у Прагу ён выкарыстаў дзеля наладжваньня кантактаў паміж БНР і Чэхаславаччынай, а таксама жыцьця беларускай дыяспары ў чэскай сталіцы.
Як вядома, 13.12.1919 быў утвораны паралельны Ўрад БНР на чале з В. Ластоўскім. Зноў прызначаны міністрам юстыцыі, Цьвікевіч перш адмаўляўся працаваць у гэтым кабінэце. 20.01.1920 яго прызначылі паслом БНР у Латвіі, аднак у Рыгу ён ня выехаў. У сярэдзіне лют. 1920 А. Ладноў патрабаваў камандзіраваць Цьвікевіча, які ў той час знаходзіўся ў Бэрліне, у Парыж, аднак ён па-ранейшаму заставаўся ў нямецкай сталіцы. 1.06.1920 Ластоўскі патрабаваў, каб Цьвікевіч выехаў нарэшце ў Рыгу, аднак ён прыехаў у сталіцу Латвіі толькі ў верас.
У тым часе ў Рызе пачаліся перамовы аб заключэньні прэлімінарнай мірнай дамовы паміж Польшчай і бальшавікамі. 28.09.1920 Цьвікевіча ўключылі ў склад паўнамоцнай дэлегацыі БНР па заключэньні ўмоваў прэлімінарыяў, якой належала адстойваць інтарэсы Беларусі.
У сувязі з тым, што ў жн. 1920 Латвія заключыла мірную дамову з Расеяй, Ураду БНР стала немагчыма працаваць у Рызе. Цьвікевіч быў сярод тых, хто рыхтаваў, а 11.11.1920 падпісаў дамову паміж БНР і Літвой аб узаемным прызнаньні. Неўзабаве Ўрад БНР пераехаў ў сталіцу Літвы — Коўна. У тр. 1921 Цьвікевіч выяжджаў у Брусэль, дзе праходзіла польска-літоўская канфэрэнцыя аб вырашэньні Віленскага пытаньня, ён жа склаў беларускі мэмарандум на імя старшыні канфэрэнцыі.
7.06.1921 Цьвікевіч быў прызначаны міністрам міжнародных справаў БНР. У гэтай якасьці ён разам з Ластоўскім выяжджаў на міжнародную канфэрэнцыю ў Генуі (крас.—тр. 1922), дзе яны ставілі пытаньні аб міжнародным прызнаньні незалежнасьці БНР, аб пераглядзе Рыскай мірнай дамовы 18.03.1921 і аб кампэнсацыі стратаў, панесеных Беларусьсю ў часе І сусьветнай вайны. З прычыны супраціву савецкай дэлегацыі беларускае пытаньне ў парадак дня канфэрэнцыі пастаўлена не было. Спадзеючыся на падтрымку Літвы, Ластоўскі і Цьвікевіч падалі старшыні канфэрэнцыі ноту, у якой прызналі права Літвы на Віленскі край і частку Горадзеншчыны, што прывяло (20.05) да адстаўкі кабінэту Ластоўскага.
Пасьля працяглага крызісу 11.10 была ўтворана Дзяржаўная Калегія БНР. Цьвікевіч і Ластоўскі ўвайшлі ў яе склад. Аднак 20.04.1923 Ластоўскі, які апынуўся ў меншасьці, падаў у адстаўку. Чарговы крызіс завяршыўся 24.08.1923, калі на пасаду старшыні Рады Міністраў быў прызначаны Цьвікевіч.
Старшыня беларускага нацыянальнага ўраду, як называла газэта «Савецкая Беларусь» Цьвікевіча ў 1924, апынуўся ў складанай сытуацыі. Яго прызначэньне на пасаду прызналі толькі 2 з 5 сябраў Прэзыдыуму Рады БНР. Супраць Цьвікевіча выступіла Бюро Цэнтральнага Камітэту партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, да якой ён належаў. Само сабой, аб неправамоцнасьці кабінэту Цьвікевча заявіў Ластоўскі з К. Дуж-Душэўскім. У дадатак ускладніліся адносіны з Літвою. У лістап. 1923 Урад БНР мусіў пакінуць Коўна і пераехаць у Прагу.
А тым часам у ССРБ бальшавікі праводзілі палітыку г. зв. беларусізацыі і каранізацыі, адной з мэтаў якой было разлажэньне палітычнай эміграцыі. На настроі эміграцыі паўплывала і тое, што ў 1924 Расея вярнула ў склад Беларусі частку ўсходніх земляў. Апроч таго, эміграцыю «апрацоўвала» савецкая агентура. І Цьвікевіч, які ў верас. 1921 старшыняваў на І Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі, што адбылася ў Празе і пацьвердзіла прынцып незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі, а адзіным органам дзяржаўнай улады Беларусі прызнала Раду БНР, пачаў думаць пра пераезд у ССРБ. Дзеля гэтага патрабавалася прызнаць Менск цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі і перадаць менскаму ўраду паўнамоцтвы Ўраду БНР.
Перад тым, як ІІ Усебеларуская палітычная канфэрэнцыя (Бэрлін, 12–16.10.1925) прызнала Менск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня, пад старшынствам Цьвікевіча адбылося пасяджэнне Рады Міністраў БНР, якое абвясьціла Ўрад БНР «зьліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасьць». Другая пастанова Ўраду БНР («спыніць існаваньне Ўраду БНР і прызнаць Менск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі») ужо ня мела юрыдычнай сілы, бо прымалі яе прыватныя асобы. І як прыватныя асобы былыя сябры Ўраду БНР прысутнічалі на апошніх пасяджэньнях канфэрэнцыі, на якіх Менск яшчэ раз прызналі «адзіным цэнтрам». Галоўнае ж тое, што савецкія прадстаўнікі, якія прыехалі ў Бэрлін «для прыйма мандатаў БНР», іх не атрымалі, бо пастанова аб перадачы паўнамоцтваў ад Ураду БНР да Ўраду ССРБ так і не была прынятая.
У БССР Цьвікевіч працаваў у Таварыстве культурных сувязяў з замежжам і ў Беларускім таварыстве Чырвонага Крыжа, але асноўным месцам яго працы быў Інстытут беларускае культуры, дзе зь вясны 1926 ён быў вучоным сакратаром. У гэтым часе ён рыхтуе да друку сваю галоўную працу — «Западноруссизм: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в.». Як і кніга «Адраджэньне Беларусі і Польшча» (1921), як і манаграфія «Пагляд П. Бяссонава на беларускую справу» (1922), як і брашура «Вялікае апрашчэньне ці вялікае ўдасканаленьне» (1926), як і артыкулы «Усе дарогі вядуць у Беларусь», «Чатыры гады. 1918 — 25.ІІІ.1922», «Да пытаньня аб незалежнасьці», «Незалежнасьць — як праграма сённяшняга дня», як і эсэ «Аб аргумэнтах ад розуму і аргумэнтах ад сэрца», «Западноруссизм» сьведчыць, што ў асобе Цьвікевіча мы маем выдатнага палітычнага мысьляра, што бальшавікі недарэмна называлі яго ідэолягам беларускага нацыянал-дэмакратызму.
Як і іншыя публікацыі Цьвікевіча, адразу пасьля выхаду ў сьвет (1929) «Западноруссизм» быў забаронены для распаўсюду, а яго тыраж канфіскаваны. А 14.07.1930 «органы» арыштавалі аўтара кнігі. Як і іншых фігурантаў у справе г. зв. Саюзу вызваленьня Беларусі Цьвікевіч атрымаў 5 гадоў ссылкі. У 1935 яму паўторна прысудзілі ссылку. У 1937 яго даставілі ў Менск. У адной камеры зь ім сяделі пісьменьнікі В. Хомчанка і М. Сяднёў. Хомчанка сьведчыў, што Цьвікевіч быў суаўтарам канфіскаванага І тому «Гісторыі Беларусі», што як гісторык ён працягваў пісаць і ў ссылцы і што напісанае ім было арыштавана.
Лёс Цьвікевіча быў вызначаны 17.12.1937.