Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сто слусілась


Сяргей Дубавец. Здымак Алеся Лагвінца
Сяргей Дубавец. Здымак Алеся Лагвінца

На Кубе мы сустрэлі Юру, які калісьці даўно вучыўся ў Саюзе. Юра гаворыць па-расейску з акцэнтам. І адказ на кожнае наша пытаньне пачынаў словамі «сто слусілась». Гэта значыць, зараз я вам раслумачу.

– Юра, а чаму гэтая бульба такая непрыгожая? – Сто слусілась… Насамрэч яна самая смачная. – Юра, а дзе ў Трынідадзе інтэрнэт? – Сто слусілась… Толькі на плошчы каля пошты. – Юра, а дзе ты вучыўся ў Саюзе? – Сто слусілась… У Таганрогу.

Кубінскага Юру я згадваю цяпер, калі чытаю і слухаю тлумачэньні апазыцыйных палітыкаў пра тое, што адбылося 25 сакавіка. Дык сто слусілась, і ў каго ў якой кішэні ляжыць сёньня надзея?

Мікола Статкевіч выглядае, мякка кажучы, дзіўна. Быццам сцэнар усяго, што зь ім адбылося, пісаў сам благавесьнік беларускай апазыцыі Зянон Пазьняк. Мікола ў яго правакатар і поп Гапон… Пазьняк заўсёды прарочыць крахі, народу гэта падабаецца, і калі настае чарговы крах, усе кажуць – а Пазьняк папярэджваў!

Але справа зусім ня ў тым, што зь Міколам слусілась. Справа тут ад пачатку была ў халастым стрэле. Узяць на сябе адказнасьць за акцыю і за людзей і не зьявіцца «ў сілу абставін»… Навошта браць, калі ў цябе не пралічаныя сто варыянтаў разьвіцьця падзеяў? Як палітык Мікола аказаўся пустасловам. А ўсю надзею зноў зваліў на Захад. Што трэба цяпер сказаць Міколу, каб яму хоць хто-небудзь паверыў? Набыты ў турме каласальны крэдыт даверу 25 сакавіка канчаткова растаў, нібы дым.

Надзею на Захад трымаюць у прыярытэце і правацэнтрысцкія палітыкі. Рэзалюцыя Эўрапарлямэнту, безумоўна, рэч важная. Прыблізна на дзясятым месцы ў сьпісе важных рэчаў, якіх мусілі б дамагацца апазыцыйныя палітыкі. Чаму яна ў іх на першым? Думаю, таму, што яны цалкам страцілі арыентацыю на вынік. За дваццаць гадоў усе больш-менш абжыліся ў гэтай крызіснай сытуацыі, і жывуць у тым ліку дзякуючы крызіснай сытуацыі. Як там у Лермантава? «И от желаний ты отвык».

Зноў усплыло гэтае гадкае слова «санкцыі». Сымулякр надзеі. Ну былі ўжо санкцыі. Толку – нуль. Сымулянкцыі. Ад гаварэньня пра санкцыі ў грамадзкай атмасфэры на гады ўсталёўваецца дух паныласьці і поўнай безнадзёгі. Скажу банальнасьць – ніхто тут нічога ня зьменіць бяз тых, хто тут. Таму санкцыі ў Беларусі могуць быць толькі беларускія. «Эўропа паднацісьне» – гэта заўсёды значыць адно – «мы перасядзім».

Хто так ня думае, хто не ўскладае надзеі на замежжа, хто мае рэалістычныя пляны, хто ўрэшце гаворыць як палітык, а не як змагар невядома якой вайны, – гэта Андрэй Дзьмітрыеў. Сто слусілась? Асабіста мяне тройчы не хвалюе, што ён «гэбэшная шасьцёрка». Пачытайце, што цяпер пішуць пра Валэнсу. Ды такіх прыкладаў шмат. Шкада хіба, што абструкцыяй Дзьмітрыева займаюцца ня самыя дурныя галовы ў Беларусі. Пры тым што альтэрнатывы ў іх няма.

Учора ў «Размове» Ўладзімера Мацкевіча на Белсаце зноў усплыў тэлевізійны выступ Дзьмітрыева пасьля Плошчы 2010. Але ў тым і рэч, што тады палітык Дзьмітрыеў, па-першае, патрапіў у такі пераплёт, дзе палітыкай і ня пахла, дзе рубіліся шахматнымі дошкамі. Па-другое, нікому і нічому, апроч яго самога, той выступ не пашкодзіў і пашкодзіць ня мог.

Мне думаецца, што ў сёньняшняй Беларусі ўвогуле ня той час і ня тая сытуацыя, дзе можна кагосьці называць «гэбэшнай шасьцёркай». А чаму той, хто называе, сам не «гэбэшная шасьцёрка»? Як даказаць? Толькі здабыткамі, якіх няма. І ці ня ў кожнага, хто засьвяціўся ў публічнай прасторы Беларусі за апошнія 20 гадоў, можна кінуць гэты камень? Ёсьць здабыткі ў людзей, якія працуюць у самых розных сфэрах жыцьця. Толькі ў апазыцыйных палітыкаў здабыткаў няма і пакуль не прадбачыцца.

Чытаю допісы Дзьмітрыева ў ФБ і шмат з чым пагаджаюся, і бачу надзею, якая сьпеліцца ня дзесьці, а тут, у Беларусі. Гэта «рабочыя» думкі, яны на парадак больш практычныя за тое, што кажуць іншыя лідэры.

«Канец супэргероя. Для мяне гэта галоўны вынік мінулых акцый. Няма таго, хто з паходняй і адказвае за ўсіх, вядзе нас празь цемру да сьвятла і ў адзіночку ратуе ўвесь сьвет. Мы ідзем самі». І далей – як усё мусіць быць.

Між іншым, напярэдадні 25-га, калі ўсе клікалі на плошчу, Дзьмітрыеў пісаў, што ўлада будзе «вяртаць шампанскае ў бутэльку» і адну за адной посьціў парады наконт бясьпекі людзей.

Ня маю намеру ідэалізаваць гэтага палітыка, але на тле іншых ён выглядае рэальна заклапочаным сытуацыяй у краіне і тым, як зь яе выйсьці. А хіба гэта ня тое, чаго мы чакаем ад палітыкаў?

Чаму нічога падобнага ня бачу ў Статкевіча, у Някляева, дзе шмат патасу і нейкі ардэнаносны проста рух «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі», у правацэнтрыстаў? Чаму ня бачу плянаў, ідэяў і проста думак, якія б давалі віды на перамены?

Падумайце самі – сто слусілась.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG